Каардынацыйная рада пачала слуханні прадстаўнікоў кабінету Ціханоўскай


Каардынацыйная рада ў пачатку жніўня ладзіць слуханні чальцоў Аб’яднанага пераходнага кабінету. 2 жніўня прайшлі слуханні прадстаўніцы па нацыянальным адраджэнні Аліны Коўшык і прадстаўніка па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерыя Сахашчыка.

Грамадскія слуханні прадстаўнікоў АПК у Варшаве
Валер Сахашчык слухае пытанне Віталя Рымашэўскага падчас грамадскіх слуханняў прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінету ў Каардынацыйнай радзе Беларусі. 2 жніўня 2023 года. Варшава, Польшча.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

У сістэме, што стварылі праціўнікі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, гэтыя слуханні – нешта падобнае да справаздачы ўраду перад парламентам. Выбраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская 9 жніўня 2022 года стварыла Аб’яднаны пераходны кабінет, гэткі «ўрад у выгнанні» з прадстаўнікамі, адказнымі за пэўныя напрамкі. Каардынацыйная рада, утвораная яшчэ ў першы тыдзень па выбарах-2020, сёлета рэфармавалася і пашырыла склад, цяпер падобная да «прота-парламенту» арганізацыяў і актывістаў дэмакратычнага руху.

Па выніках слуханняў Каардынацыйная рада можа як парэкамендаваць зацвердзіць чальцоў Кабінету, так і рэкамендаваць адхіліць іх ад пасады па выніках дзейнасці за год са стварэння Кабінету. Галасаванне па кожнай кандыдатуры будзе трываць па 24 гадзіны пасля выступу. Вынікі чакаюць 6 жніўня ці нават раней.

2 жніўня Каардынацыйная рада заслухала «міністарку культуры» – прадстаўніцу ў пытаннях нацыянальнага адраджэння Аліну Коўшык – і «міністра абароны», прадстаўніка ў пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Валерыя Сахашчыка.

Наступныя слуханні такія: днём 3 жніўня – прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова, вечарам 3 жніўня – прадстаўнік па замежных справах Валер Кавалеўскі.

У наступныя дні пройдуць слуханні прадстаўніка па транзіце ўлады Паўла Латушкі і прадстаўніка па аднаўленні правапарадку Аляксандра Азарава.  Дакладныя даты яшчэ не вызначылі: Азараў і Латушка былі ў незапланаванай паездцы ў Кіеў, не паспелі вярнуцца на слуханні ў запланаваныя даты, а фармат слуханняў не прадугледжвае онлайн-удзелу – таму ім прапанавалі вызначыць іншыя даты.

Слуханні праводзяцца перад чарговай канферэнцыяй «Новая Беларусь». Летась на такой канферэнцыі Ціханоўская і абвясціла, што стварае Кабінет. Сёлета канферэнцыя пройдзе 6 жніўня ў Варшаве.

Слуханні транслявалі ўжывую на Youtube:

Навошта гэтыя слуханні

Калі Ціханоўская толькі стварала Кабінет, яна казала, што хацела б, каб яго склад зацвярджала Каардынацыйная рада. Так бывае ў мностве дэмакратычных краінаў: заканадаўчая галіна ўлады зацвярджае або прызначае выканаўчую ўладу.

Спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў ва ўступным слове сказаў, што слуханні – знакавая падзея, бо ўнутраная дэмакратыя, публічная і добраахвотная, не менш важная за тую агульную дэмакратыю, да якой імкнуцца праціўнікі Лукашэнкі. Групы дэлегатаў, адказныя за слуханні, складаліся з прадстаўнікоў усіх фракцыяў Рады, адзначыў ён. 

Грамадскія слуханні прадстаўнікоў АПК у Варшаве
Спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў падчас грамадскіх слуханняў прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінету ў Варшаве. 2 жніўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Задача слуханняў – не толькі ацаніць дзейнасць прадстаўнікоў Кабінету, але і даць рэкамендацыі Кабінету ў дасягненні заяўленых мэтаў, казаў Ягораў.

Мэты, якія дэкларуе Кабінет, такія: абараняць незалежнасць і суверэнітэт Беларусі, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі, ажыццявіць фактычную дэакупацыю Беларусі, аднавіць канстытуцыйную законнасць і правапарадак, распрацаваць і рэалізаваць захады ў спыненні незаконнага ўтрымання ўлады, забяспечыць транзіт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзення свабодных і сумленных выбараў, распрацаваць і выконваць рашэнні дзеля дэмакратычных пераменаў у Беларусі. У выніку руху да гэтых мэтаў павінны быць вызваленыя палітычныя зняволеныя.

Асобна Ягораў адзначыў, што слуханні адбываюцца на тле гібелі беларускіх ваяроў, якія змагаюцца на баку Украіны. Іх памяць ушанавалі хвілінай маўчання.

Пра што размаўлялі з Коўшык

Да дзейнасці прадстаўніцы ў нацыянальным адраджэнні збольшага не выказвалі прэтэнзіяў, а абмяркоўвалі глабальныя пытанні (напрыклад, як будаваць працу ў нацыянальным адраджэнні Беларусі, калі знаходзішся за межамі Беларусі – Коўшык упэўненая, што беларуская культура цяпер фактычна ствараецца за межамі краіны) і канкрэтныя праблемы ў галінах культуры і адукацыі.

Грамадскія слуханні прадстаўнікоў АПК у Варшаве
Аліна Коўшык адказвае на пытанні чальцоў Каардынацыйнай рады падчас грамадскіх слуханняў прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета Варшаве. 2 жніўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

«Лічу, што нацыянальнае адраджэнне ў гэты гістарычны момант з’яўляецца нашай галоўнай задачай і місіяй, без якой немагчымая рэалізацыя іншых палітычных мэтаў», – казала Коўшык.

Паводле яе, «глыбокая антынацыянальная палітыка» рэжыму Лукашэнкі і агрэсіўная экспансія ідэалогіі «рускага міру» скіраваныя на вынішчэнне беларускага народу. Таму галоўная задача – стварыць умовы для свабоднага прадуктыўнага развіцця беларускай культуры з захаваннем уласных традыцыяў і культурнай разнастайнасці народаў, якія здаўна пражываюць на тэрыторыі Беларусі; вярнуць нацыянальныя сімвалы; пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы; папулярызацыя гісторыі і культуры; правядзенне палітыкі дэкамунізацыі і дэімперыялізацыі.

Коўшык згадала, што калі была прызначаная ў Кабінет у мінулым верасні, занялася стварэннем стратэгіі нацыянальнага адраджэння. Больш як паўгода ейная каманда працавала над стратэгіяй і канцэпцыяй нацыянальнага адраджэння, абмяркоўвалі іх з грамадзянскай супольнасцю і экспертамі. Канчатковыя стратэгію і канцэпцыю, спадзяецца яна, прадставяць у пачатку верасня.

Коўшык згадвала, што дэмакратычныя сілы дамагліся прызнання ў Польшчы беларускіх дыпломаў, стварэння сеткі суботніх школак (ужо ў верасні запусцяцца чатыры школкі ў Польшчы і тры ў іншых краінах), стварэння працоўных групаў у Польшчы, Украіне і іншых краінах, вядзе працу над захаваннем беларускіх ліцэяў на Падляшшы.

Яе пыталі пра магчымасці атрымання беларусамі еўрапейскай адукацыі (Коўшык наракала, што беларусы карыстаюцца не ўсімі наяўнымі магчымасцямі – застаюцца «нераздадзеныя» стыпендыі), пра праблемы адукацыйнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага (яна сказала, што пра праблемы ведае, трымае кантакт з дырэктарам «Студыюм Усходняй Еўропы» – праграму дакладна не закрыюць, праблемы яшчэ абмяркуюць), пра кантакты з Францыяй (там дэмакратычныя сілы шукаюць падтрымкі для арганізацыі фестывалю беларускага кіно).

Грамадскія слуханні прадстаўнікоў АПК у Варшаве
Аліна Коўшык пасля справаздачы падчас грамадскіх слуханняў прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінету ў Каардынацыйнай радзе Беларусі. 2 жніўня 2023 года. Варшава, Польшча.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Сярод пытанняў да Коўшык было ўзаемадзеянне з Радай БНР – найстарэйшым у свеце дзейным урадам у выгнанні. Коўшык прызнала, што місіі Рады БНР і Кабінету «не зусім сугучныя». Спрабавалі рабіць супольныя ініцыятывы, але не атрымалася дамовіцца, бо Рада БНР, па словах Коўшык, «проста не прызнае Рэспубліку Беларусь» і не хоча працаваць з тымі, хто змагаецца за ўладу ў цяперашняй дзяржаве.

Ягораў пытаў Коўшык пра тое, ці не заўчасна Кабінет стаў выдаваць узнагароды,  згадаў таксама спрэчкі вакол медалёў «Гонар і годнасць». Коўшык адказала, што распрацоўкай узнагародаў займаліся эксперты, якія самі гэта прапанавалі і не прасілі за гэта грошай, што не трэба чакаць атрымання ўлады, каб ушаноўваць герояў. Што да спрэчак аб канкрэтным медалі, Коўшык адказала, што давярае тлумачэнням спецыялістаў (у надпісе «Беларусь перадусім» некаторыя пабачылі адсылкі ці то да нацыстаў, ці то да трампістаў, тады як аўтары ўзнагароды тлумачылі, што гэтыя словы – назва вядомай у міжваенны час у Заходняй Беларусі песні, папулярнай у прадстаўнікоў розных палітычных поглядаў, якія прадстаўлялі нацыянальна-вызваленчы рух).

У фінансаванні культуры, расказала Коўшык, Кабінет мае хутчэй кансультацыйную і назіральную ролю, спрыяе камунікацыям. Фінансавы бок сканцэнтраваны ў праграме «ArtPower», якую вядзе Беларуская рада культуры.

Пра што размаўлялі з Сахашчыкам

Да прадстаўніка ў пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі было больш пытанняў без адказаў: Сахашчык вырашыў не казаць публічна пра шматлікія аспекты сваёй дзейнасці з прычынаў бяспекі, але запрашаў прадстаўнікоў Рады да праверкі таго, чым займаецца ягоная каманда і сітуацыйна-аналітычны цэнтр. На гэта наклаліся тэхнічныя праблемы: Сахашчык фізічна не чуў некаторых пытанняў, даводзілася перапытваць.

Ён акрэсліў асноўныя напрамкі сваёй працы. Першае – распрацоўка вайскова-палітычнай стратэгіі і аптымізацыя з улікам зменлівай сітуацыі. Другое – пабудова эфектыўнага вайскова-палітычнага цэнтру, які зможа заваяваць давер беларусаў, у тым ліку ва ўзброеных сілах, а таксама зможа ўсталяваць партнёрскія стасункі з Украінай і іншымі краінамі Еўропы. Трэцяе – факусаванне працы кожнага створанага аддзелу на агульную стратэгію і мэты.

Грамадскія слуханні прадстаўнікоў АПК у Варшаве
Валер Сахашчык слухае пытанне Вольгі Кавальковай падчас грамадскіх слуханняў прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета у Каардынацыйнай радзе Беларусі. 2 жніўня 2023 года. Варшава, Польшча.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Сярод вынікаў ён назваў стварэнне непублічнай стратэгіі, якая паклалася ў аснову Дэпартаменту нацыянальнай бяспекі, ейную рэалізацыю і дапрацоўку (спікеру Каардынацыйнай рады паказвалі пачатковую версію стратэгіі, агулам жа яна сакрэтная). У каманду, кажа Сахашчык, прыцягнулі шэраг высакакласных спецыялістаў, у тым ліку з сілавога блоку Беларусі, а ахвочых далучыцца больш, чым дазваляе ўзяць бюджэт.

Таксама ягоны дэпартамент забяспечыў дзейнасць 1-й асобнай дэсантна-штурмавой роты ў складзе 79-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады Збройных сілаў Украіны – там, кажа Сахашчык, рыхтуецца склад будучага ваеннага спецназу. З удзелам беларусаў створанае таксама IT-падраздзяленне ЗСУ, якое налічвае ўжо пад тысячу чалавек. Супраца з Украінай ускладненая недаверам Кіеву да дэмакратычных сілаў, але праца ідзе.

Рэпартаж
Сахашчык: Беларусы ва Украіне стварылі ІТ-падраздзяленне з амаль тысячы чалавек
2023.08.03 08:00

Адно з пытанняў да Сахашчыка было пра пагрозы незалежнасці Беларусі. Ён адказаў, што найбольш сур’ёзная пагроза – тое, што Расея прыкладае ўсе намаганні, каб павялічыць залежнасць Беларусі ад сябе. Для гэтага Расея амаль цалкам завязала на сябе эканоміку Беларусі, глыбока інтэгравала беларускія Узброеныя сілы і размясціла ў Беларусі шмат сваіх войскаў. Баевікі групы Вагнэра, лічыць Сахашчык, могуць рабіць нешта і без ведама Лукашэнкі. Рызыку ўступлення беларускага войска ў вайну ва Украіне ён лічыць цяпер невысокай, але дапускае, што нешта могуць учыніць вагнэраўцы – магчыма, нават атрымаць нейкі доступ да ядравай зброі.

Іншае пытанне было пра мірнае вырашэнне беларускага канфлікту, за якое выступае Сахашчык: ён кажа, што заўсёды выступаў супраць вайны беларусаў з беларусамі, а хоча, каб другі бок адчуў моц і сеў за стол перамоваў. Сіла, тлумачыў Сахашчык, гэта панятак комплексны, уключае таксама і міжнародны палітычны і эканамічны ціск, і ўплыў на вайскова-палітычную эліту Беларусі, і ўзброеныя падраздзяленні, якія могуць спатрэбіцца «для вырашэння прыватных задач», у тым ліку «калі расейцы не сыдуць па-добраму з нашай зямлі». Сахашчык растлумачыў план так:

«Мы мусім сілу набіраць, той бок мусіць слабець. Я ўпэўнены, што гэта атрымаецца. Гэта пытанне часу. Якога часу? Калі мы будзем працаваць зладжана, мы можам рэалізаваць гэта дастаткова хутка».

Сахашчык дадаў, што вядзе дыялог з «даволі-такі вялікай колькасцю беларускіх вайскоўцаў», «пэўнай колькасцю чыноўнікаў і бізнес-эліты», з якімі амаль цалкам супадае погляд на еўрапейскую будучыню Беларусі.

Грамадскія слуханні прадстаўнікоў АПК у Варшаве
Віталь Рымашэўскі задае пытанне Аліне Коўшык падчас грамадскіх слуханняў прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета Варшаве. 2 жніўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Сябра Каардынацыйнай рады Віталь Рымашэўскі шмат распытваў Сахашчыка пра супрацу з палком імя Кастуся Каліноўскага. Сахашчык адказаў, што прыклаў шмат намаганняў дзеля гэтага, правёў прынамсі сем сустрэчаў з прадстаўнікамі штабу каліноўцаў, размаўляў з начальнікам украінскай выведкі Кірылам Буданавым (якому падпарадкоўваецца полк Каліноўскага) трымае кантакты са звычайнымі байцамі. Ён заявіў, што праблемы з боку штабу палка Каліноўскага, які «не ідзе насустрач», «перыядычна запускае ў медыйную прастору нейкую недакладную інфармацыю пра мяне асабіста і маю каманду».

Сахашчык таксама расказаў, што пытаннем падтрымкі палка Каліноўскага займаецца Генадзь Манько – прадстаўнік офісу Ціханоўскай пры каліноўцах, ён жа прапаноўваў каліноўцам навучанне і можа прапанаваць падтрымку з рыштункам, бо з рыштункам для свайго падраздзялення праблемы паспяхова вырашае. Ды штаб палка, наракаў Сахашчык, менавіта з ім «не хоча размаўляць».

Сярод іншага Сахашчык крытыкаваў выказванні намесніка камандзіра палка Каліноўскага Вадзіма Кабанчука аб тым, што Беларусь мусіць плаціць рэпарацыі – нібы нават аддаць Украіне Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Сахашчык казаў, што «трэба зразумець, хто кіруе гэтымі людзьмі, чые словы яны агучваюць». Рымашэўскі абурыўся: казаў, больш за 25 гадоў знаёмы з Кабанчуком, хацеў бы пачуць прабачэнні за гэтыя словы. Ён таксама настойваў на тым, што дасягненні Сахашчыка «немагчыма верыфікаваць» (з гэтым не пагадзілася віцэ-спікерка Рады Алена Жываглод: сказала, што справаздачы пацвярджаюць некаторыя агучаныя Сахашчыкам вынікі).

Ягораў жа казаў, што Каардынацыйная рада гатовая ўдзельнічаць у перамовах між Сахашчыкам і штабам палка Каліноўскага, але не можа іх гвалтоўна зачыніць у адным пакоі. Пытанне аб супрацы Кабінету з палком Каліноўскага ў выніку так і не засталося вырашаным.

Hавiны
Каардынацыйная рада зладзіць аўдыт дзейнасці «ByPol» і Аляксандра Азарава
2023.07.06 19:35

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў