навіны

Еўропа рыхтуецца да вайны і ўмацоўвае межы: высновы з «Defence24 Days» у Варшаве

Выстава вайсковай тэхнікі перад уваходам на канферэнцыю «Defence24 Days». Фота: Dominika Zarzycka / SOPA Images / LightRocket via Getty Images
Выстава вайсковай тэхнікі перад уваходам на канферэнцыю «Defence24 Days». Фота: Dominika Zarzycka / SOPA Images / LightRocket via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Еўропа думае, як абараняць свае межы і ўжо ўсё больш спадзяецца на свае сілы. У той жа час не ўсе ўпэўненыя ў тым, што яна да канца верыць у магчымасць будучага ваеннага супрацьстаяння з Расеяй. Пераказваем галоўныя думкі, што прагучалі падчас другога дня міжнароднай канферэнцыі «Defence24 Days», якая адбылася ў Варшаве 6 і 7 траўня і сабрала больш за 250 выступоўцаў з розных краінаў. 

Польска-беларуская мяжа на замку


Адна з панэляў цалкам была прысвечаная пытанням міграцыі і бяспекі на мяжы, у першую чаргу на польска-беларускім участку. Намеснік дзяржаўнага сакратара Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Мацей Душчык адзначыў, што колькасць замежнікаў у Польшчы за апошні час вырасла ў разы. Калі 10 гадоў таму ў Польшчы стала пражывала каля 100 тысячаў іншаземцаў, то сёння гэтая лічба складае больш за два з паловай мільёны. Бальшыня з іх – украінцы і беларусы.

Рост такой колькасці замежнікаў ён назваў свайго роду шокам не толькі для польскага грамадства, але і для рынку працы, аховы здароўя і іншых сфераў грамадскага жыцця. І да гэтага шоку, упэўнены Душчык, неабходна адаптавацца. Разам з тым прыбыццё вялікай колькасці замежнікаў у краіну павышае няпэўнасць сярод палякаў, таму задачаю міністэрства ён назваў выпрацаванне такой стратэгіі, каб замежнікі былі пад кантролем і пры гэтым былі адказнымі з гледзішча бяспекі.

Што да пытання пра штучна створаны міграцыйны крызіс на польска-беларускай мяжы, то Мацей Душчык адзначыў: каб цалкам заблакаваць гэты маршрут, прычым не толькі ў Польшчы, але і ў суседніх краінах (Літве, Латвіі, Эстоніі), неабходна прыкласці адпаведныя міжнародныя намаганні. Калі гэты шлях перастане быць эфектыўным для правядзення мігрантаў, Лукашэнка проста страціць цікавасць да гэтага, увесь механізм зробіцца нявыгадным для яго.

Прадстаўнік польскага МУС прызнаўся, што яго асабіста парадавалі не толькі паведамленні пра тое, што эфектыўнасць затрыманняў на мяжы з Беларуссю вырасла да 98 %, але і тое, што самі кантрабандысты паведамляюць у сваіх сетках: польска-беларуская мяжа закрыта, неабходна шукаць іншыя маршруты. «Гэта сведчыць, што прынятыя захады працуюць», – рэзюмаваў ён.

У той жа час намеснік каменданта Памежнай службы генерал Томаш Міхальскі адзначыў, што сёння відавочна: крызіс на польска-беларускай мяжы працягнецца і будзе праходзіць з рознай ступенню інтэнсіўнасці. Як доўга гэта будзе трываць, залежыць у першую чаргу ад кіраўнікоў Беларусі і Расеі. 

Наведнікі «Defence 24 Days» аглядаюць экспанаты выставы, што праходзіць у межах канферэнцыі. Варшава, Польшча. 6 траўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Наведнікі «Defence 24 Days» аглядаюць экспанаты выставы, што праходзіць у межах канферэнцыі. Варшава, Польшча. 6 траўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Ахова не толькі фізічнай, але і інфармацыйнай мяжы


Падчас абмену меркаваннямі на панэлі «Медыі на (аб) вайне кагнітыўнай» гаворка вялася не пра фізічныя межы, а пра межы кагнітыўныя, інфармацыйныя і пра тое, як у сённяшніх умовах важна умець іх адстойваць.

Так, дырэктарка стакгольмскага «Free World Forum» Анна Рэнеўс Гатры адзначыла, што сёння моладзь ідзе за навінамі не ў традыцыйныя медыі, а ў TikTok. СМІ сутыкаюцца з сур’ёзнымі выклікамі датычна таго, як ім адаптавацца да гэтых зменаў. Іншыя ўдзельнікі панэлі пры гэтым ілюстравалі, што Расея і Кітай вельмі добра навучыліся выкарыстоўваць гэтую і іншыя сацыяльныя платформы для прасоўвання сваіх наратываў.

У гэтым святле вельмі важна працаваць над тым, каб дэмакратычныя сістэмы не падпадалі пад уплыў аўтарытарных рэжымаў, адзначыла

Анна Рэнеўс Гатры. Адной з прапановаў наконт супрацьдзеяння, якую агучыў Майкл Бенаму з Europe's War Institute, было блакаванне TikTok, а таксама абмежаванне карыстання сацыяльнымі медыямі да максімум адной гадзіны на содні. На ягоную думку, Расея дзейнічае іначай, у адрозненне ад краінаў Захаду. 

,,

«Яна распаўсюджвае фальшывую інфармацыю, чуткі, спрабуе палярызаваць грамадства, ствараючы канфлікты паміж рознымі групамі, чаго Захад не робіць. Яны, на маю думку, наўмысна зніжаюць узровень крытычнага мыслення, прасоўваючы страх замест аналізу і разумення», – адзначыў Майкл Бенаму. 


Наведвальнікі канферэнцыі «Defence 24 Days» аглядаюць экспанаты выставы, якая праходзіць у рамках канферэнцыі. Варшава, Польшча. 6 траўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Як Польшча рыхтуецца да расейскага нападу і стварае «Усходні шчыт» – канферэнцыя «Defence24 Days»

Рэпартаж

Як завершыць агрэсію


Тэма вайны ва Украіне падчас панэляў ішла чырвонай ніткай. Бо сёння ўкраінскае грамадства зазнае на сабе напоўніцу ўздзеянне расейскай агрэсіі: як на полі бою, так і ў інфармацыйнай прасторы. Пытаннем пра тое, ці існуе які-небудзь сцэнар завяршэння расейская агрэсіі ва Украіне, задаваліся на асобнай панэлі.

Дырэктар па даследаваннях Даследчыцкага цэнтру па вывучэнні канфліктаў Кейр Джайлз адзначыў, што сёння вельмі важна не паддавацца памылковым тэрмінам, якія з’явіліся ў працэсе абмеркавання завяршэння вайны, асабліва фразам, якія выкарыстоўвае цяперашняя адміністрацыя ЗША кшталту «мірныя перамовы«, «мірнае пагадненне», «пагадненне па рэсурсах», бо яны не адлюстроўваюць рэальнай сітуацыі. Гэта былі не мірныя перамовы паміж Расеяй і ЗША, а, хутчэй, механізмы перадачы расейскіх патрабаванняў Украіне. Але нават пры такім падыходзе Расея не выказала цікавасці да спынення агрэсіі, адзначыў выступоўца. Таму, на ягоную думку, тут справядлівым застаецца прынцып: Расея не спыніцца, пакуль яе не спыняць.

Гэтая рэальнасць добра зразумелая ў краінах, што знаходзяцца бліжэй да Расеі, але ўсё яшчэ здаецца неінтуітыўнай для палітыкаў, дыпламатаў і нават ваенных кіраўнікоў на захад ад Варшавы, якія ўсё жыццё дзейнічалі зусім іншымі ўстаноўкамі.

Джайлз заўважыў, што фактычна былі ўжо два магчымыя сцэнары заканчэння канфлікту ва Украіне, але яны не былі выкарыстаны. Першы – на ранняй стадыі канфлікту, калі пры дастатковай падтрымцы Украіны можна было скарыстацца тым хаосам, які ўзнік у Расеі пасля таго, як яе фантазіі аб лёгкім захопе Кіева развалілася. Другі – магчымасць замірэння, якое першапачаткова лічылася адным з горшых сцэнарыяў, бо не ўтрымлівала ў сабе гарантый бяспекі і магло дазволіць Расеі аднавіць сілу для далейшага наступу. На жаль, змены ў палітыцы ЗША ператварылі гэты сцэнар у больш прымальны, заўважыў даследчык. 

Дыскусія «Бяспечная мяжа – бяспечная Польшча» падчас канферэнцыі «Defence 24 Days». Варшава, Польшча. 7 траўня 2025 года. Фота: Belsat
Дыскусія «Бяспечная мяжа – бяспечная Польшча» падчас канферэнцыі «Defence 24 Days». Варшава, Польшча. 7 траўня 2025 года. Фота: Belsat

Ён падкрэсліў, што цяпер, калі гэтыя магчымасці ўпушчаныя, асноўнае пасланне для ўсёй Еўропы застаецца нязменным: максімальная салідарнасць з Украінай, каб еўрапейская абарона заставалася на перадавой лініі. Еўрапейскія краіны павінны працягваць падтрымліваць Украіну, якая ўжо больш за дзесяць гадоў трымае фронт супраць агрэсіі.

«Гэта асноўнае пасланне, якое ўсё яшчэ цяжка ўсвядоміць ва ўсёй Заходняй Еўропе, і менавіта таму мы не бачым трансфармацыйных змен у абарончых стратэгіях, дактрыне і разуменні таго, што геаграфічная аддаленасць не гарантуе абарону ад Расеі. Акрамя таго, неабходны зрух у мысленні: варта адмовіцца ад аптымізму і меркавання, што ўсё будзе добра, і прыняць новую сітуацыю, у якой ранейшае абяцанне ЗША наконт бяспекі Еўропы ўжо не з’яўляецца непахісным. Гэта таксама патрабуе трансфармацыі, якую мы пакуль не бачым у найбуйнейшых сталіцах свету», – адзначыў выступоўца.

Пры гэтым прагноз Кейра Джайлза аб тым, што можна зрабіць, каб Заходняя Еўропа нарэшце ўсвядоміла рэальнасць пагрозы, быў несуцяшальны.

,,

«Магчыма, спатрэбіцца нейкая катастрофа. Толькі бясспрэчная трагедыя з вялікай колькасцю ахвяр зможа даказаць тое, што ўсе папярэднія падзеі не здолелі. Гэтая катастрофа можа нарэшце абудзіць заходнееўрапейскае насельніцтва, бо іх уласныя палітыкі дрэнна тлумачылі, у чым заключаецца цяперашняя пагроза», – падкрэсліў выступоўца.


Былы міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў, які прысутнічаў у дыскусіі ў фармаце анлайн, падкрэсліў, што сёння мы назіраем ва Украіне «апошнюю класічную вайну ў гісторыі чалавецтва», таму што цяпер усё часцей прыходзіцца сутыкацца з так званай гібрыднай вайной. Зараз на полі бою, заўважыў экс-міністр, выкарыстоўваецца як зброя савецкай і расейскай эпохі, стандартная натаўская зброя, так і прынцыпова новыя тэхналогіі – рабатызаваныя сістэмы, дроны ўсіх тыпаў. І менавіта таму, адзначыў Рэзнікаў, для перамогі Украіне сёння патрэбна не проста сучасная натаўскае ўзбраенне, але і новыя тэхналогіі, а таксама рэсурсы для развіцця беспілотнага вядзення вайны на полі бою.

Экс-міністр абароны Украіны Алякесей Рэзнікаў бярэ ўдзел у дыскусіі «Агрэсія Расеі ва Украіне. Сцэнары завяршэння». Варшава, Польшча. 7 траўня 2025 года. Фота: Belsat
Экс-міністр абароны Украіны Алякесей Рэзнікаў бярэ ўдзел у дыскусіі «Агрэсія Расеі ва Украіне. Сцэнары завяршэння». Варшава, Польшча. 7 траўня 2025 года. Фота: Belsat

Ці магчыма стрымаць Расею


Падчас адной з апошніх панэляў абмяркоўвалася пытанне аб тым, ці можна спыніць Расею – не дапусціць росту ейных апетытаў і прэтэнзій на еўрапейскія тэрыторыі.

Паводле віцэ-прэзідэнта Камітэта абароны, унутраных спраў і нацыянальнай бяспекі ў Румынскім парламенце Андрэя Бачу, любая стратэгія, не падмацаваная фінансаваннем, застаецца проста ідэяй. Таму ў першую чаргу сёння трэба гарантаваць бюджэт, які б мог забяспечыць стратэгію стрымлівання Расеі. Ён адзначыў, што сёння вельмі важна выкарыстоўваць магчымасці міжнароднай ініцыятывы «Гатовасць 2030», якая дазваляе краінам атрымаць дадатковыя бюджэтныя сродкі на абарону. 

,,

«Гатовасць 2030 – гэта супрацоўніцтва. Гэта ўзаемадзеянне еўрапейскіх краін, падтрымка Украіны і арганізацыя абароны… Я глыбока перакананы, што кааперацыя – гэта ключ да адказу на галоўнае пытанне гэтай панэлі: як спыніць Расею. Першы крок – захаваць кааперацыю, і гэта асноўны прынцып, на якім варта будаваць далейшыя дзеянні», – адзначыў Андрэй Бачу. 


Дыскусія «Новыя асновы абароннай сістэмы. "ReArm Europe" – шанец на ваенную незалежнасць» з удзелам міністраў абароны Польшчы, Літвы і Харватыі падчас канферэнцыі «Defence 24 Days». Варшава, Польшча. 6 траўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Еўропа прачнулася і рыхтуецца бараніцца: Расея можа напасці цягам 3–5 гадоў – канферэнцыя «Defence24 Days»

Рэпартаж

Прадстаўніца Польскага інстытуту міжнародных справаў Анна Марыя Дынер адзначыла, што праз некалькі гадоў вайны расейская эканоміка значна запаволілася, а санкцыі істотна абмежавалі яе магчымасці зарабляць на экспарце нафты і газу, якія складаюць траціну бюджэтных даходаў. Замарожаныя актывы прымусілі РФ выкарыстоўваць уласныя рэсурсы для вайны, што падкрэслівае важнасць далейшага ўзмацнення санкцый, асабліва супраць ценявых схем і краін, якія дапамагаюць абыходзіць абмежаванні. Выступоўца адзначыла, што Захад павінен быць больш жорсткім у гэтым пытанні, бо санкцыі хоць і не вырашаюць усе праблемы, але застаюцца адным з нешматлікіх эфектыўных інструментаў для стрымлівання расейскай агрэсіі.

Напрыканцы секцыі яна дадала, што адзіная мова, якую сёння разумее Расея, – гэта мова сілы. Неабходна паказаць, што наша грамадства гатовае абараняцца. Гэта пасылае сігнал, што, калі Расея паспрабуе ўварванне, кошт такога рашэння будзе настолькі высокім, што яно страціць сэнс.

«Акрамя таго, спыніць Расею патрабуе маштабнай працы ўнутры краіны, пачынаючы з адукацыі. Грамадства павінна быць устойлівым да інфармацыйнай вайны і іншых пагроз. Мэта не ў тым, каб мілітарызаваць грамадства ў прамым сэнсе, а ў тым, каб змяніць мысленне і ўмацаваць нацыянальную самасвядомасць», – адзначыла Анна Марыя Дынер.

Віцэ-прэм'ер Владыслаў Касіняк-Камыш вітае салдат перад пачаткам канферэнцыі «Defence 24 Days». Варшава, Польшча. 6 траўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Віцэ-прэм'ер Владыслаў Касіняк-Камыш вітае салдат перад пачаткам канферэнцыі «Defence 24 Days». Варшава, Польшча. 6 траўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Не да канца разумеюць


Пасля мерапрыемства «Белсат» паразмаўляў з сузаснавальнікам украінскага парталу «Мілітарны» Аляксандра Архатам, каб зразумець, ці ўрэшце да канца ўсвядомілі ў краінах Заходняй Еўропы небяспеку, якую ўяўляе для іх агрэсіўная палітыка Расеі. Суразмоўца адказаў, што яму гэтая сітуацыя нагадвае чалавека, які разумее, што нешта дрэннае адбудзецца, але ўсё роўна хоча верыць, што, можа быць, усё абыйдзецца, і спрабуе жыць нармальным жыццём. Але гэта дрэннае ўсё адно набліжаецца.

«Я быў тут і летась, і дынаміка, як мне здаецца, рухаецца ў бок рэалізму. Запомнілася, што ў мінулым годзе было шмат дэкларацый: маўляў, Расея вядзе вайну ва Украіне, але ў нас у дзясяткі разоў больш ВУП, большая армія, і яна нічога нам не зробіць. Трэба проста трохі падтрымліваць Украіну, і ўсё будзе добра, мы пераможам. Цяпер жа гучыць іншая рыторыка: мы рыхтуемся да вайны. Гэта кардынальная змена парадку дня, але здаецца, што некаторыя ўсё яшчэ не да канца вераць у тое, што такі сцэнар магчымы», – заўважыў Аляксандр Архат.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10