Азарава звольнілі з Пераходнага кабінету, але ён працягне працаваць з падполлем


Кіраўніца Абʼяднанага пераходнага кабінету Святлана Ціханоўская паведаміла аб вызваленні Аляксандра Азарава з пасады прадстаўніка па аднаўленні законнасці і правапарадку.

Аляксандр Азараў.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Разам з тым, Азараў працягне працаваць пры Кабінеце па плане «Перамога». Хто заменіць Азарава на пасадзе прадстаўніка па аднаўленні законнасці і правапарадку – пакуль невядома.

«Я прыняла рашэнне вызваліць Аляксандра Азарава ад пасады прадстаўніка Кабінета. Разам з тым я б хацела, каб Аляксандр Азараў працягнуў працу пры Кабінеце па плане «Перамога» – і каардынаваў супрацу з беларускім падполлем.

Такім чынам, пазіцыя прадстаўніка па аднаўленні законнасці і правапарадку становіцца вакантнай – і мы будзем шукаць адпаведную кандыдатуру. Узімку мы правядзём выбары ў Каардынацыйную Раду, каб яна стала сапраўдным прадстаўнічым органам беларусаў, які мае аўтарытэт і прадстаўляе інтарэсы беларусаў», – заявіла Святлана Ціханоўская ў фінале канферэнцыі «Новая Беларусь».

Аляксандр Азараў, каментуючы рашэнне, сказаў, што для яго фактычна нічога не змянілася:

«Я збіраюся далей працаваць. Я кіраўнік «ByPol», план «Перамога» застаўся ў нас. Я буду каардынатарам гэтага плану і падпольнага руху Беларусі пры Кабінеце. Фактычна ў маёй працы нічога не мяняецца».

У каментары «Белсату» ён адзначыў, што, хаця звальненне і крыўднае, пасада – не галоўнае для яго:

«Я гэта прымаю. У нас дэмакратыя. Каардынацыйная рада пастанавіла, Святлана Ціханоўская падтрымала гэтае рашэнне. Я сюды прыехаў не дзеля пасадаў, а дзеля барацьбы з рэжымам Лукашэнкі».

Рашэнне Каардынацыйнай рады

Раней Каардынацыйная рада ўзгадніла і рэкамендавала працягнуць мандаты пяці з шасці прадстаўнікоў Кабінету: Аліны Коўшык, Валерыя Сахашчыка, Вольгі Гарбуновай, Валера Кавалеўскага і Паўла Латушкі. «Белсат» расказваў, як праходзілі слуханні: дзень першы, другі, трэці, чацвёрты. Слуханні таксама трансляваліся ў жывым эфіры.

Вынікі галасавання наконт прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе аднаўлення правапарадку Аляксандра Азарава агучылі толькі падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» 6 жніўня ў Варшаве. Слуханні Азарава давялося перанесці на пазнейшы тэрмін праз ягоную незапланаваную паездку ў Кіеў, заслухаць яго здолелі толькі ранкам 5 жніўня, пасля Каардынацыйная рада ладзіла галасаванне цягам 24 гадзінаў.

Вынікі такія: за – 11, супраць – 35, устрымаліся 30. Каб было прынятае станоўчае рашэнне, неабходныя 53 галасы – палова плюс адзін дзейны чалец Каардынацыйнай рады. То бок кандыдатуры Азарава на пасадзе «чальцы КР не ўзгаднілі. Але гэтае рашэнне – рэкамендацыя Каардынацыйнай рады. Прызначае і здымае прадстаўнікоў Кабінету абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская, якая і ўтварыла АПК на мінулай канферэнцыі «Новая Беларусь» 9 жніўня 2022 года.

Прэтэнзіі да Азарава былі звязаныя з расколам у арганізацыі былых сілавікоў «ByPol» (сам Азараў настойвае, што гэта не раскол, а «сабатаж» былых калегаў, якія адмовіліся праходзіць паліграф – «дэтэктар хлусні»). З «ByPol» сышла частка работнікаў, якая ўтварыла «BelPol» і абвінаваціла Азарава ў нявыплаце заробкаў. Каардынацыйная рада ўзялася разбіраць канфлікт, мае завяршыць аўдыт да 20 жніўня.

Hавiны
Азараў: Раскол у BYPOL быў праз супольную аперацыю з СБУ і надта жорсткі паліграф украінцаў
2023.07.27 18:40

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў