Беларуская рада культуры атрымала ад Еўразвязу два мільёны еўраў. На што іх патрацяць?


Беларуская рада культуры разам з Дацкім інстытутам культуры распачынаюць маштабны супольны праект «ArtPower Belarus: захаванне беларускай грамадскай прасторы праз культуру і мастацтва». Еўразвяз дае на яго € 2 мільёны. Упершыню незалежная беларуская культура атрымлівае такую буйную падтрымку. На што пойдуць гэтыя грошы, распавялі прадстаўнікі рады і яе партнёра.

Каманда праекту «ArtPowerBelarus»: часовы дырэктар Дацкага інстытуту культуры ў Эстоніі, Латвіі, Літве, Беларусі і Украіне Мэс Эстэргор, кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін, распрацоўніца праекту Таццяна Пашавалава.
Фота: Беларуская Рада культуры

«ArtPower Belarus» можа падтрымаць выданне кнігі тэкстаў Аляксея Стрэльнікава

«ArtPower Belarus» – праект, скіраваны на захаванне беларускай грамадзянскай супольнасці праз культуру і мастацтва. Распрацаваны ён у партнёрстве з Дацкім інстытутам культуры, які і падпісаў з ЕЗ дамову. Як распавёў часовы дырэктар Інстытуту ў Эстоніі, Латвіі, Літве, Беларусі і Украіне Мэс Эстэргор, менавіта на дацкім баку ляжаць кантрактныя абавязальніцтвы ў забеспячэнні празрыстасці і якасці праекту, справаздачнасці і фінансавага кіравання.

Праект «ArtPower Belarus» падзелены на дзве галіны – падтрымку праектаў у сферы культуры і мабільнасці культурніцкіх дзеячаў у межах удзелу ў фестывалях, навучальных праграмах ды іншым.

Праекты могуць быць маленькімі ці больш буйнымі, датычаць розных сфераў культуры. Падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай праекту, што адбылася ў Вільні 20 снежня, журналістка запыталася, ці можа быць падтрыманае выданне кнігі тэкстаў тэатральнага крытыка Аляксея Стрэльнікава, які надоечы пайшоў з жыцця. Кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін адказаў, што такая кніга павінна быць:

«Калі знойдзецца ахвочы і распрацуе заяўку, пералічыць усе кошты, знойдзе аўтара, то я асабіста зраблю ўсё, што магу, каб гэты праект адбыўся. Калі ж не адбудзецца, я буду шукаць іншыя шляхі падтрымкі».

«Цяпер час ціхіх справаў»

Прыярытэт для «ArtPower Belarus» – падтрыманне праектаў унутры Беларусі, і менавіта ім будзе аддавацца перавага на конкурсным адборы.

«Мы хочам падтрымаць як вытворцаў, так і спажыўцоў унутры Беларусі, бо там – наш першасны спажывец, нават калі творца – за мяжою, – кажа распрацоўніца «ArtPowerBelarus» Таццяна Пашавалава. – Для нас вялікі выклік – знайсці сродкі, магчымасці, каналы, каб беларусы ўнутры Беларусі маглі глядзець, чытаць, спажываць тое, што робіць беларуская культура».

Паводле Сяргея Будкіна, падчас працы з ініцыятывамі ўнутры Беларусі бяспека будзе прыярытэтам усіх бакоў:

«Цяпер час ціхіх справаў і ціхага ды канструктыўнага думання. Мы не можам падтрымаць гучных падзеяў у Беларусі, але можам – тыя, якія адбудуцца нібы незаўважна для пэўных структураў. Да кожнай заяўкі мы будзем ставіцца індывідуальна і разглядаць іх таксама з меркаванняў бяспекі».

Максімальная сума, якую зможа атрымаць адзін праект, – € 60 тысячаў. Абірацца праекты будуць праз конкурс. Неўзабаве абвесцяць адбор экспертаў для каманды журы. Чальцы якога не змогуць адначасова падаваць свае ўласныя заяўкі на конкурс.

Каманда праекту «ArtPowerBelarus»: часовы дырэктар Дацкага інстытуту культуры ў Эстоніі, Латвіі, Літве, Беларусі і Украіне Мэс Эстэргор, кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін, распрацоўніца праекту Таццяна Пашавалава і прэс-сакратарка Беларускай рады культуры Ірэна Кацяловіч.
Фота: Беларуская Рада культуры

Мова рэалізацыі праектаў можа быць любою, падкрэсліваюць распрацоўнікі праекту. Галоўнае, каб іх рабілі беларусы, у беларускім кантэксце і для беларускай аўдыторыі. Заявачныя формы для ахвочых падаць праект на конкурс будуць на дзвюх мовах – беларускай і англійскай.

Беларускі Сойм культуры

Першае кола праектных заявак Рада культуры мяркуе распачаць у канцы студзеня 2023 года.

У межах праграмы падтрымання мабільнасці дзеячы культуры змогуць узяць удзел у фестывалях, імпрэзах, адукацыйных івэнтах і гэтак далей у краінах Еўропы і «Усходняга партнёрства». На адну такую паездку плануецца выдаткоўваць да € 2 тысячаў.

«Нашыя творцы змогуць на іншых паглядзець і сябе паказаць, свае прадукты, адначасова і павучыцца, і прасунуць сябе», – зазначае Таццяна Пашавалава.

Агулам плануецца зрэалізаваць 100 праектаў мабільнасці творцаў, падтрымаць каля 50 праектаў.

Акрамя вышэй названых двух асноўных кірункаў, праект «ArtPower Belarus» таксама будзе адвакаваць прыцягненне большых рэсурсаў у беларускую культуру, дзеля чаго будуць праводзіцца розныя імпрэзы, майстар-класы, абмеркаванні.

«Мы спадзяемся ў выніку прыйсці да стварэння пляцоўкі кшталту Сойму ці парламенту культуры, да якога будуць прыслухоўвацца донары, спонсары, мецэнаты, і дзе будзе фармавацца палітыка ў галіне культуры, – кажа Таццяна Пашавалава. – Таксама мы хочам, каб дзеячы нашай культуры скарысталі гэтую цяжкую сітуацыю, у якой мы цяпер, для ўласнага росту, змаглі ўвайсці на рынкі і ў культурніцкую прастору суседніх краінаў. Дзеля гэтага мы запусцім пілотную праграму падрыхтоўкі культурніцкіх менеджараў».

Атрыманая ад ЕЗ сума не ўтрымлівае каманды Рады культуры

Урэшце, «ArtPower Belarus» будзе займацца аналітыкаю, маніторынгам таго, што адбываецца ў беларускай культуры, дзеля чаго будуць наймацца адмыслоўцы.

Праект разлічаны на 28 месяцаў, і калі падзяліць атрыманую суму на гэты час, то стане зразумела, што гэта не вельмі вялікія сродкі, зазначае Сяргей Будкін:

«Для параўнання, бюджэт Швейцарскага фонду культуры – 46,3 мільёна еўраў на год. Бюджэт украінскага фонду культуры да вайны складаў 20 мільёнаў еўраў на год. Але гэта добры пачатак, і калі сродкі будуць размеркаваныя эфектыўна ды з іх дапамогаю вырастуць нейкія ініцыятывы, арт-менеджары, можна будзе шукаць іншыя магчымасці».

Асобна Сяргей Будкін дадаў, што атрыманая ад ЕЗ сума не ўтрымлівае каманды Рады культуры: з амаль 30 чалавек над праектам працуюць 4-5.

«Культура – рухавік для зменаў»

Паводле кіраўніка Беларускай рады культуры, падтрыманне «ArtPower Belarus» – вельмі знакавая падзея, бо ўпершыню беларуская культура трапіла ў прыярытэты Еўразвязу:

«Неяк так раней склалася, што слова «культура» не вельмі прамаўлялася на высокім узроўні Еўразвязу, таму мы яшчэ два гады таму ставілі сабе мэту дамагчыся разумення культуры ў больш шырокім сэнсе. Думка «нам не да песень, калі пратэсты, гвалт і вайна» мяне заўсёды бянтэжыла. Мне было важна давесці, што культура – гэта пра ўсіх нас, гэта тое, што дапаможа захаваць нас як асобаў, грамадзянаў і нашую краіну ды яе незалежнасць. Культура – рухавік для зменаў».

Кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін і распрацоўніца праекту Таццяна Пашавалава.
Фота: Беларуская Рада культуры

Праз 28 месяцаў ад старту «ArtPower Belarus» распрацоўнікі спадзяюцца ўбачыць сучасныя, цікавыя культурніцкія праекты, якія адказваюць на выклікі часу і заўважныя як у Беларусі, так і ў іншых еўрапейскіх краінах, а таксама новыя ініцыятывы ды арганізацыі, якія будуць жаданымі партнёрамі для Еўропы.

«Я хачу, каб мы сталі бачнымі не праз тое, што мы ахвяры, няшчасныя, а таму, што мы добра робім сваю справу», – рэзюмаваў Сяргей Будкін.

Ганна Ганчар belsat.eu

 

Стужка навінаў