навіны

Ізраіль пачаў маштабную аперацыю ў сектары Газа

Аперацыя Арміі абароны Ізраілю супраць «Хамасу». Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: ИнтеллиНьюз - Израиль и Ближний Восток. Все о безопасности / Telegram
Аперацыя Арміі абароны Ізраілю супраць «Хамасу». Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: ИнтеллиНьюз - Израиль и Ближний Восток. Все о безопасности / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Ізраіль пачаў новы этап баявых дзеянняў у сектары Газа – аперацыю пад назвай «Калясніцы Гедэона». Як паведамляе прэс-служба Арміі абароны Ізраілю (Цагаль), сухапутныя войскі адначасова наступаюць на поўначы і поўдні анклаву. У аперацыі задзеяныя як рэгулярныя часткі, так і рэзервісты.

Перад наземным наступам Вайскова-паветраныя сілы Ізраілю правялі маштабнае рыхтаванне – толькі за мінулы тыдзень былі нанесеныя ўдары па больш як 670 аб’ектах, паведамляе выданне «Channel 9». Мішэнямі сталі склады зброі, тунэлі, жывая сіла «Хамасу» і пазіцыі для супрацьтанкавых удараў.

Авіяўдары мелі дзве мэты: сарваць абарону непрыяцеля і падтрымаць наземныя сілы. Паводле ізраільскіх вайскоўцаў, дзясяткі баевікоў ужо знішчаныя, інфраструктура «Хамасу» – як на паверхні, так і пад зямлёй – разбураная.

Цяпер асноўную ролю выконваюць сухапутныя сілы, якія бяруць кантроль над тэрыторыяй сектару. Армія абароны заяўляе, што працягне дзеянні да поўнай ліквідацыі пагрозы.

Між тым на фоне наступу «Хамас» выказаў гатовасць аднавіць перамовы з Ізраілем без папярэдніх умоваў. Мэтамі ізраільскай аперацыі застаюцца знішчэнне «Хамасу» і вызваленне закладнікаў.

Паводле Міністэрства здароўя сектару Газа, у выніку ізраільскіх удараў у Газе загінулі сама меней 96 асобаў, больш за 140 – параненыя. Некаторыя пацярпелыя ўсё яшчэ застаюцца пад заваламі, да іх не могуць дабрацца службы ратавання.

Канфлікт паміж Ізраілем і «Хамасам» абвастрыўся 7 кастрычніка 2023 года, калі баевікі «Хамасу» прарваліся на тэрыторыю Ізраілю. Тады загінулі больш за тысячу ізраільцянаў, сотні трапілі ў палон. У адказ Ізраіль абвясціў шырокамаштабную ваенную аперацыю.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10