навіны

Супердрон з 3 тысячамі пачак беларускіх цыгарэт спрабаваў патрапіць у Літву

Супердрон з беларускімі цыгарэтамі, які прызямлілі літоўскія памежнікі. Крыніца: Delfi
Супердрон з беларускімі цыгарэтамі, які прызямлілі літоўскія памежнікі. Крыніца: Delfi
podpis źródła zdjęcia

У Шальчынінкайскім раёне Літвы, недалёка ад мяжы з Беларуссю, літоўскія памежнікі перахапілі беспілотнік, які перавозіў буйную партыю кантрабандных цыгарэт. 

Як паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, апарат прызямлілі вечарам у чацвер у ваколіцах вёскі Сакаліне, піша «Delfi».

Заўважылі дрон, які пралятаў з боку мяжы ўглыб краіны, літоўскія памежнікі з дапамогай спецыяльнага абсталявання прымусілі яго сесці. Падчас пошуку яны знайшлі дрон у лесе ўсяго за 400 метраў ад мяжы.

Да апарата быў прымацаваны вялікі пакунак, які ўтрымліваў шэсць каробак цыгарэт з беларускімі акцызамі – усяго 3 тысячы пачак. Паводле падлікаў, агульны кошт грузу з улікам падаткаў складае каля 14 460 еўра.

Звычайна кантрабандысты выкарыстоўваюць дроны меншай грузапад'ёмнасці, здольныя перавозіць толькі да 400 пачак. Таму гэты выпадак стаў рэдкім выключэннем: «супердрон», як яго назвалі літоўскія памежнікі, мог перамяшчаць значна больш. Паведамляецца, што гэта сельскагаспадарчае абсталяванне, якое пераабсталявалі пад кантрабанду.

У сувязі з інцыдэнтам было распачатае дасудовае расследаванне па факце незаконнага абароту тавараў, абкладаемых акцызамі. Па гэтым артыкуле пагражае штраф або пазбаўленне волі на тэрмін да чатырох гадоў.

Раман Шавель belsat.eu 

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10