У аддзяленнях банкаў – чэргі з пенсіянераў. Да 1 ліпеня іх абавязалі аформіць базавую банкаўскую картку плацежнай сістэмы «Белкарт». У адваротным выпадку атрымаць пенсію праз банк не ўдасца – толькі праз спецыяльны сэрвіс дастаўкі пенсіяў ці на пошце, але за гэта давядзецца заплаціць. Шмат якія пенсіянеры разгубленыя: праз век і нястачу інфармацыі яны проста не разумеюць, навошта гэта ўсё трэба ды чаму пенсію нельга атрымліваць як раней. Разбіраемся, у чым рэч.
Сітуацыя наступная: з 1 ліпеня 2025 года пенсіі будуць пералічвацца толькі на базавыя рахункі. Гэтае патрабаванне датычыць нават тых пенсіянераў, якія ўжо карысталіся карткай, але гэта была, да прыкладу, «Visa» ці «Mastercard». З адзначанай даты пенсіі на іх залічвацца не будуць.
Каб пенсію ўсё ж атрымаць, трэба аформіць банкаўскую картку плацежнай сістэмы «Белкарт». Калі ў пенсіянера ўжо быў адкрыты бягучы (разліковы) рахунак з карткаю, то яго трэба перааформіць на базавы рахунак з карткаю сістэмы «Белкарт».
«У мяне і была аформленая гэтая картка, але трэба было замяніць, бо хутка скончыцца тэрмін дзеяння. Пайшла ў банк. А там – чэргі з пенсіянераў! І не на адну гадзіну. Ніхто нічога не разумее, бабулькі гэтыя хвалююцца... Пытаюцца ў працаўніц, што да чаго. Тыя ўжо стаміліся, злуюцца на іх: «Так трэба. Не будзе карткі – не прыйдзе пенсія», – апавядае спадарыня Валянціна з Барысава.
Жанчына лічыць сябе даволі прасунутай у банкаўскіх справах. Дзеці навучылі і карыстацца карткай, і разбірацца з банкаматам. Але такая сітуацыя не ўва ўсіх. У параўнанні з еўрапейскімі краінамі, дзе для асобаў сталага веку ладзяць спецыяльныя курсы фінансавай абазнанасці і інтэрнэт-навыкаў, у Беларусі з гэтым пакуль не ўсё добра. Некаторыя пенсіянеры праз нястачу інфармацыі дасюль не ўмеюць карыстацца ні карткамі, ні банкаматамі, ні тым больш інтэрнэт-банкінгам. Таму, каб атрымаць пенсію ці заплаціць за камунальныя паслугі, шмат хто ходзіць на пошту і там плоціць яшчэ і адсоткі за наданне паслугі.
Дарэчы, у аддзяленнях пошты цяпер таксама чэргі. Бо нярэдка менавіта работнікі пошты, асабліва ў невялічкіх паселішчах, і ёсць для пенсіянераў тым самым надзейным чалавекам, які ўсё ведае і дапаможа.
«Пенсіянеры лічаць кожную капейчыну. Некаторыя, калі ім сказалі, што пенсіі на старыя карткі болей не пералічаць, прыходзілі ў шоку, – апавядае «Белсату» працаўніца пошты з аднаго з паселішчаў на Віцебшчыне. – Шмат хто з пенсіі корміць і сябе, і дзяцей з унукамі. Для некаторых патраціць пяць лішніх рублёў, нават каб паехаць у банк, – гэта грошы. У нас пошта ў інфакіёск ужо ператварылася [смяецца]. Бабулі толькі і пытаюцца: а ці праўда, што пенсіі не дадуць, калі карткі няма; а што за картка; а дзе ўзяць; а колькі каштуе... Мы ўжо вырашылі ў мясцовай бібліятэцы сабраць пенсіянераў, каб разам усё добра патлумачыць. Бо калі тлумачыш ім хутка, яны яшчэ больш пужаюцца. Не разумеюць, ні што такое бягучы рахунак, ні сістэма «Белкарт», ні розніцу ў банкаўскіх прадуктах».

Адкуль ногі?
Мы ўважліва прачыталі законы. Аказваецца, указу ўжо некалькі гадоў. Але праз тое, што інфармаванне насельніцтва месцамі сапраўды кульгае на абедзве нагі, навіна пенсіянерамі ўспрымаецца як новая і жахлівая.
Змены ў выплатах пенсіяў звязаныя з нормамі заканадаўства за 2021 год, а менавіта з указам № 363 «Аб бягучым (разліковым) банкаўскім рахунку фізічнай асобы з базавымі ўмовамі абслугоўвання».
Згодна з першым пунктам указу, з 1 ліпеня 2022 года ў пенсіянераў з’явілася магчымасць адкрываць базавыя рахункі ў банку. Наступная норма дакументу мае набыць моц 1 ліпеня 2025 года і прадугледжвае перавод пенсіяў ды іншых сацыяльных выплатаў выключна на базавыя рахункі.
Што такое базавы рахунак і ў чым яго перавага ды хібы?
Базавы рахунак – гэта бягучы банкаўскі рахунак у беларускіх рублях, з уладальніка якога не спаганяецца плата за ажыццяўленне аперацыяў, уключаных у базавае абслугоўванне, на тэрыторыі Беларусі і ў нацыянальным сегменце інтэрнэту. Сярод іх – адкрыццё і закрыццё базавага рахунку, залічэнне на яго выплатаў сацыяльнага характару, заробкаў, стыпендыяў ды іншых сацыяльных выплатаў, пераводы грашовых сродкаў паміж базавым ды іншымі рахункамі ўладальніка, пералік сродкаў з базавага рахунку на іншы, разлікі за тавары, зняцце наяўных грошай ды іншыя аперацыі.
Базавы рахунак дазваляе разлічвацца за тавары і паслугі праз АРІП і ў інтэрнэце. Яшчэ адна перавага – базавы рахунак адкрываецца бясплатна.
Але! Кожны грамадзянін можа адкрыць у банкаўскай сістэме толькі адзін базавы рахунак. Калі пенсіянер, да прыкладу, захоча залічыць грошы на базавы рахунак, то мусіць падаць пасведчанне асобы. Акрамя таго, плацежная сістэма «Белкарт» дае магчымасць плацяжоў толькі ў межах Беларусі.

Што яшчэ трэба ведаць пра базавы рахунак?
Па-першае, адкрываць рахунак з нуля неабавязкова. Можна перааформіць на яго ўжо існы бягучы рахунак (і наадварот). Па-другое, чалавек сам можа абраць банк, які адкрывае базавы рахунак.
На гэты момант такія рахункі адкрываюць 9 банкаў: «Белаграпрамбанк»; Ашчадны банк «Беларусбанк»; «БелВЭБ»; «Белгазпрамбанк»; «Белінвестбанк» (Беларускі банк развіцця і рэканструкцыі); «Дабрабыт»; «МТБанк»; «Прыёрбанк»; «Сбер Банк».
Як адкрыць базавы рахунак?
Трэба прыйсці ў адзін з пералічаных банкаў з дакументам, які пацвярджае асобу, і звярнуцца да працаўнікоў фінансавай установы.
Што будзе, калі не адкрыць базавага рахунку?
З 1 ліпеня 2025 года, калі пенсіянер не захоча ці не паспее адкрыць базавага рахунку, ён зможа атрымліваць пенсію толькі на пошце або праз арганізацыю, якая займаецца яе дастаўкаю. Гэта прадугледжваецца Законам аб пенсійным забеспячэнні.
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) вызначыла тарыфы на паслугі ў выплаце і дастаўцы пенсіяў такім чынам. Пастанову апублікавалі 18 студзеня на pravo.by.
Згодна з дакументам, за атрыманне пенсіі ў аддзяленні пошты трэба будзе заплаціць 1,8 рубля. Калі пенсію даставіць паштальён на дом, то гэта будзе каштаваць ужо 8,5 рубля. Пры гэтым плата за паслугу будзе здымацца з кожнай выплаты або дастаўкі пенсіі. Гэта датычыць жыхароў Менску, абласных і раённых цэнтраў. Выплата і дастаўка пенсіяў будзе магчымая толькі пасля аплаты паслугі.
Як да ўсяго гэтага ставіцца?
З гэтым пытаннем «Белсат» звярнуўся да эканамісткі, старэйшай навуковай працаўніцы Цэнтру BEROC Настассі Лузгіной.
,,«У пераходзе на базавыя рахункі, на мой погляд, вылучаюцца некалькі аспектаў, – разважае эканамістка. – Па-першае, тэхнічны: прасцей за ўсё, банкам зручна пералічваць усе сацыяльныя выплаты на пэўныя тыпы рахункаў, у гэтым выпадку – на базавыя, а не размяркоўваць частку выплатаў праз паштовыя аддзяленні. Плюс такі крок павышае фінансавую інклюзіўнасць і спрыяе павелічэнню долі безнаяўных разлікаў.
Па-другое, сацыяльны аспект. Магчымасць бясплатна ажыццяўляць пэўны набор банкаўскіх аперацыяў выглядае сапраўды нядрэнна. Асабліва ўлічваючы, што пенсіянеры ды іншыя катэгорыі беларусаў, якія атрымліваюць сацыяльныя выплаты, у большасці сваёй не маюць вялікіх даходаў і такім чынам могуць пазбегчы лішніх выдаткаў».
Але, на думку эксперткі, ёсць ува ўсім гэтым пэўныя хібы.
Да прыкладу, тое, што людзей не спыталі, а менавіта абавязалі, прымушае задумацца, ці сапраўды гэта добры прадукт. У сістэмы «Белкарт» ёсць абмежаванні: карткаю немагчыма разлічвацца за мяжой, а значыць, для паездак давядзецца адкрываць дадатковы рахунак, заводзіць яшчэ картку, марнаваць на гэта час… Да таго ж у рахунку даволі абмежаваны функцыянал. Хочаш болей функцыяў – плаці грошы.
«Я прааналізавала інфармацыю з адкрытых крыніцаў, і з яе відаць, што базавыя рахункі адкрываюць пераважна тыя, каго прымусілі гэта зрабіць. Для астатніх беларусаў, мяркую, гэтая ідэя праз абмежаванні функцыяналу выглядае не вельмі прывабна, – кажа экспертка. – Падкрэслю, што сама па сабе ідэя, магчыма, і нядрэнная, але падыход да яе лічу памылковым. У людзей мае быць выбар, пераходзіць на гэтыя рахункі ці не, а калі ўсё адбываецца так, як адбываецца цяпер у Беларусі, выглядае як прымус, у тым ліку як прымусовая папулярызацыя нацыянальнай плацежнай сістэмы «Белкарт», якая, як вядома, не карыстаецца шырокім даверам у беларусаў. Але цяпер хочаш ці не хочаш, а давядзецца».
Надзея Вольная belsat.eu