«Яе звалі Ліза». У Варшаве пройдзе марш памяці аб згвалтаванай і забітай беларусцы


Марш памяці аб 25-гадовай Лізавеце плануюць зладзіць 6 сакавіка. Пунктам збору будзе месца, дзе адбылося злачынства, вуліца Журавя (Żurawia) 47 у Варшаве.

Акцыю памяці аб 25-гадовай Лізавеце плануюць правесці ў Варшаве 6 сакавіка.
Фота: facebook.com/events/s/miała-na-imie-liza-marsz-przec

«Яе звалі Ліза, ёй было 25 гадоў, у яе былі карыя вочы і талент да стварэння капелюшоў. Яна прыехала жыць у Польшчу з-за небяспекі ў Беларусі. Мы ўжо не даведаемся, пра што яна марыла і што планавала – уначы, у цэнтры Варшавы, у элітным раёне, яе жорстка згвалтавалі і забілі. Ніхто не адрэагаваў, ніхто не патэлефанаваў у службу 112.

Мы павінны адрэагаваць зараз. Мы вінны ёй. Мы выходзім на вуліцы ў яе гонар і ў памяць аб усіх жанчынах, якія падвергліся сексуалізаванаму гвалту. Мы не жадаем баяцца. Мы не жадаем, каб баяліся нашы дочкі і нашыя сяброўкі.

Тое, што здарылася з Лізай, магло адбыцца з любой з нас. Яе згвалціў і забіў «звычайны» чалавек. Мы выходзім на вуліцы, каб Ліза не была забытая. Каб вуліцы нарэшце сталі бяспечнымі для нас», – гаворыцца ў заяве арганізатараў.

Акцыя мае распачацца а 18:00 6 сакавіка на месцы злачынства – вуліца Журавя (Żurawia) 47 у Варшаве. Адтуль удзельнікі пройдуць маршам да Палацу культуры.

Арганізатары заклікаюць прыходзіць на акцыю ў чорным адзенні. Марш плануюць правесці ў цішыні.

Hавiны
Беларус у Варшаве задумаў праект самаабароны для жанчын, каб мінімізаваць «гамон»
2024.03.02 12:27

Нагадаем, што 25 лютага ў Варшаве на 25-гадовую беларуску Лізавету напаў 23-гадовы Дор’ян С., згвалціў яе і душыў, праз што ў Лізаветы здарылася гіпаксія, якая пацягнула за сабою незваротныя наступствы для мазгоў. 1 сакавіка беларуска памерла ў шпіталі.

Нападніка затрымалі праз некалькі гадзінаў пасля здзяйснення злачынства. Раней маладога мужчыну судзілі за захоўванне наркотыкаў і дробны крадзеж. Паводле Onet.pl, ён пройдзе праз псіхіятрычную экспертызу, якая мусіць вызначыць ягоную свядомасць у момант нападу. Калі вынікі ўскрыцця цела пацвердзяць, што смерць Лізаветы наступіла ў выніку дзеянняў нападніка, то гэта можа паўплываць на абвінавачанні, якія выстаўляюцца Дор’яну С., ён паўстане перад судом за ейнае забойства.

Пахаваюць Лізавету ў Варшаве.

Смерць Лізаветы выклікала ў Польшчы дыскусію на тэму ўвядзення больш жорсткага пакарання для вінаватых у сексуальных злачынствах. Намесніца міністра юстыцыі Мар’я Эйхарт заявіла, што змены ў заканадаўстве абавязковыя.

Фота
Людзі нясуць знічы і кветкі да месца нападу на беларуску Лізавету ў Варшаве
2024.03.02 18:31

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў