Хлопец загінулай у Варшаве беларускі адкрыў новы збор – каб пахаваць каханую


Сабраныя раней 550 тыс. злотых на лячэнне згвалтаванай беларускі Лізаветы, якая памерла ў Варшаве, ужо пачалі вяртаць ахвярадаўцам. Нічога з гэтых грошай выдаткаваць на пахаванне дзяўчыны ці адвакатаў нельга. Таму сябар беларускі Даніла запусціў новы збор.

Лізавета, загінулая ад нападу гвалтаўніка ў Варшаве.
Фота: https://pomagam.pl

Сродкі, сабраныя на лячэнне беларускі Лізаветы, якую згвалтавалі і душылі ў цэнтры Варшавы, пачалі вяртацца на карты ахвяравальнікаў з вечару 4 сакавіка. Усяго ўдалося сабраць больш за паўмільёна злотых. Цяпер сэрвіс Pomagam.pl пачаў вяртаць сродкі, бо яны не могуць быць скарыстаныя паводле прызначэння – на лячэнне і рэабілітацыю Лізы: збор быў абвешчаны, калі дзяўчына яшчэ была жывая і заставалася ў коме, аднак 1 сакавіка яна памерла. Поўнае вяртанне сродкаў зойме некалькі дзён.

Адначасова сябар загінулай беларускі Даніла абвесціў новы збор, гэтым разам на пахаванне.

«Я ўжо звяртаўся да вас па дапамогу, і дзякуючы вам і вашаму падтрыманню нам удалося сабраць больш за паўмільёна злотых, каб забяспечыць ёй лячэнне, аднаўленне і псіхалагічнае падтрыманне…

Гэтыя сродкі павінны былі пайсці на лячэнне і рэабілітацыю Лізы, таму мы не можам зараз выкарыстоўваць іх для іншай мэты. Таму Pomagam.pl ужо пачынае вяртанне ўсіх сродкаў збору «Выратаваць жыццё дзяўчыне» адпраўнікам. Мы хочам стрымаць сваё слова адносна прызначэння сабраных грошай, таму робім зварот.

Але цяпер я зноў прашу вас пра дапамогу. Цяпер стаіць пытанне пахавання, аплаты месца на могілках і спадарожных выдаткаў. Ліза была ў Польшчы ўцякачкай – адна, без сямʼі. Яна не была застрахаваная. Пытанне пахавання Лізы – цяпер мая адказнасць і задача, таму адкрыты гэты збор. Сабраныя сродкі будуць скарыстаныя на пакрыццё выдаткаў на пахаванне Лізы, юрыдычную дапамогу і падтрыманне блізкіх у гэтай трагічнай сітуацыі», – напісаў Даніла ў апісанні новага збору.

З ягоных словаў, самае сціплае пахаванне ў Варшаве каштуе ад 10 тыс. злотых. Пры гэтым месца на могілках будзе аплачанае толькі на 20 гадоў. Калі купіць месца назаўжды, то гэта каштуе ад 12 да 20 тыс. злотых. Сярэдняе пахаванне ў Варшаве каштуе 14–16 тыс. злотых, да гэтага трэба дадаць паслугі святара (прыкладна 1,3 тыс. злотых) і гэтак далей. Важна і аформіць магілу, паставіць помнік.

«Таксама для мяне і ўсіх, хто мяне падтрымлівае цяпер, важна, каб злачынец атрымаў максімальнае пакаранне за тое, што ён забраў чужое жыццё. У сувязі з гэтым неабходная сума для аплаты паслуг юрыста, які будзе абараняць інтарэсы Лізаветы ў крымінальным працэсе. У Варшаве гэта каштуе ад 20 000 злотых. Сродкі таксама спатрэбяцца пры рыхтаванні і легалізацыі дакументаў як на баку Польшчы, так і ў Беларусі.

Таксама я хачу выказаць кожнаму з вас падзяку і абняць кожнага з вас за вашую дапамогу і падтрыманне!» – адзначыў хлопец.

На момант публікацыі на пляцоўцы сабрана амаль 14 тыс. злотых.

Агляд
Забойства Лізы шакавала Польшчу. Пачаліся дыскусіі, будуць маршы, магчымыя змены законаў
2024.03.05 12:41

Нагадаем, што 1 сакавіка стала вядома пра смерць 25-гадовай беларускі Лізаветы, якую згвалтавалі ў цэнтры Варшавы. Напад на яе адбыўся 25 лютага, калі яна пешшу вярталася дадому ўначы. Злачынца кінуўся на яе з нажом, прыціснуў да брамы, душыў і згвалціў. Лізавета ў непрытомным стане доўгі час ляжала на сходах. Яе знайшоў ахоўнік, які прыйшоў на працу ў ранішнюю змену. Ратавальнікі, якія прыбылі на месца здарэння, спрабавалі рэанімаваць Лізавету, а потым даставілі яе ў клінічны шпіталь.

Дзяўчына ўвесь час заставалася пад апаратам штучнай вентыляцыі лёгкіх. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у выніку таго што нападнік яе душыў, у Лізаветы спынялася сэрца, у мазгі нейкі час не паступаў кісларод, што выклікала незваротныя наступствы.

Пахаваюць Лізавету ў Варшаве.

6 сакавіка ў Варшаве пройдзе марш памяці Лізаветы. Пунктам збору будзе месца, дзе адбылося злачынства: вуліца Журавя, 47 (Żurawia 47). Акцыя пачнецца а 18:00.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў