Каардынацыйная рада працягнула слуханні Пераходнага кабінету. Слухалі Гарбунову і Кавалеўскага


Слуханні прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінету пачаліся ў Варшаве 2 жніўня і працягнуліся 3 жніўня. Каардынацыйная рада хоча пачуць справаздачы ўсяго Кабінету. Цяпер выступаюць Вольга Гарбунова і Валер Кавалеўскі.

Вольга Гарбунова
Вольга Гарбунова падчас грамадскіх слуханняў прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінету ў Каардынацыйнай радзе Беларусі. Варшава, Польшча. 3 жніўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

2 жніўня перад Каардынацыйнай радай выступалі прадстаўнікі ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык і ў справе абароны Валерый Сахашчык. Па выніках іхных дакладаў Каардынацыйная рада распачала галасаванне, вынікі якога стануць вядомыя, меркавана, 6 жніўня – і па гэтых выніках Каардынацыйная рада можа рэкамендаваць ці не рэкамендаваць абранай прэзідэнтцы Святлане Ціханоўскай працягнуць мандаты прадстаўнікоў. Мы расказвалі, навошта ладзяцца такія слуханні і пра што размаўлялі з Коўшык і Сахашчыкам.

Hавiны
Каардынацыйная рада пачала слуханні прадстаўнікоў кабінету Ціханоўскай
2023.08.02 20:01

3 жніўня выступала прадстаўніца ў сацыяльныз справах Вольга Гарбунова  і прадстаўнік у замежных справах Валер Кавалеўскі.

Планаваліся таксама слуханні прадстаўнікоў у справе транзіту ўлады Паўла Латушкі і ў справе аднаўлення правапарадку Аляксандра Азарава, ды праз незапланаваную паездку ў Кіеў гэтыя дзеячы не змаглі выступіць у прызначаныя даты, аб новых датах і фармаце справаздачаў трываюць перамовы. Слуханні Латушкі чакаюцца 4 жніўня а 16-й гадзіне паводле варшаўскага часу.

Сябра Каардынацыйнай рады Ян Рудзік прапанаваў выставіць вотум недаверу ўсяму Кабінету, але гэтую прапанову не падтрымалі.

Трансляцыю слуханняў у жывым эфіры ладзяць на YouTube:

Пра што размаўлялі з Гарбуновай

Вольга Гарбунова расказала, што ейную працу можна падзяліць на два асноўныя напрамкі: адзін – палітвязні, іхнае вызваленне і дапамога ім, яшчэ адзін – падтрыманне іншых уразлівых групаў людзей. Яна тлумачыла, што цяперашнія працэсы ў Беларусі «набліжаюць сацыяльную сферу да катастрофы»: справа не толькі ў палітвязнях, а і ў эміграцыі ды звальненні спецыялістаў, росце хваробаў праз звальненні і ад’езд медыкаў, рост гендарнага і хатняга гвалту на фоне росту гвалту дзяржаўнага… На дадатак да гэтага з’явіліся ўдзельнікі вайны ва Украіне, якім таксама патрэбная дапамога і рэабілітацыя. Патрэбы ў дапамозе павялічваюцца, а магчымасці скарачаюцца.

Спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў яшчэ перад выступам Гарбуновай згадаў аб нядаўнім марафоне «Нам не ўсё адно», на якім на дапамогу палітвязням сабралі звыш паўмільёна еўраў. Аднак Гарбунова прызнала, што гэтага мала: для паўнавартаснай падтрымкі такая сума патрэбная штомесяц. Яна нагадала, што палітвязняў, паводле супольнасці «DissidentBy», у Беларусі цяпер 1725 чалавек (гэта больш, чым у спісе «Вясны», і Гарбунова хоча дамагчыся пашырэння крытэраў асобных праваабарончых установаў), а яшчэ звыш тысячы чалавек перажылі палітычнае зняволенне, многія па вызваленні адчуваюць сябе кінутымі. Вядомыя лічбы – гэта «верхавіна айсбергу», дадала яна.

Вольга Гарбунова
Вольга Гарбунова падчас грамадскіх слуханняў прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета у Каардынацыйнай радзе Беларусі. Варшава, Польшча. 3 жніўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Гарбунова згадала аб стварэнні з ейнай ініцыятывы супольнасці былых палітвязняў, якая перарасла ў Асацыяцыю былых палітвязняў. Яна таксама анансавала запуск платформы дапамогі палітвязням, іхным сем’ям і іншым уразлівым групам у рэжыме «адно акно» – на гэта ўжо знайшлі фінансаванне, запуск рыхтуецца. Да арганізацыяў у выгнанні, адзначыла яна, звяртаецца мала людзей, якія жывуць у Беларусі. Служба не плануе надаваць наўпроставую дапамогу, а толькі кансультаваць у пытанні, куды звяртацца і якую дапамогу можна атрымаць.

Разам з офісам Ціханоўскай распрацавалі таксама канцэпцыю рэабілітацыі вызваленых ахвяраў рэпрэсіяў, яе абяцаюць неўзабаве прэзентаваць. Стварылі таксама працоўную групу для аналізу сацыяльнага заканадаўства. А ініцыятыва аб агульным траставым фондзе дапамогі палітвязням (які мог бы прыцягваць ужо не прыватныя данаты і малыя гранты, а буйное міжнароднае падтрыманне) пакуль «замарожаная», бо бракуе рэсурсаў і спецыялістаў, гатовых на сталай аснове гэтым заняцца.

У справе вызвалення палітвязняў, расказала Гарбунова, ідзе праца на міжнародным узроўні з партнёрамі са Злучаных Штатаў, Еўразвязу, іншых краінаў і міжнародных арганізацыяў, вядзецца пошук кантактаў з прадстаўнікамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Сабралі звесткі аб 26 арганізацыях, якія дапамагаюць палітвязням, і з амаль усімі наладзілі супрацу. Правялі даследаванне аб тым, як у Беларусі і іншых дыктатарскіх краінах вызвалялі палітвязняў. Склалі «гуманітарны спіс» з 208 чалавек, вызвалення якіх патрабуюць у першую чаргу, бо тыя літаральна паміраюць у турмах: пажылых, хворых, людзей з інваліднасцю, а таксама няпоўнагадовых, бацькоў шматдзетных сем’яў… З гэтага спісу ўжо памерлі за кратамі два чалавекі, Мікалай Клімовіч і Алесь Пушкін. Сігналаў аб гатовасці рэжыму да перамоваў ці вызвалення хаця б часткі вязняў няма.

Вольга Гарбунова
Вольга Гарбунова падчас грамадскіх слуханняў прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета у Каардынацыйнай радзе Беларусі. Варшава, Польшча. 3 жніўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Пакуль, прызнала Гарбунова, не ўдалося стварыць адзіную для ўсіх дэмакратычных сілаў стратэгію вызвалення палітвязняў – розныя сілы маюць рознае бачанне стратэгіі, патрэбы ў перамовах з дзейнымі ўладамі. Гарбунова заклікала вылучыць гэтую тэму з агульнай стратэгіі, шукаць пад яе фінансавыя і чалавечыя рэсурсы, яднацца і не марнаваць час на спрэчкі. Гарбунова таксама раскрытыкавала частку грамадства за асуджэнне тых зняволеных, якія пішуць прашэнне аб памілаванне, і яна нават думала, ці не запусціць кампанію для напісання ўсімі палітвязнямі прашэнняў аб памілаваннях, каб не «гнабілі» тых, хто вымушаны іх пісаць праз пагрозу жыццю.

Гарбунова апраўдвалася, што працуе прадстаўніцай у Кабінеце толькі сем месяцаў, з іх тры працавала адна. Цяпер у ейнай камандзе 8 чалавек: ухваленая Кабінетам намесніца і 7 валанцёраў і валанцёрак. На гэтую каманду ўдалося прыцягнуць пакуль толькі 20 тысяч еўраў.

«Я бачу Беларусь, у якой грамадзяне будуць хацець рэалізоўвацца, укладвацца ў змены, гадаваць дзяцей, не будуць баяцца старэць і хварэць. Гэта тая Беларусь, у якой гвалт над блізкімі не будзе лічыцца нормаю, дзе не будзе дыскрымінацыі, дзе людзі не будуць баяцца быць сабою», – казала Гарбунова.

Яна дадала, што цяпер ніхто не ведае, што менавіта спрацуе, каб беларусы маглі вярнуцца дамоў і збудаваць такую краіну, але вядома, што гэтага можна дамагчыся толькі супольнымі высілкамі.

Пра што размаўлялі з Кавалеўскім

Ягораў адзначыў, што ў «Народным апытанні» перад слуханнямі дзейнасць прадстаўніка па міжнародных адносінах ацанілі найлепш з усяго Кабінету. Кавалеўскі адзначыў, што кожны прадстаўнік Кабінету вядзе міжнародную працу, яе таксама вядзе і Каардынацыйная рада, з якой у Кабінету па гэтым напрамку добра наладжаная супраца.

Валер Кавалеўскі
Валер Кавалеўскі падчас грамадскіх слуханняў прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета у Каардынацыйнай радзе Беларусі. Варшава, Польшча. 3 жніўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Кавалеўскі расказаў пра дзясяткі візітаў і міжнародных сустрэчаў за мінулы год, пра прыярытэт у адносінах з Захадам, краінамі Еўразвязу і ЗША, пра працу над прыняццем Еўрапарламенту і Кангрэсам ЗША ўсёабдымнай рэзалюцыі па Беларусі і 5-й рэдакцыяй Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, пра паразу Лукашэнкі на выбарах у Раду бяспекі ААН і пра наўпроставай давядзенне да Рады бяспекі ААН пазіцыі Ціханоўскай аб ядравай зброі ў Беларусі і іншыя выступы Ціханоўскай і прадстаўнікоў ейных Офісу і Кабінету.

Распрацаваны таксама план дзеянняў па кроках на міжнароднай арэне ў абароне незалежнасці Беларусі, падрыхтаваныя падыходы да перагляду стасункаў з Расеяй, «геапалітычнага развароту» ад яе, бо Расея, як казаў Кавалеўскі, хоча знішчыць незалежнасць Беларусі. Вывядзенне расейскіх войскаў будзе толькі пачаткам толькі пачаткам працэсу перабудовы стасункаў з Расеяй, дадаў ён.

«Ёсць прагрэс» у адносінах з Украінай, дадаў Кавалеўскі: трывае супраца з украінскімі дыпламатамі, развіваецца праца з экспертным супольнасцямі, прайшоў беларуска-украінскі форум імя Астрожскіх, рыхтуецца перазапуск дзейнасці прадстаўніцтва Офісу Ціханоўскай у Кіеве. Ад пачатку поўнамаштабная вайны намаганнямі Офісу і Кабінету перадалі дапамогу беларускім ваярам ва Украіне (у тым ліку палку Каліноўскага) на суму звыш 200 тысяч еўра, заявіў Кавалеўскі.

Займаюцца і міграцыйнымі пытаннямі, і заблакаванымі банкаўскімі рахункамі, але «ёсць запаволенні» ў рашэнні гэтых праблем. Дэмакратычныя сілы распрацавалі дарожную мапу ў паляпшэнні стасункаў з Украінай, перадалі яго ва Украіну на «розныя ўзроўні, у тым ліку прадстаўнікам Офісу прэзідэнта». Але, адзначыў Кавалеўскі, беларусы назіраюць, што гандаль між Беларуссю і Украінай не спыніўся цалкам, і маюць асцярогі, што пасля перамогі Украіны ў вайне тая можа аднавіць даваенныя адносіны з рэжымам Лукашэнкі.

Многія беларусы прасілі стварыць «альтэрнатыўны пашпарт Новай Беларусі» (для тых, у каго скончыўся ці сапсаваны пашпарт РБ, гэта можа стаць праязным дакументам), нагадаў Кавалеўскі, і паведаміў, што ў гэтай справе ёсць прагрэс. Ужо распрацаваны віртуальны ўзор гэтага дакументу (з удзелам геральдычнай камісіі), а ад Еўракамісіі ёсць запэўненні, што гэты ўзор адпавядае стандартам і можа быць прапанаваны да прызнання краінамі Еўразвязу – а такое прызнанне ўжо дазволіць дамагацца прызнання пашпарту іншымі краінамі. Пра праект Кавалеўскі абяцаў расказаць падрабязней на канферэнцыі «Новая Беларусь» 6 жніўня, а фізічны ўзор пашпарту для рассылкі еўрапейскім партнёрам могуць зрабіць у снежні.

Ідуць справы ў пытанні легалізацыі беларусаў за мяжою: Кавалеўскі згадаў, як неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне была створаная працоўная група ў справах легалізацыі з уладамі Польшчы, нядаўна падобная запрацавала і з уладамі Літвы. З Еўракамісіяй ідуць таксама перамовы пра візы для сваякоў палітвязняў і тых, хто не можа вярнуцца ў Беларусь. Але шэраг дасягненняў у гэтай сферы можна апісаць фразай «дамагліся, каб не стала горш».

Валер Кавалеўскі
Валер Кавалеўскі падчас грамадскіх слуханняў прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета у Каардынацыйнай радзе Беларусі. Варшава, Польшча. 3 жніўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Адно з пытанняў Кавалеўскаму тычылася краінаў Азіі. З імі па-рознаму: з Японіяй і з Паўднёвай Карэяй добрыя ўзаемаадносіны праз ААН, казаў Кавалеўскі, а з Кітаем спробы выйсці на сувязь «не прывялі да выразных кантактаў», хоць бачная незадаволенасць Кітаю Лукашэнкам і ахаладжэнне іхных адносінаў. Пыталі і пра дэмакратычныя сілы ў Расеі – Кавалеўскі адказаў, што не чуў ад іх выразнай пазіцыі ў геапалітыцы, гатовасць адмовіцца ад імперыялізму.

Дэмакратычныя сілы, прызнаў Кавалеўскі, пакуль не маюць гатовай стратэгіі або канцэпцыі еўрапейскай перспектывы для Беларусі, але неўзабаве збіраюцца пачаць працу над такім дакументам. На пытанне аб тым, што значыць «еўрапейская перспектыва», Кавалеўскі адказаў: гэта «натуральны выбар» для Беларусі і адказ на пытанне, як беларуская дзяржава можа выжыць пры суседстве з Расеяй.

Кавалеўскі расказаў і пра праблемы з замежнымі партнёрамі. Ён прывёў у прыклад уведзеныя ў дзень слуханняў санкцыі Еўразвязу: пытанне аб менавіта такіх санкцыях падымалі ўжо вельмі даўно, «відавочныя рашэнні прымаюцца цяжка і складана». Кавалеўскі хоча дамагчыся, каб краіны Захаду прынялі зразумелую стратэгію адносна Беларусі: ёсць, з аднаго боку, нязменная кансалідацыя пазіцыі, але з другога боку, няма выразнай палітыкі па гэтай пазіцыі, як то па тым, каб спыніць расейскае ўмяшальніцтва ў беларускія справы.

Беларуска-расейскія адносіны на Захадзе, наракае Кавалеўскі, разглядаюцца па-ранейшаму як звычайныя двухбаковыя, у якія не варта ўмешвацца, і партнёры не гатовыя карыстацца азначэннямі кшталту «мяккая анексія» (тым больш – «акупацыя»). Разам з тым Беларусь, таксама як Украіна, заслугоўвае неабходную падтрымку міжнароднай супольнасці ў абароне суверэнітэту, заявіў Кавалеўскі.

Акрамя таго, адсутнасць рэсурсаў у Кабінету не дазволіла выбудаваць паўнавартасную каманду – «застаецца значны патэнцыял для больш эфектыўнай камунікацыі», узнікае пытанне фінансавання міжнароднай дзейнасці самімі беларусамі. Спачатку Кабінет ускладаў фінансавае пытанне на прадстаўніцу па фінансах, але гэта «не спрацавала», заняла колькі часу, і дагэтуль Кабінет не навучыўся працаваць з беларускім бізнесам за мяжою. Сам Кавалеўскі расказаў, што мае ў камандзе толькі трох чалавек, а для эфектыўнай працы трэба было б 10 (з іх па тры ў Бруселі, Кіеве і пры Кабінеце). Структурныя пытанні бюджэту і каманды пакуль не вырашаныя.

Рэпартаж
Сахашчык: Беларусы ва Украіне стварылі ІТ-падраздзяленне з амаль тысячы чалавек
2023.08.03 08:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў