Святлана Ціханоўская: Рэжым Лукашэнкі зрабіў Беларусь суўдзельніцаю ваенных злачынстваў Расеі


Святлана Ціханоўская пракаментавала зверствы расейскіх вайскоўцаў у Ірпіні і Бучы, а таксама звярнула ўвагу на адказнасць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Святлана Ціханоўская.
Фота: Белсат

Ціханоўская кажа, што не можа зразумець такой бесчалавечнасці расейскіх вайскоўцаў:

«Расейскія жаўнеры расстрэльвалі мірных жыхароў са звязанымі рукамі і проста пакідалі іх ляжаць на дарозе. А рэжым Лукашэнкі зрабіў Беларусь суўдзельніцай у гэтых ваенных злачынствах. Многія з забітых на вуліцах украінскіх гарадоў – забітыя расейскімі войскамі з тэрыторыі Беларусі і са згоды Лукашэнкі».

Палітык адзначыла, што пад заваламі Мікалаеўскай абласной адміністрацыі знайшлі цела Таццяны Дзяменнікавай, якая працавала ў эканамічным дэпартаменце Мікалаеўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі ды ачольвала Мікалаеўскае абласное нацыянальна-культурнае таварыства беларусаў «Голас Радзімы»: «Таццяна Дзяменнікава любіла Беларусь і рабіла ўсё, каб развіваць сяброўства паміж украінцамі і беларусамі».

«Нам хацелася верыць, што жахаў Другой сусветнай нам і нашым дзецям ужо не давядзецца перажыць, але вайна прыйшла – і проста заставацца ўбаку немагчыма. Нашая агульная задача – скончыць гэты жах і сабраць усе доказы ваенных злачынстваў, каб яны не засталіся беспакаранымі», – падкрэсліла Ціханоўская.

  • Пасля вызвалення ўкраінскімі войскамі Кіеўскай вобласці стала вядома пра шматлікія ваенныя злачынствы на акупаваных тэрыторыях. Расейскія войскі пакінулі пасля сябе выпаленыя гарады і паселішчы, сотні мірных жыхароў былі забітыя. Найбольш жахлівыя звесткі прыходзяць з Бучы: мэр гораду заявіў, што Буча «ўсеяная трупамі». Мірных жыхароў забівалі стрэлам у патыліцу, у некаторых былі звязаныя рукі.
  • Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Human Rights Watch» ужо зафіксавала доказы ваенных злачынстваў у Бучы.
  • Амбасадарка Вялікай Брытаніі ў Кіеве Мэлінда Сіманз заявіла, што маецца дастаткова доказаў, каб можна было казаць пра свядомыя і ўхваленыя расейскай арміяй дзеянні, а не адзінкавыя злачынствы: «Жанчын гвалтавалі на вачах іхных дзяцей, дзяўчат – на вачах іхных сем’яў як наўмысны акт заняволення насельніцтва акупаванай тэрыторыі».

РР belsat.eu

Стужка навінаў