Стан беларускі, на якую напалі ў Варшаве, застаецца цяжкім. Дэмсілы спрабуюць дапамагчы


Стан беларускі Лізаветы, на якую напалі ў цэнтры Варшавы, да раніцы 29 лютага заставаўся цяжкім, паляпшэнняў няма. Пра гэта «Белсату» распавёў яе хлопец Даніла. Дзяўчына непрытомная, падключаная да апарата ШВЛ, у яе праблемы з кровазваротам. Ёй спрабуюць дапамагчы Офіс Ціханоўскай, НАУ, а Аляксей Лявончык абяцае рэабілітацыю ў «Шарытэ».

Месца, дзе, паводле мясцовых СМІ, адбыўся напад на Лізавету.
Фота: Krzysztof Burski / newspix.pl

«Стан не лепшы. Усё гэтак жа», – кажа Даніла.

З дня нападу 24 лютага Лізавета не вярталася да прытомнасці. Апошні прагноз, агучаны медыкамі: яе чакае вегетатыўны стан альбо смерць. Аднак надзея ў Данілы застаецца.

Ён абвесціў збор на лячэнне і рэабілітацыю дзяўчыны, бо Лізавета не мае медычнай страхоўкі. На момант публікацыі сабрана больш за $ 110 тысяч, аднак збор працягваецца. Таксама Даніла шукаў дактароў, якія дапамаглі б растлумачыць, што адбываецца з Лізаветай, і юрыстаў, бо блізкіх у Лізаветы ў Польшчы няма, а без сваяцтва або шлюбу Даніла не можа весці справаў Лізаветы. Са словаў хлопца, спецыялістаў удалося знайсці, але праблемы застаюцца.

«У мяне не атрымліваецца ўзяць даведкі з лякарні аб стане ейнага здароўя, лекары адмаўляюцца даваць, бо ў нас няма пацверджання сваяцтва або шлюбу», – кажа Даніла.

Цяпер юрысты думаюць, як яму дапамагчы.

Адгукнуліся з Офісу Ціханоўскай і з НАУ

Паэтка і журналістка Валярына Кустава рэгулярна на сувязі з Данілам. Яна дапамагае хлопцу як валанцёрка ў межах праекту «Беларус беларусу». Валярына кажа, што ён вельмі ўдзячны ўсім, хто адгукаецца і гатовы дапамагаць.

«У мяне атрымліваецца перадаваць яму досыць шмат кантактаў, адгукнуліся і юрысты Кабінету Святланы Ціханоўскай, і з НАУ і іншыя, каб на дабрачынных пачатках дапамагчы Данілу разабрацца з юрыдычнымі пытаннямі, бо цяпер гэта вельмі важны момант. Бо грамадскасць патрабуе пацверджання, медычных дакументаў для збору, а ён іх зможа атрымаць толькі ў тым выпадку, калі будзе апекуном Лізы, альбо нейкім чынам юрыдычна атрымаецца пацвердзіць тое, што ён упаўнаважаная асоба ў гэтай справе», – кажа Кустава.

Таксама Данілу абяцаў дапамагчы з рэабілітацыяй дзяўчыны ў нямецкай клініцы «Шарытэ» сузаснавальнік фондаў «BYSOL» і «By_help» Аляксей Лявончык, адзначае суразмоўніца.

«Там была зробленая ўнікальная аперацыя герою “Беларус беларусу” Віталю Тысеву. Там вельмі моцныя дактары і, калі нейкі шанец ёсць, то будзе гэтая магчымасць выкарыстаная», – працягвае суразмоўца.

Таксама знайшоўся дзядзька Лізаветы, які жыве ў Беларусі. Даніла каардынуе свае дзеянні менавіта з ім, бо бацькі Лізаветы былі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў.

«Па сутнасці, ён, бадай, адна найбольш набліжаная асоба, якая ўвогуле можа прымаць нейкія рашэнні. Але я так разумею, што цяпер будзе весціся размова пра тое, каб менавіта даверанай асобай зрабіць гэтага хлопца, бо на дадзены момант Даніла не мае статусу мужа, але яны жылі разам тры гады і ён фактычна для яе родны чалавек.

Трэба дадаць яшчэ пра збор, што сума насамрэч вялізная – 800 тысячаў злотых. І здавалася першапачаткова, што яна рандомна была выстаўленая, таму што ніякіх медычных пацверджанняў патрэбнасці гэтай сумы няма, але трэба ўлічыць, што, па-першае, хлопец у шоку. І ён проста збірае сродкі на ўсё, што можа спатрэбіцца. Таксама я даведалася, што насамрэч утрыманне ў коме і рэабілітацыя якраз могуць каштаваць каля 100 тысячаў долараў. Таму, калі Ліза вернецца да прытомнасці, гэтыя сродкі могуць вельмі прыдацца», – працягвае Валярына Кустава.

Hавiны
Згвалтаваная ў Варшаве беларуска ў вельмі цяжкім стане. Адкрыты збор для яе падтрымкі
2024.02.27 18:50

Напад на 25-гадовую Лізавету адбыўся ў цэнтры Варшавы, калі яна вярталася ўначы дадому пешшу. Мужчына напаў на яе з нажом, прыціснуў да брамы, душыў і згвалціў. Лізавета ў непрытомным стане доўгі час ляжала на лесвіцы. Яе знайшоў ахоўнік, які прыйшоў на працу ў ранішнюю змену. Ратавальнікі, якія прыбылі на месца здарэння, спрабавалі яе рэанімаваць. Дзяўчына застаецца ў шпіталі ў вельмі цяжкім стане.

Гвалтаўніка затрымалі ў той жа дзень. Яму выстаўленыя абвінавачанні ў сексуальным злачынстве, рабаванні і замаху на забойства з ужываннем небяспечнай зброі. У здымнай кватэры, дзе ён жыў, знайшлі балаклаву, нож, два мабільныя тэлефоны, а таксама плацежныя карты і гаманец пацярпелай, паведамляе варшаўская паліцыя.

Нападніку пагражае да 25 гадоў пазбаўлення волі або пажыццёвае зняволенне.

Hавiны
«Лекары кажуць рыхтавацца да горшага». Што вядома пра беларуску, якую згвалтавалі ў цэнтры Варшавы
2024.02.27 17:34

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў