Будаўніцтва трэцяй чаргі палігону цвёрдых камунальных адкідаў «Трасцянецкі» плануюць пачаць у канцы сакавіка – пачатку красавіка 2024 года, паведамляе выданне «Минск-Новости».
Палігон «Трасцянецкі» – адзіны ў Менску. Згодна з праектам, ён мае адслужыць да 2025 года. Цяпер магутнасці палігону запоўненыя на 94 %. Менскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прагназуе, што палігон закрыюць у 2024-м. Гэтым тлумачыцца неабходнасць будаўніцтва новай чаргі.
Паводле плану, гэта будзе палігон з сістэмаю збору і ачышчэння фільтрату магутнасцю 649,3 тысячы тонаў за год. Зрэалізаваць праект разлічваюць прыкладна ў адзін час з завяршэннем будаўніцтва смеццесартавальнага заводу – да канца 2024 года. Завод і палігон будуць побач.
Заводам пасля рэканструкцыі стане смеццесартавальны комплекс, які ўжо існуе недалёка ад палігону «Трасцянецкі». На заводзе будуць сартаваць смецце, вырабляць RDF-паліва і тэхнічны грунт.
Арсен Рудэнка belsat.eu