Робэрт Фрэнсіс Прэваст (ён жа Леў XIV) – чарговы Папа Рымскі, але першы – з ЗША. Ëн нарадзіўся ў Чыкага.
Высветлілася, як ён ставіцца да новага кіраўніцтва сваёй радзімы, калі журналісты знайшлі меркавана ягоны акаўнт у Х (пакуль Ватыкан афіцыйна гэтага не пацвердзіў).
Акаўнт у сацыяльных сетках Робэрта Прэваста неаднаразова крытыкаваў адміністрацыю Доналда Трампа – і асабліва віцэ-прэзідэнта Дж. Д. Вэнса – за гады да ўступлення на пасад Папы.
Акаўнт паказвае, што кардынал перапосціў артыкул з крытыкаю Вэнса за ягоную інтэрпрэтацыю веры і строгую іміграцыйную палітыку, якую прапагандаваў Вэнс разам з прэзідэнтам Доналдам Трампам.
У сярэдзіне красавіка ў акаўнце быў перадрукаваны чужы допіс наконт сустрэчы Трампа ў Авальным кабінеце з прэзідэнтам Сальвадора, а таксама калонка каталіцкага біскупа з Вашынгтона Эвельё Мэнхівара, у якой асвятляліся пакуты мігрантаў, якіх адміністрацыя Трампа неадкладна дэпартавала ў Сальвадор.
«Ці вы не бачыце пакутаў? Ці не турбуе вашае сумленне?» – гаворыцца ў артыкуле, што перадрукаваў Прэваст.
У якасці больш яскравага прыкладу можна назваць публікацыю ў лютым артыкулу з каталіцкай газеты «National Catholic Reporter» пад назваю «Джэй Д. Вэнс памыляецца: Ісус не просіць нас ацэньваць нашую любоў да іншых».
Гэта важна таму, што каталікі – найбуйнейшая хрысціянская канфесія ў Злучаных Штатах, і Трамп актыўна падтрымліваў каталікоў у асноўных штатах, каб выйграць прэзідэнцкія выбары. Трамп таксама прызначыў некалькіх каталікоў – акрамя Вэнса – на высокія пасады ў Кабінеце міністраў. Папа Францішак, які памёр 21 красавіка, рэгулярна крытыкаваў адміністрацыю Трампа і ў адзін момант наўмысна раскрытыкаваў Вэнса за ягоную інтэрпрэтацыю царкоўнага вучэння пра любоў.
У некалькіх твітах, што датуюцца прэзідэнцкай кампаніяй 2016 года і першым тэрмінам Трампа на пасадзе, акаўнт дэманстраваў упэўненую апазіцыю да смяротнага пакарання і рыторыкі Трампа.
У 2023 годзе Папа Францішак зрабіў Робэрта Фрэнсіса Прэваста сваім кардыналам, а таксама прызначыў кіраўніком дыкастэрыі ў справах біскупаў. Гэтая пасада лічыцца вельмі важнаю, паколькі чалавек на ёй адказвае за выбар новых біскупаў. Прызначэнне было ўспрынятае і як набліжанасць цяперашняга Папы да Папы Францішка.
Верагодна, Леў XIV таксама блізкі і ў поглядах да Францішка. У прыватнасці, ён падтрымаў Францішка ў пытанні допуску разведзеных і паўторна жанатых каталікоў да Святой Камуніі, а таксама падтрымліваў ініцыятыву Францішка дазволіць аднаполым парам атрымліваць благаславенне.
Тэса Анэйда belsat.eu