Выканкамы пачалі рассылаць беларусам лісты з папярэджаннем, што да 15 траўня трэба аформіць базавы рахунак, інакш будуць прыпыненыя пераводы пенсіяў, дапамогі на дзяцей ды іншых сацыяльных выплатаў. Гавораць пра гэтае новаўвядзенне даўно, але не ўсе беларусы ведаюць, што такое базавых рахунак і як яго адкрыць.
«Што рабіць далей?»
Аўтарка аднаго з блогаў у TikTok апавядае:
,,«Мне прыйшоў такі ліст: раённы выканаўчы камітэт Менскай вобласці, упраўленне працы, занятасці і сацыяльнай абароны інфармуе мяне, што з 1 ліпеня 2025 года сацыяльныя выплаты, пенсіі, дапамога на дзяцей і падобнае, якія ажыццяўляюцца праз банк, будуць пералічвацца толькі на базавыя рахункі. Каб працягнуць атрымліваць выплату, трэба да 15 траўня перааформіць бягучы разліковы рахунак у базавы. Бясплатна. Пры адсутнасці на 1 ліпеня 2025 года базавага рахунку сацыяльная выплата прыпыняецца», – апавядае беларуска.
Жанчына кажа, што ў яе адкрыты рахунак у «Беларусбанку», да яго ёсць пластыкавая картка, але, як зразумела блогерка, гэтага ўжо не дастаткова.
«Хто сутыкаўся і ведае, што гэта такое, апавядзіце мне: што рабіць далей?» – просіць жанчына.
«Белсат» апавядаў пра базавыя рахункі. Мы пісалі раней пра тое, што цяпер рабіць беларускім пенсіянерам, бацькам у дэкрэце і ўсім, хто атрымлівае дапамогу ад дзяржавы.
Змены ў выплатах пенсіяў і іншых відаў дапамогі звязаныя з нормамі заканадаўства за 2021 год, а менавіта з указам № 363 «Аб бягучым (разліковым) банкаўскім рахунку фізічнай асобы з базавымі ўмовамі абслугоўвання».
Згодна з першым пунктам указу, з 1 ліпеня 2022 года ў пенсіянераў з’явілася магчымасць адкрываць базавыя рахункі ў банку. Наступная норма дакументу мае набыць моц 1 ліпеня 2025-га і прадугледжвае перавод пенсіяў ды іншых сацыяльных выплатаў выключна на базавыя рахункі.
Што такое базавы рахунак?
Базавы рахунак – гэта бягучы банкаўскі рахунак у беларускіх рублях, з уладальніка якога не спаганяецца плата за ажыццяўленне аперацыяў, уключаных у базавае абслугоўванне, на тэрыторыі Беларусі і ў нацыянальным сегменце інтэрнэту. Сярод іх – адкрыццё і закрыццё базавага рахунку, залічэнне на яго выплатаў сацыяльнага характару, заробкаў, стыпендыяў ды іншых сацыяльных выплатаў, пераводы грашовых сродкаў паміж базавым ды іншымі рахункамі ўладальніка, пералік сродкаў з базавага рахунку на іншы, разлікі за тавары, зняцце наяўных грошай ды іншыя аперацыі.
Базавы рахунак дазваляе разлічвацца за тавары і паслугі праз АРІП і ў інтэрнэце. Яшчэ адна перавага – базавы рахунак адкрываецца бясплатна.
Але! Кожны грамадзянін можа адкрыць у банкаўскай сістэме толькі адзін базавы рахунак. Калі пенсіянер, да прыкладу, захоча залічыць грошы на базавы рахунак, то мусіць падаць пасведчанне асобы. Акрамя таго, плацежная сістэма «Белкарт» дае магчымасць плацяжоў толькі ў межах Беларусі.
Па-першае, адкрываць рахунак з нуля неабавязкова. Можна перааформіць на яго ўжо існы бягучы рахунак (і наадварот). Па-другое, чалавек сам можа абраць банк, які адкрывае базавы рахунак.
На гэты момант такія рахункі адкрываюць 9 банкаў: «Белаграпрамбанк»; Ашчадны банк «Беларусбанк»; «БелВЭБ»; «Белгазпрамбанк»; «Белінвестбанк» (Беларускі банк развіцця і рэканструкцыі); «Дабрабыт»; «МТБанк»; «Прыёрбанк»; «Сбер Банк».
Як адкрыць базавы рахунак?
Трэба прыйсці ў адзін з пералічаных банкаў з дакументам, які пацвярджае асобу, і звярнуцца да працаўнікоў фінансавай установы.
Што будзе, калі не адкрыць базавага рахунку?
З 1 ліпеня 2025 года, калі пенсіянер не захоча ці не паспее адкрыць базавага рахунку, ён зможа атрымліваць пенсію толькі на пошце або праз арганізацыю, якая займаецца яе дастаўкаю. Гэта прадугледжваецца Законам аб пенсійным забеспячэнні.
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) вызначыла тарыфы на паслугі ў выплаце і дастаўцы пенсіяў такім чынам. Пастанову апублікавалі 18 студзеня на pravo.by.
Згодна з дакументам, за атрыманне пенсіі ў аддзяленні пошты трэба будзе заплаціць 1,8 рубля. Калі пенсію даставіць паштальён дамоў, то гэта будзе каштаваць ужо 8,5 рубля. Пры гэтым плата за паслугу будзе здымацца з кожнай выплаты або дастаўкі пенсіі. Гэта датычыць жыхароў Менску, абласных і раённых цэнтраў. Выплата і дастаўка пенсіяў будзе магчымая толькі пасля аплаты паслугі.
Што пра базавыя рахункі думаюць эксперты, чытайце ў нашым ранейшым матэрыяле.
Марыя Міхалевіч belsat.eu