Мэр Бухарэсту Нікушор Дан выходзіць наперад у другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Румыніі, набіраючы 54,9 % галасоў, згодна з першымі вынікамі экзітполаў. Ягоны супернік, апазіцыянер Джорджэ Сім'ён, атрымлівае 45,1 %.
Паводле інфармацыі «BBC News», першыя вынікі апытанняў выбарнікаў на выхадзе з участкаў пасля завяршэння галасавання сведчаць пра перавагу Нікушора Дана.
Яўка на выбары аказалася даволі высокай – каля 65 %.
Пасля абвяшчэння вынікаў экзітполаў Дан звярнуўся да сваіх прыхільнікаў і назваў судовую ды адміністрацыйную рэформы бягучымі прыярытэтамі краіны.
Цікава, што ў першым туры Сім'ён быў лідарам з 40,96 % галасоў, а Дан тады атрымаў толькі 20,99 %. Выбары праводзяцца нанова пасля таго, як папярэднія былі скасаваныя праз скандал з фінансаваннем і меркаванае ўмяшанне. Другі тур быў прызначаны на 18 траўня.
Джорджэ Сім'ён – лідар ультраправага «Альянсу за еднасць румынаў» (AUR), які вядомы сваёй выразна нацыяналістычнай пазіцыяй. Ён жорстка крытыкуе Еўрапейскі звяз і NATO, выступаючы за максімальную незалежнасць і суверэнітэт Румыніі. У ягонай рыторыцы часта гучаць папулісцкія лозунгі, а таксама прасочваюцца элементы прарасейскіх наратываў. Сім'ён адкрыта выступае супраць вайсковага падтрымання Украіны, настойваючы на тым, што Румынія павінна захоўваць нейтралітэт і сканцэнтравацца на сваіх унутраных праблемах.
Нікушор Дан – незалежны кандыдат і дзейны мэр Бухарэсту, які адназначна падтрымлівае еўрапейскую інтэграцыю і выступае за актыўны ўдзел Румыніі ў ЕЗ і NATO. У ягонай замежнапалітычнай праграме важнае месца займае падтрыманне Украіны: Дан перакананы, што як вайсковая, так і гуманітарная дапамога Кіеву ёсць жыццёва неабходнаю для бяспекі ўсяго рэгіёну. Ён адкрыта асуджае расейскую агрэсію і заклікае да захавання і ўзмацнення санкцыяў супраць Масквы.
Раман Шавель belsat.eu