навіны

Еўраскептык Сім'ён прызнаў паразу на выбарах у Румыніі

Перамогу на выбарах у Румыніі святкуе праеўрапейскі мэр Бухарэсту Нікушор Дан. Фота: Nicușor Dan / Facebook
Перамогу на выбарах у Румыніі святкуе праеўрапейскі мэр Бухарэсту Нікушор Дан. Фота: Nicușor Dan / Facebook
podpis źródła zdjęcia

Пасля апрацоўвання 100 % пратаколаў з выбарчых участкаў у другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Румыніі перамог праеўрапейскі кандыдат, мэр Бухарэсту Нікушор Дан. Еўраскептык Джорджэ Сім'ён, які нават паспеў абвясціць сваю перамогу, прызнаў паразу.

Паводле звестак румынскага ЦВК, пасля апрацоўвання 100 % пратаколаў з выбарчых участкаў у другім туры перамогу атрымаў праеўрапейскі мэр Бухарэсту Нікушор Дан – у яго 53,6 % галасоў. Еўраскептык ад партыі AUR Джорджэ Сім'ён, якому Малдова і Украіна забаранілі ўезд на сваю тэрыторыю праз пагрозу нацыянальнай бяспецы, мае 46,4 %.

Сім'ён ужо прызнаў паразу на выбарах прэзідэнта Румыніі і павіншаваў з перамогай свайго апанента Дана.

,,

«Я хацеў бы павіншаваць майго апанента Нікушора Дана, ён перамог на выбарах, гэта была воля румынскага народу. Я дзякую больш як пяці мільёнам румынаў, якія даверыліся мне», – заявіў Сім'ён.


Ён адзначыў, што адчувае «горкі смак паразы», але заклікаў сваіх прыхільнікаў працягваць «барацьбу за справядлівасць, за праўду, за натуральную сям'ю, хрысціянскую веру і свабоду».

Раней Сім'ён абвясціў сябе пераможцам выбараў і нават анансаваў пратэсты.

Джорджэ Сім'ён – лідар ультраправага «Альянсу за еднасць румынаў» (AUR), які вядомы сваёй выразна нацыяналістычнай пазіцыяй. Ён жорстка крытыкуе Еўрапейскі звяз і NATO, выступаючы за максімальную незалежнасць і суверэнітэт Румыніі. У ягонай рыторыцы часта гучаць папулісцкія лозунгі, а таксама прасочваюцца элементы прарасейскіх наратываў. Сім'ён адкрыта выступае супраць вайсковага падтрымання Украіны, настойваючы на тым, што Румынія павінна захоўваць нейтралітэт і сканцэнтравацца на сваіх унутраных праблемах.

Нікушор Дан – незалежны кандыдат і дзейны мэр Бухарэсту, які адназначна падтрымлівае еўрапейскую інтэграцыю і выступае за актыўны ўдзел Румыніі ў ЕЗ і NATO. У ягонай вонкавапалітычнай праграме важнае месца займае падтрыманне Украіны: Дан перакананы, што як вайсковая, так і гуманітарная дапамога Кіеву жыццёва неабходная для бяспекі ўсяго рэгіёну. Ён адкрыта асуджае расейскую агрэсію і заклікае да захавання і ўзмацнення санкцыяў супраць Масквы.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10