Забойства Лізы шакавала Польшчу. Пачаліся дыскусіі, будуць маршы, магчымыя змены законаў


У Польшчы, як і ў любой краіне, здараюцца страшныя злачынствы. Але згвалтаванне і забойства беларускі Лізаветы ў самым цэнтры Варшавы выклікала вялікі рэзананс і сярод беларусаў, і сярод палякаў.

Лізавета, якая пацярпела ад згвалтавання ў цэнтры Варшавы
Лізавета, якая пацярпела ад згвалтавання ў цэнтры Варшавы, у лякарні. 25 лютага 2024 года.
Фота: Даніла, сябар Лізаветы

Ранкам 25 студзеня ў цэнтры Варшавы знайшлі голую жанчыну без прыкметаў жыцця. Як высветлілася пазней, 25-гадовая беларуска Лізавета была ахвяраю згвалтавання, нападнік пагражаў ёй нажом, задушыў амаль да смерці. Неўзабаве затрымалі падазраванага, 23-гадовага паляка Дор’яна С. 1 сакавіка Ліза памерла. Пахаваць яе збіраюцца ў Варшаве.

Як спрабавалі дапамагчы Лізе

Медыкі змагаліся за жыццё Лізы. Дзяўчына ўвесь час заставалася пад апаратам штучнай вентыляцыі лёгкіх. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у выніку таго што нападнік яе душыў, у Лізаветы спынялася сэрца, у мазгі пэўны час не паступаў кісларод, што выклікала незваротныя наступствы.

Пакуль была надзея, што Лізу выратуюць, ейны сябар, украінец Даніла, запусціў збор сродкаў: Ліза не працавала афіцыйна і не мела медычнай страхоўкі, таксама не мела родных у Польшчы.

За шэсць дзён 10,5 тысячы карыстальнікаў з Беларусі, Польшчы і іншых краінаў ахвяравалі Лізе больш за 550 тысячаў злотых – амаль 140 тысяч долараў. І гэта пры тым, што не была вядомая неабходная сума, прагнозы ад пачатку не былі суцяшальныя, а збіральнік грошай не быў родзічам Лізы. Цяпер сабраныя грошы вяртаюць ахвяравальнікам. Сябар загінулай адкрыў новы збор – ужо на пахаванне.

Напад на Лізу атрымаў шырокі розгалас. Для Данілы знайшлі неабходных адвакатаў і перакладчыкаў, адгукнуліся лекары, юрысты Аб’яднанага пераходнага кабінету і Народнае антыкрызіснае ўпраўленне. Падтрымаць збор для яе заклікалі абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская і іншыя прадстаўнікі дэмакратычных сілаў. Калі б Лізавета выжыла, дапамагчы з яе рэабілітацыяй у нямецкай клініцы «Шарытэ» абяцаў сузаснавальнік фондаў «BYSOL» і «By_help» Аляксей Лявончык.

Цяпер Святлана Ціханоўская і іншыя выказваюць спачуванні з нагоды смерці і заклікаюць далучыцца да акцыяў памяці.

«На жаль, мы не можам вярнуць Лізу. Але мы можам быць яе голасам, быць голасам усіх жанчын, якія спазналі гвалт. Бо пра гэта нельга маўчаць», – напісала Ціханоўская.

Як рэагуюць палякі і беларусы

Забойства Лізы закранула сапраўды шмат каго. На месца забойства – каля дому па адрасе вул. Журавя, 47 (Żurawia 47)нясуць кветкі і знічы.

Ад гэтага дому 6 сакавіка а 18:00 пойдзе марш памяці пад назваю «Яе звалі Ліза». На маршы заклікаюць выйсці і ў іншых гарадах.

Кіраўніца праекту «Беларус беларусу» Валярына Кустава, якая трымала кантакт з Данілам і перадавала навіны пра Лізу ад яго, расказала, што пасля смерці дзяўчыны ёй пісалі паведамленні неабыякавыя палякі і прасілі прабачэння за злачынца-земляка.

Беларускі ў сацсетках пачалі расказваць пра тое, які гвалт ці напады перажылі самі. Найчасцей такія гісторыі расказваюць пад гэштэгам #хопіцьгвалціць. Камусьці пашчасціла адбіцца ці ўцячы, але некаторыя ўпершыню расказалі, што зрабіліся ахвярамі сексуальнага гвалту.

Разбор
«Мы ходзім з ключамі ў руках уначы, не заходзім у ліфт, калі там мужчына». Як спыніць гвалт?
2024.03.04 18:22

Шмат якіх палякаў здзівіла і абурыла, што ў злачынства былі сведкі, якія не спынілі нападніка. І псіхолаг, і былая паліцыянтка тлумачылі гэта «эфектам размеркаванай адказнасці»: сведкі нападаў часта думаюць, што раз яны не адныя гэта бачаць, дык адрэагаваць мусіў хтосьці іншы, бо так падсвядома бароняць саміх сябе. Рэдактарка папулярнага польскага выдання Onet.pl пісала: калі нешта здарыцца, крычыце не «ратуйце», а «пажар».

Польскі Кангрэс жанчын звярнуўся з заклікам мабілізаваць палітычныя, праўныя і адукацыйныя рэсурсы, каб спыніць гвалт. Польскіх палітыкаў ужо крытыкуюць за нерашучую пазіцыю.

Намесніца міністра юстыцыі Мар’я Эйхарт заявіла, што змены ў Крымінальным кодэксе абавязковыя. На сённяшні момант у Польшчы за згвалтаванне пагражае максімум 12 гадоў зняволення, але звычайна суд выносіць нашмат лягчэйшыя выракі. Аднак ужо існуе праект зменаў у Крымінальным кодэксе, які ўтрымлівае значна больш жорсткае пакаранне за згвалтаванне, а таксама новае азначэнне згвалтавання.

Калі рашэнне, прапанаванае дэпутатамі, набудзе моц, зменіцца і само азначэнне: згвалтаваннем будуць лічыцца палавыя зносіны без папярэдняй інфармаванай і свабоднай згоды. Законапраект прадугледжвае і павелічэнне мінімальнага пакарання з двух да трох гадоў. Гэта ключавая змена, якая азначае, што сексуальны гвалт будзе разглядацца як крымінальнае злачынства, а не як правапарушэнне.

У цэнтры Варшавы тым часам надумалі арганізаваць бясплатныя курсы самаабароны для жанчын, мясцовыя ўлады таксама заклікалі павялічыць колькасць патрулёў і камераў назірання, зварот сярод іншых падпісаў бурмістр цэнтру Варшавы (раёну Сьрудмесьце).

З ініцыятывай праекту самаабароны для жанчын выступіў таксама беларускі прадпрымальнік Мікіта Шацёр.

Як рэагуюць улады Беларусі – і што нясуць прапагандысты

Афіцыйная рэакцыя ўладаў Беларусі абмежавалася гэтымі радкамі Міністэрства замежных справаў:

«У беларускія замежныя ўстановы ніякіх зваротаў або афіцыйнай інфармацыі ў гэтым пытанні не паступала. Адпаведныя запыты накіраваныя ў праваахоўныя органы Польшчы».

Напаўафіцыйная рэакцыя зусім іншая. Дзяржаўныя прапагандысты, напрыклад, Аляксей Дзермант і Грыгорый Азаронак, абвінавацілі ў смерці Лізы дэмакратычныя сілы. Маўляў, гэта Ціханоўская і паплечнікі вінаватыя ў тым, што дзяўчына паехала ў Польшчу, дзе «могуць збіць і згвалціць у цэнтры сталіцы, а ніхто не прыйдзе на дапамогу».

У Варшаве сапраўды раней бывалі падобныя трагедыі. Гэтак, паўтара года таму жанчыну згвалцілі і задушылі ў Пражскім парку, што праз раку ад Каралеўскага замку. А 10 месяцаў таму на жанчыну напалі на чыгуначнай станцыі Павісьле, што амаль у цэнтры Варшавы, і камеры назірання нападніка не спынілі – але жанчыну ўратавала тое, што нападнік спужаўся сведак.

З другога боку, Польшчу ніяк нельга назваць менш бяспечнаю за Беларусь.

Гэтак, паводле звестак Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў на 2017 год (навейшых не публікавалі), у Беларусі на 100 тысяч чалавек прыпадала 9,2 зарэгістраванага злачынства сексуальнага характару, а ў Польшчы – 8,5, і ў папярэднія гады паказнік Польшчы быў пастаянна ніжэйшы за паказнік Беларусі.

Дый гэтая статыстыка ненадзейная, бо не ўлічвае злачынстваў, якіх не зарэгістравалі. Больш надзейная статыстыка, звязаная з трагедыяй, – гэта колькасць наўмысных забойстваў. Паводле звестак ААН, у Беларусі і ў Польшчы ў апошнія гады рэгіструюць прыблізна аднолькавую колькасць ахвяраў наўмысных забойстваў на год, а насельніцтва Польшчы ў чатыры разы большае за насельніцтва Беларусі. Таксама прыблізна роўная колькасць забойстваў з гендарных прычынаў: з улікам колькасці насельніцтва ў Беларусі яны ў чатыры разы часцейшыя, чым у Польшчы.

Шматлікія заявы аб сексуальным гвалце сілавікоў, учыненым з палітычных матываў, у Беларусі не расследавалі.

Агляд
«Дагэтуль не выношу дотыкаў чужых». Беларускі масава выступаюць у сеціве супраць гвалту
2024.03.04 21:15

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў