Каардынацыйная рада ўзгадніла Паўла Латушку як прадстаўніка Пераходнага кабінету


Каардынацыйная рада пасля заслуханай справаздачы прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету па транзіце ўлады Паўла Латушкі вынесла рашэнне ўзгадніць ягоную кандыдатуру на працяг мандату. Паўнамоцтвы Латушкі будуць працягнутыя да 8 жніўня 2024 года.

Павел Латушка падчас слуханняў у Каардынацыйнай радзе. Варшава, Польшча. 4 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Сябры Каардынацыйнай рады рэкамендуюць працягнуць мандат прадстаўніка АПКБ Паўла Латушкі па транзіце ўлады яшчэ на адзін год. За прагаласавалі 58 дэлегатаў, супраць – 12, устрымаліся – 19.

У сістэме, што стварылі праціўнікі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, гэтыя слуханні – нешта падобнае да справаздачы ўраду перад парламентам. Выбраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская 9 жніўня 2022 года стварыла Аб’яднаны пераходны кабінет, гэткі «ўрад у выгнанні» з прадстаўнікамі, адказнымі за пэўныя напрамкі. Каардынацыйная рада, утвораная яшчэ ў першы тыдзень па выбарах-2020, сёлета рэфармавалася і пашырыла склад, цяпер падобная да «протапарламенту» арганізацыяў і актывістаў дэмакратычнага руху.

Па выніках слуханняў Каардынацыйная рада можа як парэкамендаваць зацвердзіць чальцоў Кабінету, так і рэкамендаваць адхіліць іх ад пасады па выніках дзейнасці за год са стварэння Кабінету. Але фінальнае рашэнне за Ціханоўскай, якая прызначала «міністраў». Галасаванне аб кожнай кандыдатуры будзе трываць па 24 гадзіны пасля выступу. Канчатковыя вынікі маюць быць агучаныя 6 жніўня.

Агулам у Каардынацыйнай радзе 110 дэлегатаў, але галасы шасцёх не ўлічваюць праз неактыўнасць у апошнія два месяцы, расказалі «Белсату» ў КР. Такім чынам, для прыняцця нейкага рашэння трэба звыш паловы галасоў «за», а гэта цяпер 53 галасы.

2 жніўня слухалі Аліну Коўшык і Валерыя Сахашчыка, якія атрымалі працяг сваіх мандатаў. 3 жніўня слухалі і распытвалі прадстаўніцу Кабінету ў сацыяльнай палітыцы Вольгу Гарбунову і прадстаўніка ў замежных справах Валера Кавалеўскага. Іхныя мандаты таксама працягнутыя.

Апошнімі праводзіліся слуханні Паўла Латушкі (4 жніўня) і Аляксандра Азарава (5 жніўня).

Слуханні транслявалі ў жывым эфіры на YouTube.

У сваёй прамове падчас слуханняў Павел Латушка агучыў далейшыя мэты сваёй працы: сярод іх атрыманне ордару на арышт Лукашэнкі, прыцягненне да адказнасці іншых вінаватых у злачынствах супраць беларусаў, новыя персанальныя і сектаральныя санкцыі, пашырэнне кадравага рэзерву, а таксама ўтварэнне «расколу элітаў» у рэжыме Лукашэнкі (стварыць сітуацыю, калі Лукашэнка стане «максімальна таксічным» нават для «сваіх»).

Абноўлена
Каардынацыйная рада завяршае слуханні Пераходнага кабінету. Выступіў Латушка, застаўся Азараў
2023.08.04 20:26

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў