Вайна

Еўрапейскія лідары прыехалі ў Кіеў, каб заклікаць Крэмль да 30-дзённага замірэння

Фрыдрых Мэрц, Дональд Туск, Кір Стармэр і Эманюэль Макрон 9 траўня ў Жэшаве (Польшча). Фота: Donald Tusk / Facebook
Фрыдрых Мэрц, Дональд Туск, Кір Стармэр і Эманюэль Макрон 9 траўня ў Жэшаве (Польшча). Фота: Donald Tusk / Facebook
podpis źródła zdjęcia

Канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц, прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Кір Стармэр і прэмʼер-міністр Польшчы Дональд Туск разам прыехалі ў Кіеў, каб сустрэцца з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і заклікаць да поўнага і безумоўнага спынення агню тэрмінам на 30 дзён, паведамляе «Bild».

Выстава вайсковай тэхнікі перад уваходам на канферэнцыю «Defence24 Days». Фота: Dominika Zarzycka / SOPA Images / LightRocket via Getty Images
Еўропа рыхтуецца да вайны і ўмацоўвае межы: высновы з «Defence24 Days» у Варшаве навіны

У супольнай заяве еўрапейскія лідары падтрымліваюць заклікі прэзідэнта ЗША Доналда Трампа да мірнага пагаднення і заклікаюць Расею «спыніць перашкаджаць намаганням у дасягненні трывалага міру». Замест гэтага Крэмль заклікаюць «пагадзіцца на поўнае і безумоўнае 30-дзённае спыненне агню, каб стварыць прастору для перамоваў пра справядлівы і трывалы мір».

У заяве чатыры найбуйнейшыя еўрапейскія дзяржавы падкрэсліваюць, што гатовыя падтрымаць мірныя перамовы як мага хутчэй для абмеркавання тэхнічнай рэалізацыі спынення агню і рыхтавання ўсёабдымнага мірнага пагаднення. З другога боку, яны заяўляюць, што гатовыя ўзмацніць ціск на Расею і падтрыманне Украіны, пакуль тая не пагодзіцца на сталае спыненне агню.

Раней, пасля тэлефоннай размовы з Трампам, Фрыдрых Мэрц казаў, што спадзяецца на зрухі ў мірных перамовах пасля выходных і працяг трохдзённага прыпынення агню на 30 дзён. Паводле яго, мяч цяпер «выключна» на баку Расеі.

Тым не менш у асяроддзі ўкраінскага прэзідэнта чуваць скептыцызм. Украінскі дыпламат ананімна паведаміў выданню «Bild», што пакуль не відаць «ніякай гатовасці з боку Пуціна пагадзіцца на 30-дзённае спыненне агню».

Уладзімір Пуцін абвясціў на час параду ў Маскве пра поўнае прыпыненне баявых дзеянняў ва Украіне з 8 да 10 траўня ўключна. Ці яго не паслухаліся, ці ён схлусіў, але баявыя дзеянні працягваюцца ў звычайным для гэтай вайны крывавым тэмпе. Паводле зводкі Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, за 8 траўня – першы дзень пуцінскага «замірэння» – былі зафіксаваныя 193 баявыя сутыкненні. Гэта вельмі высокая інтэнсіўнасць баёў.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10