Каардынацыйная рада завяршае слуханні Пераходнага кабінету. Выступіў Латушка, застаўся Азараў


Ад 2 жніўня Каардынацыйная рада ладзіць слуханні прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінету. 4 жніўня выступіў Павел Латушка – прадстаўнік у пытаннях транзіту ўлады. «Неадслуханым» застаецца толькі Аляксандр Азараў – ён выступіць ранкам 5 жніўня.

Павел Латушка падчас слуханняў у Каардынацыйнай радзе. Варшава, Польшча. 4 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Гэтыя слуханні – як слуханні «протапарламентам» чальцоў «протаўраду». Па выніках Каардынацыйная рада можа рэкамендаваць ці не рэкамендаваць выбранай прэзідэнтцы Святлане Ціханоўскай працягнуць мандаты «міністраў». Імаверна, канчатковае рашэнне яна агучыць на канферэнцыі «Новая Беларусь» 6 жніўня ў Варшаве.

Каардынацыйная рада ўжо заслухала і ўхваліла прадстаўніцу па нацыянальным адраджэнні Аліну Коўшык і прадстаўніка па абароне Валерыя Сахашчыка. Пакуль толькі заслухала, але яшчэ не ўхваліла прадстаўнікоў па сацыяльных справах і па замежных справах Вольгу Гарбунову і Валера Кавалеўскага (галасаванне трывае, вынікі маюць быць не пазней за 6 жніўня). 4 жніўня заслухалі прадстаўніка па транзіце ўлады Паўла Латушку.

Hавiны
Каардынацыйная рада ўзгадніла Коўшык і Сахашчыка як прадстаўнікоў Пераходнага кабінету
2023.08.04 11:37

Дата слуханняў прадстаўніка па аднаўленні правапарадку Аляксандра Азарава вызначылася ў апошні момант: ён выступіць перад Каардынацыйнай радай 5 жніўня. Пачатак а 9:00 паводле Варшаўскага часу (10:00 па Менску).

Азараў і Латушка былі ў незапланаванай паездцы ў Кіеў, не паспелі вярнуцца на слуханні ў запланаваныя даты, а фармат слуханняў не прадугледжвае онлайн-удзелу – таму ім былі прапанаваны іншыя даты.

Большасці прадстаўнікоў лёгка прыдумаць міністэрскія аналогіі: Коўшык – «міністарка культуры і адукацыі», Сахашчык – «міністр абароны», Гарбунова – «міністарка сацыяльнай абароны», Кавалеўскі – «міністр замежных справаў», Азараў – «міністр унутраных справаў».

Аналогію для Латушкі прыдумаць цяжэй: у Кабінеце ён прадстаўнік па транзіце ўлады (і намеснік Ціханоўскай, таксама як Кавалеўскі), паралельна з тым – кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Мяркуючы па справаздачы, якую загадзя апублікаваў Латушка, у Кабінеце ён «міністр ціску на рэжым Аляксандра Лукашэнкі».

Пра што казаў Латушка

Слуханні Паўла Латушкі транслявалі ў жывым эфіры:

Латушка прасіў прабачэння за перанос і адзначыў, што ездзіў у Кіеў на даручэнне Ціханоўскай, праводзіў сустрэчы з прадстаўнікамі палка імя Кастуся Каліноўскага, у офісе амбудсмэна і ў Генеральнай пракуратуры па справах, наўпрост звязаных з інтарэсамі прадстаўніцтва па транзіце ўлады.

Ён згадаў, што яму не ў першы раз выступаць у парламенце (хоць гэтым словам яму цяжка называць Палату прадстаўнікоў, дзе выступаць раней даводзілася). У мінулым ён быў консулам і амбасадарам у Польшчы, прэс-сакратаром Міністэрства замежных справаў, міністрам культуры, амбасадарам у Францыі, Іспаніі і Партугаліі, дырэктарам Купалаўскага тэатру. Латушка таксама адзначыў, што слуханні 4 жніўня праводзяцца ў Музеі вольнай Беларусі – праекце НАУ (мінулыя два дні слуханні былі ў варшаўскім Палацы культуры і навукі).

Латушка расказаў, што выступаў з ініцыятывай стварэння Кабінету, «чырвонай лініяй» для стварэння ўраду ў выгнанні магла б стаць поўнамаштабная вайна – і яна пачалася, Беларусь выступіла суагрэсарам у расейскім нападзе на Украіну, ды Кабінет быў скліканы толькі праз паўгода. Дагэтуль, наракаў Латушка, не створаны апарат Кабінету, кепска забяспечаныя фінансавыя і арганізацыйныя пытанні, няма прадстаўніка па эканоміцы. Таксама кожны прадстаўнік мае сваю ўласную стратэгію – Латушка заклікаў да стварэння агульнай стратэгіі.

На сустрэчы з палком Каліноўскага, расказаў Латушка, ён пачуў заклік да пераасэнсавання Каардынацыйнай рады, прапанаваў у лютым правесці новыя выбары ў Раду. Палову складу выбраць ад партыяў і палітычных рухаў, палову – паводле персанальных спісаў. Арганізаваць выбары ў Беларусі ва ўмовах рэпрэсіяў складана, прызнаў ён, але прапанаваў правесці выбары сярод беларусаў за мяжою. А выбраны парламент, як прапанаваў Латушка, выбраў бы новы ўрад. Гэтую прапанову Латушкі на слуханнях не абмяркоўвалі, але Віталь Рымашэўскі прапанаваў даць права голасу палку Каліноўскага ў выбары прадстаўніка па абароне, бо з дзейным прадстаўніком – Сахашчыкам – полк не ідзе на кантакт.

Сярод іншага Латушка казаў аб неабходнасці сфармаваць групу менавіта праактыўных саюзнікаў: такімі могуць быць Украіна, Польшча, Літва і Латвія, да такой кааліцыі важна далучыць Злучаныя Штаты і Вялікую Брытанію. Такая кааліцыя мусіць быць здольная выкарыстаць інструменты міжнароднай прававой адказнасці, жорсткі і «шокавы» санкцыйны падыход. Дзеля гэтага і самім трэба быць праактыўнымі.

«Трэба мець сілу: са слабым лічыцца ніхто не будзе, – казаў Латушка. – Нацыянальныя інтарэсы Беларусі ніхто акрамя нас адстойваць не будзе».

Спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў пазней перапытаў пра ідэю «шокавых» санкцыяў: санкцыі маюць эфект і на звычайных беларусаў і беларускі бізнес – ці працуюць над «кампенсаторнымі» захадамі? Латушка адказаў, што трэба зразумець: прычына санкцыяў – дзейнасць рэжыму Лукашэнкі, вінаваты ў санкцыях і пагаршэнні эканамічнай сітуацыі – рэжым Лукашэнкі і ягоныя рэпрэсіі супраць беларускага бізнесу. Кампенсаторны механізм у санкцыях – гэта «дзіўна гучыць», адзначыў Латушка. А што да папрокаў, што санкцыі «ўпіхваюць Беларусь у Расею» – дык ніхто больш за Лукашэнку не «ўпіхвае» Беларусь у Расею, дадаў ён.

У справаздачы Латушка пералічыў зробленае за год з моманту стварэння Кабінету. Гэта падрыхтоўка зваротаў у Міжнародны крымінальны суд па пытаннях выкрадання ўкраінскіх дзяцей і злачынстваў супраць чалавецтва рэжыму Лукашэнкі (ахвярамі злачынстваў лічаць не менш за 136 тысяч чалавек), падрыхтоўка абгрунтавання ўключэння Камітэту дзяржаўнай бяспекі і Галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) у спіс тэрарыстычных арганізацыяў, суправаджэнне крымінальных справаў у міжнароднай юрысдыкцыі, распрацоўка і лабіяванне санкцыяў, збор звестак пра шляхі абыходу санкцыяў, фармаванне кадравага рэзерву для будучай Новай Беларусі (у які ўжо ўвайшлі людзі ў тым ліку на тэрыторыі Беларусі), барацьба з прапагандай.

Агляд
Звыш 136 тысяч беларусаў пацярпелі ад рэпрэсіяў з траўня-2020. Даследаванне «Justice Hub»
2023.07.27 16:28

Далейшыя мэты, якія назваў Латушка, гэта атрыманне ордару на арышт Лукашэнкі, прыцягненне да адказнасці іншых вінаватых у злачынствах супраць беларусаў, новыя персанальныя і сектаральныя санкцыі, пашырэнне кадравага рэзерву, утварэнне «расколу элітаў» у рэжыме Лукашэнкі  (стварыць сітуацыю, калі Лукашэнка стане «максімальна таксічным» нават для «сваіх»). Ён дапусціў, што сітуацыя ў Беларусі можа дайсці і да «круглага сталу», які быў у Польшчы, але дадаў, што гэта «пакуль толькі мары».

Да тых элітаў ён звярнуўся напрыканцы справаздачы: лабісты не абаранілі ад санкцыяў, а Лукашэнка не настолькі хітры, каб пазбегнуць адказнасці, і не настолькі моцны, каб кантраляваць сітуацыю ў Беларусі – ператварыў краіну ў ядравую мішэнь і логава баевікоў групы Вагнэра. Чыноўнікаў ён завочна пытаў: «Ці праўда вы хочаце стаць міжнароднымі злачынцамі, працягваць служыць псіхапату і палітычнаму банкруту?»

Ён дадаў, што дэмакратычныя сілы гатовыя да размоваў дзеля захавання незалежнасці, «беларусы заўсёды могуць размаўляць з беларусамі», але перадумова – спыненне рэпрэсіяў і гвалту. Тады могуць гарантаваць прыпыненне працы над далейшым санкцыйным ціскам і міжнародным крымінальным пераследам.

Тое, што Латушка не паведаміў загадзя Каардынацыйнай радзе пра перанос слуханняў і зацягнуў свой выступ, сябра Каардынацыйнай рады расцаніла як «аўтарытарныя паводзіны». Латушка адказаў, што, паводле правілаў міжнароднай абароны, мог паведаміць пра знаходжанне ў Кіеве толькі тады, калі быў там, а выконваць правілы бяспекі вымушаны, бо атрымлівае пагрозы забойствам, а ягоныя родныя церпяць крымінальны пераслед у Беларусі. У Каардынацыйнай радзе спрачаліся аб тым, ці дапытваць Латушку пра гэта, ці пра сутнасць справаздачы – пагадзіліся на другім.

І дзе раскол элітаў?

Пасля слуханняў «Белсат» спытаў Латушку аб тым, ці маюць дэмакратычныя сілы кантакт з чальцамі дзейнага кіраўніцтва Беларусі.

Латушка адказаў, што галоўная задача цяпер – «паказаць, што мы маем сілу». Цяпер дэмакратычныя сілы не могуць падняць пратэст у Беларусі, але гэта не значыць, што не змогуць заўтра. Пакуль жа інструменты, каб паказаць сілу, гэта санкцыі і пагроза крымінальнай адказнасці, якая ўсё набліжаецца да прадстаўнікоў дзейнай улады. Вырашальным пытаннем для іх можа стаць «беларус я ці не», бо калі адказ станоўчы, то Лукашэнкі не павінна быць у гэтым працэсе – і тады можна пачаць размаўляць пры ўмове спынення рэпрэсіяў. Іначай санкцыі і пераслед будуць нарошчвацца. Латушка завочна перапытаў прадстаўнікоў дзейнай улады: «Можа, размова?»

А калі яны не пойдуць на размову? Што калі раскол будзе не на «лукашыстаў і БЧБ-шнікаў», а на «лукашыстаў і хрэнінцаў-прыгожынцаў»? Латушка адказвае:

«Раскол на тое, беларус я ці не беларус. За незалежную дзяржаву Рэспубліка Беларусь ці за расейскую акупацыю, за ўдзел Беларусі ў вайне супраць Украіны, супраць NATO – ці за тое, каб Беларусь не ўдзельнічала ў гэтых злачынстваў. А да гэтага вядзе Лукашэнка».

Латушка перакананы, што пытанне экзістэнцыйнае, пра існаванне народу, а не пра «лукашыстаў і БЧБ-шнікаў», а за гэтым пытаннем ідзе вызваленне палітычных зняволеных і дэмакратызацыі краіны.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў