Пуцін плануе размясціць ядравую зброю ў Беларусі. Ці можа NATO нанесці апераджальны ўдар?


Магчымасць размяшчэння ў Беларусі расейскай ядравай зброі абрастае ўсё новымі дэталямі. Пры гэтым у заходніх краінах, якім ядравая зброя, як заяўляецца, і будзе пагражаць, кажуць пра наўпроставую пагрозу ад такіх дзеянняў. Але ці змогуць краіны NATO пайсці на апераджальныя вайсковыя крокі, каб не дапусціць гэтага размяшчэння?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг у штаб-кватэры NATO ў Бруселі. 4 красавіка 2023 года.
Фота: Geert Vanden Wijngaert / AP Photo / East News

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін 25 сакавіка абвясціў, што размяшчае тактычную ядравую зброю ў Беларусі, але пакідае яе пад кантролем Расеі. Будаўніцтва адмысловага сховішча плануюць скончыць ужо 1 ліпеня. 31 сакавіка Аляксандр Лукашэнка апраўдваў вяртанне ядравай зброі ў Беларусь тым, што ўвядзеннем санкцыяў Захад нібыта парушыў тыя гарантыі, што даваў пры вывадзе ядравай зброі з нашай краіны. Таксама Лукашэнка заявіў, што сам кантралюе расейскія войскі ў Беларусі, і дапусціў, што будзе прасіць у Пуціна не толькі тактычную, але і стратэгічную ядравую зброю.

«Прысунутая да заходніх межаў»

Расейскі амбасадар у Менску Барыс Грызлоў 2 красавіка паведаміў, што ядравую зброю плануецца размясціць ля заходніх межаў Беларусі:

«Да 1 ліпеня будзе падрыхтаванае сховішча для размяшчэння тактычнай ядравай зброі, на тэрыторыі Беларусі яна будзе прысунутая да заходніх межаў нашай Саюзнай дзяржавы і будзе павышаць магчымасці гарантавання нашай бяспекі. Гэта будзе зроблена, нягледзячы ні на які шум у Еўропе і ў ЗША».

Таксама Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, а міністр абароны РФ Сяргей Шайгу пацвердзіў, што ў Расею «дзеля практычнага рыхтавання» выправіліся разлікі ракетнага комплексу «Іскандэр-М», якім трэба «дэталёва вывучыць ужыванне тактычных ядравых боепрыпасаў».

Аналітыка
Лукашэнка паспее паляцець у Зімбабвэ, а што астатнія? Як ядравая зброя пагражае беларусам
2023.03.27 19:08

Раней Лукашэнка казаў, што хоча размясціць «Іскандэры», якія могуць выкарыстоўваць як звычайныя, гэтак і ядравыя ракеты, на заходнім і паўднёвым кірунках.

Наўпроставая пагроза

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг, у сваю чаргу, 3 красавіка заявіў, што размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі – «гэта частка небяспечнай і безадказнай ядравай рыторыкі, у якой Расея і прэзідэнт Пуцін спрабуюць выкарыстаць ядравую зброю як спосаб перашкодзіць нам у падтрыманні Украіны».

«Гэта запалохванне саюзнікаў NATO і іхных партнёраў, каб яны перасталі падтрымліваць Украіну ў яе праве абараніць сваю дзяржаву. Нас не ўдасца запалохаць. Мы працягнем падтрымліваць Украіну», – сказаў ён.

Праўда, дадаў: пакуль не відаць «зменаў у іхнай ядравай пазіцыі, якія вымагалі б зменаў нашай ядравай пазіцыі».

«Ядравая гульня з перамяшчэннем ядравай зброі ў Беларусь ёсць новай эскалацыяй і ўяўляе наўпроставую пагрозу еўрапейскай бяспецы», – падкрэсліў Жузэп Бурэль, вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў замежных справах і пытаннях палітыкі бяспекі.

Тым часам высветлілася, што 24 сакавіка, за дзень да заявы Пуціна, у Менск таемна прылятаў кіраўнік Галоўнай управы вонкавай бяспекі Міністэрства абароны Францыі Бэрнар Эм’е. Як піша «Intelligence Online» са спасылкаю на свае крыніцы, рэжым Лукашэнкі дазволіў пасадку французскага самалёта толькі пасля напружаных перамоваў. У Менску перамовы прайшлі ў паскораным фармаце і не так, як планавалася. У іх удзельнічаў Віктар Лукашэнка.

Выпрацаваць план дзеянняў

5 красавіка Абʼяднаны пераходны кабінет Беларусі заклікаў міжнародную супольнасць, уключаючы Еўрапейскі Звяз, Злучаныя Штаты Амерыкі, Вялікую Брытанію, Канаду, Японію ды іншыя дзяржавы і міжнародныя арганізацыі «прыняць неадкладныя захады прэвентыўнага характару для недапушчэння размяшчэння ў Беларусі расейскай ядравай зброі насуперак волі беларускага народу, уключаючы неадкладныя і шырокія захады санкцыйнага характару супраць рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі».

Hавiны
Святлана Ціханоўская – Радзе Бяспекі ААН: «Падыход «пачакаем і ўбачым» не працуе»
2023.03.31 20:38

Таксама Кабінет прапанаваў урадам Польшчы, Літвы, Латвіі, Украіны і Эстоніі «сумесна выпрацаваць адзіную пазіцыю і план дзеянняў для недапушчэння размяшчэння ядравай зброі ў Беларусі».

Гэта блеф?

Вайсковы эксперт, афіцэр Арміі абароны Ізраілю Ігаль Левін у каментары «Белсату» назваў шум вакол размяшчэння ядравай зброі ў Беларусі спробай «націснуць на Захад, каб ён перастаў дапамагаць Украіне зброяй або дапамагаў менш».

«Гэта працяг ядравага шантажу, які Расея раскручвае яшчэ з мінулага года. Да таго яны казалі, што ўжывуць усе сродкі, чырвоныя лініі і «гэта не блеф», але ніхто не паверыў. Украіне даюць самыя сучасныя танкі, Украіне ўжо адкрыта перадалі самалёты. То бок мы бачым, як дапамога Украіне нарастае – усё вышэй і вышэй», – адзначыў аналітык.

Агляд
Мядзведзеў прыгразіў ЗША ядравым ударам. Мы падлічылі – гэта ўжо 15-ы раз за год
2023.02.22 17:06

Паводле Ігаля Левіна, пабачыўшы, што ядравы шантаж не працуе, улады РФ «не знайшлі нічога лепшага, акрамя як казаць, што яны цяпер размесцяць ядравую зброю на тэрыторыі Беларусі».

«Яшчэ не зразумела, ці яны размесцяць урэшце, але яны прынамсі хочуць, каб максімальна гэтага баяліся, каб гэта абмяркоўвалі. У іх гэта выходзіць, гэта абмяркоўваюць у медыях, пра гэта гавораць», – сказаў Ігаль Левін, назваўшы расейскія заявы блефам.

Нечаканасцяў няма

Не лічыць нечаканымі планы і заявы Пуціна таксама польскі вайсковы эксперт Павэл Флейшар. Ён нагадаў, што раней улады Расеі і Беларусі падчас супольных вайсковых вучэнняў ужо разглядалі магчымасць выкарыстання ядравай зброі і нават часова размяшчалі ядравыя сістэмы на тэрыторыі Беларусі.

Павэл Флейшар таксама нагадаў, што на тэрыторыі Калінінградскай вобласці шмат гадоў размяшчаецца вайсковая частка, якая мае ядравую зброю, гатовую да ўжывання. Цяпер жа, адзначыў ён, Расея «падвышае стаўкі» ў суперніцтве з Заходняй Еўропай і ЗША.

«NATO ўжо некалькі гадоў усведамляе магчымасць размяшчэння ядравых сістэмаў таксама на тэрыторыі Беларусі, як і ў іншых рэгіёнах краінаў, саюзных Расейскай Федэрацыі», – сказаў ён.

Эксперт падкрэсліў, што NATO ўжо шмат гадоў узмацняе сваю сістэму супрацьпаветранай абароны ў Еўропе, таму новы крок з боку Расеі не заспеў іх знянацку і Паўночнаатлантычны альянс будзе гатовы «адказаць на пагрозу». А вось у эфектыўнасць перамоваў з РФ Павэл Флейшар не верыць, бо ранейшыя дамовы пра ядравае раззбраенне Расея парушае, а новыя заключыць не ўдалося.

Ізраіль нам не прыклад?

Раней у эфіры «Белсату» доктар філасофіі і гісторыі Юрый Фельштынскі заявіў, што планы прывезці ў Беларусь расейскую ядравую зброю – «не блеф, не шантаж, не пагрозы, а пачатак вайсковай аперацыі». Ён упэўнены, што гэта рыхтаванне да ядравага ўдару па Польшчы і Літве, таму развязваць «беларускае пытанне» трэба сілаю.

«Неабходна сіламі NATO або сіламі Польшчы, Літвы, Украіны ды беларускіх фармаванняў, што цяпер ва Украіне, уваходзіць у Беларусь і вызваляць Беларусь ад дыктатуры Лукашэнкі. Іначай Еўропа рызыкуе зрабіцца часткаю ядравага канфлікту, і гэтае сутыкненне непазбежнае», – мяркуе Фельштынскі.

Рэпартаж
Расея можа запусціць ядравыя ракеты з Беларусі, каб не атрымаць адказ па сваёй тэрыторыі
2022.10.01 12:02

Пры гэтым, напрыклад, Ізраіль перыядычна знішчае магчымасці варожых яму краінаў абзавесціся ўласнай ядравай зброяй. Напрыклад, у 1981 годзе ВПС Ізраілю знішчылі ядравы рэактар у Іраку, у 2007-м – у Сірыі. Падазраюць Ізраіль і ЗША таксама, напрыклад, у атаках на вайсковыя аб’екты Ірану ў студзені 2023 года.

Але, кажа Ігаль Левін, «гэта не зусім падобныя сітуацыі».

«І Ірак, і Сірыя стваралі свае ядравыя рэактары з мэтамі знішчэння Ізраілю. У Іране ў законах прапісанае знішчэнне Ізраілю як дзяржавы. Таму тут вядзецца не пра шантаж, а пра наўпроставыя пагрозы, у той час як Расея намагаецца максімальна шантажаваць Захад, каб зменшыць вайсковую дапамогу Украіне», – заявіў афіцэр Арміі абароны Ізраілю.

Катэгарычна не згодны з такою магчымасцю і Павэл Флейшар:

«Беларусь цяпер з вайсковага пункту гледжання ёсць тэрыторыяй Расейскай Федэрацыі. І таму якія-небудзь варожыя крокі ў дачыненні беларускай дзяржавы з боку любой краіны NATO маглі б спрычыніцца да канфлікту на глабальным узроўні».

Ізраіль жа, заявіў польскі эксперт, мае большую эластычнасць адносна сваіх суседзяў, чым краіны NATO. Адхілілі ідэю нападу Паўночнаатлантычнага альянсу на Беларусь, каб перадухіліць размяшчэнне ў ёй ядравай зброі, і ў Офісе Святланы Ціханоўскай.

Каментар
У офісе Ціханоўскай адхілілі ідэю нападу NATO на Беларусь у адказ на ядравую пагрозу
2023.03.29 21:45

Ян Круглік belsat.eu

Стужка навінаў