навіны

Беларусь падтапіла, на Нарач за ноч выпала амаль месячная норма ападкаў

Падтоплены двор у Ляхавічах
Падтоплены двор у Ляхавічах, Беларусь. 30 траўня 2025 года. Фота: Ляхавіцкі веснік / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Моцныя дажджы ўжо некалькі дзён заліваюць Беларусь. Ёсць надзея, што ў суботу дажджоў будзе менш, а ў нядзелю будзе суха.

29 траўня і ў ноч на 30-га па Беларусі зноў прайшлі залевы. Пра падтапленні паведамляюць з Баранавічаў, Калінкавічаў, Ляхавічаў, Мазыра, Пінску, Слоніму…


Паводле звестак Pogoda.by, за 29 траўня найбольш ападкаў было па лініі Валожын – Наваградак – Івацэвічы – Драгічын і ў Жлобіне. У ноч на 30 траўня ў ваколіцах Нарачы выпала аж 67 мм ападкаў – месячная норма за 12 гадзінаў. Паўнормы за ноч выпала на Вялейку.

У канцы траўня Беларусі дасталася шмат ападкаў. На мінулым тыдні асабліва скардзіліся ў Віцебску, дзе за паўдня выпала паўтары месячныя нормы.


Беларусы непакоіліся за бульбу, цыбулю і трускаўкі, з якімі і без таго былі праблемы: цэны на іх ужо вельмі высокія, а наступны ўраджай можа згніць.

Баравік у Польшчы. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Luke Emski / Wikimedia, CC BY-SA 4.0
Беларусь – грыбны рай? У снежні былі лісічкі, у сакавіку і траўні з’явіліся баравікі Шуфлядка

«Белгідрамет» з пачатку мінулага тыдня рэгулярна папярэджваў пра неспрыяльныя ўмовы надвор’я: дажджы і навальніцы. Мяркуючы з кадраў у сацыяльных сетках, камунальныя службы не былі гатовыя да залеваў. Што праўда, навальніца 29 траўня аказалася нечаканай і для «Белгідрамету»: а 8:00 выстаўлялі толькі жоўты ўзровень небяспекі, а ўжо а 13:40 папярэдзілі, што з 14:00 будзе такі дождж, што ўзровень ужо аранжавы.


На 30 і 31 траўня ўзровень небяспекі ўсё яшчэ жоўты, месцамі па Беларусі будуць дажджы і навальніцы. У прагнозах розных сэрвісаў відаць, што залеваў ужо не чакаецца, дажджы ўмераныя. На 1 чэрвеня пакуль прагназуюць сухое надвор’е, удзень будзе +18..+20 °С.


Як кажуць метэаролагі, найбліжэйшым часам дажджы ў Беларусі будуць праходзіць адносна хутка, а месячныя нормы ападкаў ужо не будуць выпадаць за дзень. Маларухомы фронт, праз які залівала Беларусь, адыходзіць.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10