Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў думае, што галоўнаю падзеяй сёлетняга параду ў Маскве сталася не вайсковае шэсце, а сустрэча кіраўнікоў Расеі і Кітаю. На думку эксперта, праз падпісанне шматлікіх дакументаў Кітай канчаткова замацаваў сваю дамінантную пазіцыю ў дачыненнях з Расеяй.
На думку Віталя Цыганкова, прыезд Сі Цзінь Піна ў Расею на парад сапраўды можна назваць гістарычнаю падзеяй. Новыя дамоўленасці сведчаць, што Масква канчаткова апынулася ў арбіце Пекіну:
«Там было вельмі шмат дакументаў падпісана, і сутнасць іх у тым, што Кітай сказаў гэтымі дакументамі: Расея – гэта нашая сфера ўплыву».
Адначасова кітайскі лідар, паводле аналітыка, дзеяў, хутчэй, з уласнай стратэгічнай матывацыі, чымся з намеру падтрымаць Пуціна:
,,«Сі прыехаў на гэты парад, відавочна, не каб дапамагчы Пуціну, а каб замацаваць менавіта гэты статус Расеі як зоны ўплыву Кітаю і ўсё большай залежнасці Расеі ад Кітаю».
Аглядальнік звяртае ўвагу, што такая актыўнасць Пекіну звязаная з ростам напружання паміж Кітаем і ЗША, асабліва на фоне актывізацыі палітыкі Доналда Трампа. Кітай, як адзначае Цыганкоў, «занепакоіўся тым, што магло б адбыцца паміж Расеяй і ЗША, той актывізацыяй Трампа, і тое, што ЗША спрабуе неяк перацягнуць Расею на свой бок у супрацьстаянні з Кітаем».

Прысутнасць Лукашэнкі на парадзе: дэманстрацыя мінімальнай лаяльнасці
Каментуючы прыезд Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву на парад, Віталь Цыганкоў адзначае: гэты візіт меў, хутчэй, сімвалічны характар. У сваёй рыторыцы Лукашэнка падкрэсліваў рызыкі, звязаныя з паездкай, аднак палітолаг мяркуе, што ішлося не столькі пра рэальныя пагрозы, колькі пра палітычны жэст.
,,«Лукашэнка казаў пра рызыкі перад прыездам у Маскву, і, на маю думку, гэта рабілася, каб прадаць даражэй свой прыезд. Маўляў, бачыце, нягледзячы на рызыкі, я прыехаў».
Такім чынам, прысутнасць на парадзе разглядаецца як «мінімальнае намаганне праяўлення лаяльнасці». Паводле эксперта, для Лукашэнкі гэта найлепшы спосаб прадэманстраваць сваё падтрыманне Масквы, не ідучы на непрыемныя для яго саступкі:
,,«Прыехаць, пабыць на Краснай плошчы – гэта, скажам, самае лёгкае для яго, гэта робіць фактычна амаль кожны год, калі [адбываюцца] вялікія адзначэнні. І тут ён загаварыў пра рызыкі, каб менавіта паказаць, што ён, нягледзячы на ўсе страхі і абструкцыю, прыехаў: маўляў, давайце мяне цаніце за гэта, больш мне за гэта давайце”».
Віталь Цыганкоў дадае, што расейскі бок патрабуе ад Лукашэнкі значна больш, але пакуль ён працягвае выбудоўваць сваю стратэгію, заснаваную на дэманстрацыі «лагічнага падтрымання» з боку Масквы:
«Расея патрабуе значна большага – і будаваць завод [для вытворчасці беспілотнікаў], і нават чапляць георгіеўскую стужку, праводзіць “Бессмяротныя палкі” ў беларускіх гарадах. І Лукашэнка разумее, што гэта саступка, і вымушаны з са скрыпам пагаджацца».
Такім чынам, паездка Лукашэнкі ў Маскву – гэта яшчэ адна спроба прадэманстраваць лаяльнасць, але на сваіх умовах.
Раман Шавель belsat.eu