Грошы, сабраныя на лячэнне загінулай у Варшаве беларускі, вяртаюць ахвярадаўцам


Сродкі са збору пачалі вяртацца ахвярадаўцам ужо з вечара 4 сакавіка. Пра гэта расказала «Белсату» кіраўніца праекту «Беларус беларусу» Валярына Кустава, якая трымае кантакт з хлопцам загінулай дзяўчыны.

Лізавета са сваім хлопцам Данілам.
Фота: duccikk / instagram

Раней у шпіталі, у які беларуска Лізавета трапіла пасля згвалтавання ў цэнтры Варшавы, адзначалі, што грошы, сабраныя на лячэнне дзяўчыны, не будуць выкарыстаныя на аплату іх паслуг. Таксама ў шпіталі заявілі, што ў пытанні аплаты маюць намер звярнуцца ў беларускую амбасаду ў Польшчы, бо гэтага патрабуюць зацверджаныя працэдуры. Вядома, што хлопец загінулай беларускі Даніла аплатамі займацца не будзе. А ўжо з вечара 4 сакавіка ахвяраваныя грошы вяртаюцца да адпраўнікоў.

Тым часам цела Лізаветы перададзенае ва ўстанову судовай медыцыны для правядзення працэдуры анатамавання. Нападніку выстаўленыя абвінавачанні ў сексуальным злачынстве, рабаванні і замаху на забойства з ужываннем небяспечнай зброі. Калі вынікі анатамавання цела пацвердзяць, што смерць Лізаветы наступіла ў выніку дзеянняў нападніка, то гэта можа паўплываць на абвінавачанні, выстаўленыя Дор’яну С., і ён паўстане перад судом за ейнае забойства.

Нагадаем, што 1 сакавіка стала вядома пра смерць 25-гадовай беларускі Лізаветы, якую згвалтавалі ў цэнтры Варшавы. Напад на яе адбыўся 25 лютага, калі яна вярталася ўначы дадому пешшу. Злачынца кінуўся на яе з нажом, прыціснуў да брамы, душыў і згвалціў. Лізавета ў непрытомным стане доўгі час ляжала на сходах. Яе знайшоў ахоўнік, які прыйшоў на працу ў ранішнюю змену. Ратавальнікі, якія прыбылі на месца здарэння, спрабавалі яе рэанімаваць, потым даставілі ў клінічны шпіталь.

Дзяўчына ўвесь час заставалася пад апаратам штучнай вентыляцыі лёгкіх. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у выніку таго, што нападнік яе душыў, у дзяўчыны спынялася сэрца, у мозг пэўны час не паступаў кісларод, што выклікала незваротныя наступствы.

6 сакавіка ў Варшаве пройдзе марш памяці Лізаветы. Пунктам збору будзе месца, дзе адбылося злачынства, вуліца Журавя, 47 (Żurawia 47). Акцыя пачнецца а 18:00.

«Мы абмеркавалі з Данілам Марш салідарнасці, што адбудзецца на знак памяці пра Лізу і супраць гвалту. Даніла лічыць, што гэта мае сэнс. Як мінімум, каб улады прадпрынялі захады, каб заўтра такое не здарылася са мной, з вамi, з іншым дзяўчатамі. Даніла кажа, што нікому не жадае перажыць таго, што перажыла Ліза. І не жадае мужам, хлопцам, каханым адчуць тое, што перажыў ён. Усе сродкі са старога збору мусяць быць вернутыя і зноў накіраваныя ахвярадаўцам ад Pomagam pl. Будзе створаны новы збор, падрабязнасці пра яго з’явяцца пазней», – адзначыла Валярына Кустава.

Пахаваюць Лізавету ў Варшаве.

Смерць Лізаветы выклікала ў Польшчы дыскусію на тэму ўвядзення больш жорсткага пакарання для вінаватых у сексуальных злачынствах. Намесніца міністра юстыцыі Мар’я Эйхарт заявіла, што змены ў заканадаўстве неабходныя.

Фота
Людзі нясуць знічы і кветкі да месца нападу на беларуску Лізавету ў Варшаве
2024.03.02 18:31

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў