навіны

Прэзідэнт Сербіі паспрачаўся з Пуціным пра пастаўкі боепрыпасаў Украіне. Абяцаў не дапускаць такога

Прэзідэнт Сербіі Александар Вучыч
Прэзідэнт Сербіі Александар Вучыч на мітынгу. Ніш, Сербія. 17 траўня 2025 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Танјуг / Vucic.rs
podpis źródła zdjęcia

Расейская выведка заявіла, што Сербія працягвае пастаўляць боепрыпасы Украіне і «страляць у спіну Расеі». Вучыч абурыўся, але сказаў, што размаўляў пра гэта з Пуціным і не дапусціць такіх паставак.

Служба вонкавай выведкі Расеі 29 траўня заявіла, што абарончыя прадпрыемствы Сербіі працягваюць пастаўляць боепрыпасы Украіне. Прэзідэнт Сербіі Александар Вучыч у той жа дзень запярэчыў у эфіры сербскага тэлеканалу «RTS1».


«Сербскі ваенпрам спрабуе стрэліць Расеі ў спіну», – заяўляе расейская выведка ў прэс-рэлізе, які перадае ТАСС. Сцвярджаецца, што «прыкрыццём для антырасейскіх дзеянняў служыць няхітрая схема з выкарыстаннем фальшывых сертыфікатаў канчатковага карыстальніка і краінаў-пасярэднікаў».


Боепрыпасы, якія трапляюць з Сербіі ва Украіну паводле такой схемы, нібы пастаўляюць Чэхіі, Польшчы ці Балгарыі, а апошнім часам афрыканскім краінам, заяўляе расейская выведка. Ва ўдзеле ў «арганізаваным сяброўскай Расеі Сербіяй канвееры смерці» вінавацяць прадпрыемствы «Югоимпорт СДПР», «Zenitprom», «Krusik», «Sofag», «Reyer DTI», «Sloboda», «Prvi Partizan». Лік ідзе, паводле прэс-рэлізу, на сотні тысяч снарадаў для рэактыўных сістэмаў залпавага агню і гаўбіцаў, мільён патронаў для стралковай зброі.


Вучыч заявіў, што размаўляў у прысутнасці іншых і сам-насам з Уладзімірам Пуціным пра пастаўкі зброі Украіне, і распарадзіўся стварыць працоўную групу з «расейскімі партнёрамі», каб вызначыць факты. Калі адбываліся размовы, ён не ўдакладніў.


На пастаўкі ў Чэхію не было выдадзена дазволу, ніводная ракета пастаўлена не была, адзначыў Вучыч. Апавёў, што на мінулым тыдні два амбасадары вінавацілі яго, наадварот, у пастаўках боепрыпасаў Расеі праз турэцкую кампанію, а ён не ведаў, што гэта за пастаўкі.


Апраўдвацца яму не спадабалася: Вучыч паскардзіўся, што «калі ты самастойная краіна, цябе атакуюць усе». Ён адзначыў, што ў Расеі ёсць добрая прымаўка: «Чым больш мыеш, тым чарнейшая варона» («Што се више пере, врана је све црња»). Адшукаць ранейшыя прыклады ўжывання такой прымаўкі па-расейску «Белсату» не ўдалося.

,,

«Нашыя заводы павінны жыць і працаваць, – падкрэсліў Вучыч. – У нас 23 тысячы людзей працуюць у дзяржаўнай абароннай прамысловасці, у нас ёсць і прыватны сектар у гэтай галіне. Ускосна яшчэ 25 тысячаў чалавек залежаць ад яе».


«Там гаворыцца, што, нібыта, праз Афрыку нешта трапляла ва Украіну. Мы не маем ніякіх звестак, што гэта сапраўды адбылося. Калі нам нельга экспартаваць у Амерыку, Турэччыну, арабскія краіны, прабачце, дык куды нам экспартаваць зброю? Са зброяй мы спыніліся, цяпер гаворка толькі пра боепрыпасы. Тыя, хто ўчора нас абвінавачваў і называў мяне расейскім шпіёнам, заўтра скажуць нешта іншае. Не, спадарства, мы працуем толькі для Сербіі, і гэта нашая справа. Мы самастойная і незалежная краіна».


Вучыч паабяцаў аддаць загад і папярэджанне: пры падазрэннях у злоўжыванні з боку канчатковага карыстальніка і перадачы боепрыпасаў на вайну кантракты будуць скасоўвацца. А ціск на Сербію працягнецца, бо «гэта імперскія сілы, а мы – малыя», сказаў Вучыч.


Ён дадаў, што Сербія – «на еўрапейскім шляху», але «мела адвагу скіраваць найвышэйшага прадстаўніка на парад у Маскву, нягледзячы на страшэнны ціск». Гаворка, імаверна, пра парад 9 траўня 2025 года. Вучыч скардзіўся на ціск праз свае планы наведаць парад, 3 траўня раптам захварэў, паправіўся, паляцеў у Маскву, завіс у Баку праз адсутнасць дазволу на пералёт ад Літвы і Латвіі, але ўсё ж даляцеў і 7 траўня на Краснай плошчы расказаў, што за ўдзел у парадзе яго могуць чакаць «наступствы». Таксама хварэў і дабіраўся з цяжкасцямі прэм’ер-міністр Славаччыны.

Прадстаўнікі арганізацыі «BELPOL» Уладзімір Жыгар і Мацвей Купрэйчык прэзентуюць даклад пра ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны ў межах IV Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету. Варшава, Польшча. 23 траўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
«BELPOL»: Лукашэнка ведаў, што Расея рыхтавала напад на Украіну, і дапамагаў яго здзейсніць Рэпартаж

Год таму Вучыч прызнаваў, што ва Украіну трапілі сербскія боепрыпасы на прыблізна 800 мільёнаў еўраў: такую суму называла «Financial Times», Вучыч акрэсліў лічбы як «агулам дакладныя». Тады ён казаў, што сачыць за канчатковым пунктам паставак боепрыпасаў – гэта «не ягоная праца», што экспарт боепрыпасаў – «частка эканамічнага адраджэння» Сербіі і што ён «мае сяброў у Кіеве і Маскве, гэта нашыя браты-славяне».


Расея тым часам атрымлівае зброю, боепрыпасы і тэхналогіі для нападу на Украіну ад Кітаю, Ірану і Паўночнай Карэі. Паводле «BELPOL», беларускія прадпрыемствы таксама бяруць удзел у дапамозе расейскай агрэсіі.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10