Падрыў ГЭС ператворыць Крым у пустыню. Пуцін не супраць


6 чэрвеня на Кахоўскай ГЭС адбыўся выбух, у выніку чаго вялікая плынь вады заліла наваколле і пад пагрозай затаплення апынулася каля 80 населеных пунктаў. У сродках масавай інфармацыі як з украінскага, так і з расейскага бакоў пачаліся ўзаемныя абвінавачанні ў тым, хто датычны да падрыву станцыі. Калегі з праграмы «Вот Так» спыталі ў экспертаў аб тым, каму гэта магло быць выгадна і як здарэнне можа адбіцца на далейшым развіцці падзей ва Украіне.

Здымак мае ілюстратыўны характар Крыніца: t.me/RBC_ua_news

Выбух адбыўся знутры станцыі

Ваенны эксперт і аўтар тэлеграм-канала «Peacemaker» Сяргей Мігдаль адзначыў, што ва Украіны няма такой зброі, якая б магла разбурыць дамбу на Кахоўскай ГЭС. Бо такога роду разбурэнні можна выклікаць толькі падрывам дамбы з дапамогай вялікай колькасці закладзенай унутр выбухоўкі, што, на думку эксперта, і было зроблена.

У той жа час ён адзначыў існаванне версіі пра тое, што разбурэнне магло адбыцца ў выніку пашкоджанняў і недастатковага адкрыцця розных тэхнічных створак для праходу вады.

Тым не менш варыянт падрыву ў выніку закладзенай выбухоўкі Сяргей Мігдаль разглядае як асноўны. Мэтай яго была спроба абцяжарыць магчымыя спробы наступу ўзброеных сілаў Украіны ад дамбы да вусця Дняпра. Пры гэтым, на думку эксперта, наўрад ці ўкраінцы мелі намер рабіць такі рызыкоўны наступ на гэтым участку.

Планы па контрнаступе не мяняюцца

На пытанне аб тым, як адаб’ецца гэтая падзея на запланаваным украінскім контрнаступе, эксперт адзначыў, што ён амаль што ўпэўнены ў тым, што гэты ўчастак у любым выпадку не быў бы галоўным для наступлення Узброеных сіл Украіны. Менавіта з-за той складанасці, якую ўяўляе фарсіраванне такой буйной воднай перашкоды, як Дняпро ў ніжнім цячэнні. Асабліва ў святле таго, што ва Украіны няма перавагі ў паветры, каб падтрымліваць аперацыю па пераправе людзей і тэхнікі цераз пантонныя масты. Усё гэта, на яго думку, магло прывесці да вельмі вялікіх стратаў.

Такім чынам, адзначыў эксперт, разліццё вады пасля разбурэння Кахоўскай ГЭС не перашкодзіць асноўным ударам украінскай арміі ў Луганскай, Данецкай і Запарожскай абласцях.

У той жа час ён звярнуў увагу на тое, што 90 % затапленняў адбудзецца менавіта на акупаванай тэрыторыі, дзе расейцы выставілі шматлікія агнявыя пазіцыі, умацаванні – усё гэта, наадварот, можа прывесці да таго, што ўкраінскія войскі бліжэйшым часам могуць эфектыўна скарыстацца сітуацыяй для перакідвання ў гэтыя раёны дыверсійных груп, каб устройваць для расейскіх узброеных сілаў «нялёгкае жыццё».

Ці выгадны падрыў станцыі Расеі?

Прымаючы пад увагу вышэй сказанае, можна было б зрабіць выснову, што для расейскіх уладаў было б абсалютна нявыгадна рабіць падрыў станцыі, які прывёў да страты такой вялікай колькасці абарончых умацаванняў. На гэта Сяргей Мігдаль адказаў, што мы не ведаем «усяго комплексу прычын і логікі, па якой мысляць у расейскім камандаванні», і не выключыў сітуацыі незапланаванага падрыву станцыі. Бо такія выпадкі ўжо здараліся ў гісторыі: калі раней часу адбываліся падрывы выбухоўкі, закладзенай у розныя аб’екты на выпадак адступлення. Гэтак магло стацца і зараз – выбух мог адбыцца выпадкова ў выніку дэтанацыі выбуховага прыстасавання – па прычыне няспраўнасці дыстанцыйнага кіравання або звычайнага трапляння вільгаці.

Пуціну трэба геаграфічныя тэрыторыі, любой цаной

Блогер і публіцыст Андрэй Мальгін, адказваючы на тое ж пытанне, быў яшчэ больш катэгарычным. На яго думку, большасць фактаў і сведчанняў гаворыць пра тое, што гэта зрабіў расейскі бок. Ён лічыць, што гэта пэўны стрэл «сабе ў нагу», бо ў выніку Крым застанецца без вады. Калі не гэтым летам, бо пакуль што ёсць зробленыя запасы вады ў тамтэйшых вадасховішчах, то ў далейшым дакладна. А гэта, у сваю чаргу, прывядзе да гібелі сельскай гаспадаркі і турызму ў Крыме.

Пры гэтым Андрэй Мальгін адзначыў, што на чале расейскай дзяржавы стаіць «не зусім здаровы чалавек – таварыш Пуцін».

«Калі таварыш Пуцін хоча любымі спосабамі перадухіліць захоп Крыму ўкраінцамі, нават шляхам таго, што Крым ператворыцца ў пустыню з часам, то ён гэта зробіць», – адзначыў эксперт.

А тое, што адбылося, на думку суразмоўцы, на многія месяцы перадухіляе наступ Украіны на Крым з боку Херсонскай вобласці.

Сам факт страты Крыму, адзначыў Андрэй Мальгін, гэта канец Пуціна і яго ўлады, і гэта расейскі лідар цвёрда засвоіў. Усё астатняе яго не цікавіць.

«Калі ён поўнасцю зносіць цэлыя гарады, такія як Марыупаль, калі б ён меў намер сапраўды абараніць насельніцтва гэтага горада, абараніць рускамоўных, ён бы не стаў гэтага рабіць: ёсць магчымасці захопліваць гарады, не ператвараючы іх у пыл. А калі іх ператвараюць у пыл – гэта не для таго, каб пасля там шчасліва жыць, гэта толькі для таго, каб геаграфічна гэтая частка Украіны стала часткай Расеі. Вось і ўсё. Ён аслеплены нянавісцю да Украіны», – адзначыў эксперт.

Аналітыка
Як паўплывае падрыў Кахоўскай ГЭС на сітуацыю на фронце?
2023.06.06 18:05

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў