Беларускіх вайскоўцаў выправілі ў Расею вучыцца запускаць ядравыя ракеты


Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што ў Расею «дзеля практычнай падрыхтоўкі» выправіліся разлікі ракетнага комплексу «Іскандэр-М». «Асабоваму складу трэба будзе дэталёва вывучыць ужыванне тактычных ядравых боепрыпасаў», – заявілі ў прэс-службе ведамства.

Ракетны комплекс «Іскандэр».
Фота: vpk.name

Беларускія вайскоўцы будуць навучацца на расейскім палігоне – на якім менавіта, не ўдакладняецца.

«Асноўнымі пытаннямі поўнага цыклу навучання стануць далейшае ўдасканаленне практычных навыкаў у падрыхтоўцы ракетнага комплексу да ўжывання, трэнаванні ў яго разгортванні, а таксама правядзенне вучэбна-баявых пускаў», – паінфармавала прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі.

Таксама асабовы склад навучаць прымяняць тактычныя ядравыя боепрыпасы комплексу.

Пры гэтым у студзені Мінабароны паведамляла, што беларускія вайскоўцы пачалі «поўную самастойную эксплуатацыю» аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу «Іскандэр» пасля навучання ў Расеі.

Тым часам міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу сёння паведаміў, што Беларусь атрымала комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць як звычайныя, гэтак і ядравыя ракеты. Ён пацвердзіў, што 3 красавіка беларускія вайскоўцы пачалі трэнаванне на расейскім палігоне.

Пра тое, што «Іскандэры» пастаўленыя на баявое дзяжурства ў Беларусі, Аляксандр Лукашэнка абвесціў летась у снежні. Яшчэ да вайны ва Украіне ён казаў, што хоча размясціць іх на заходнім і паўднёвым кірунках.

Агляд
«Зброя вар’ятаў», «ненавіджу». Што Лукашэнка казаў пра ядравую зброю, якую хоча пусціць у Беларусь
2023.03.28 14:10

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў