навіны

Чарга ў Польшчу цяпер і з аўтобусамі, чарга ў Літву знікла. Што на мяжы паміж выходнымі?

Пункт пропуску «Берасце», чарга на ўезд у Беларусь
Пункт пропуску «Берасце», чарга на ўезд у Беларусь. 5 траўня 2025 года. Фота: Gpk.gov.by
podpis źródła zdjęcia

Ужо два тыдні трапіць з Беларусі ў Польшчу цяжка: даводзіцца чакаць не адзін дзень пасля рэгістрацыі ў зоне чакання і прыдумляць, дзе пераначаваць у Берасці. Чарга ў Літву амаль знікла, але з ёю знікла і святло ў «Беняконях».

Прапускны пункт на літоўскай мяжы. Фота: Vidaus reikalų ministerija
Літва ўзмацняе санкцыі: расейцаў пазбавяць віду на жыхарства за паездкі ў РФ і Беларусь навіны

Што ў афіцыйных крыніцах


Паводле Памежнага камітэту Беларусі, чэргі на выезд з Беларусі 5 траўня наступныя.


• «Грыгораўшчына – Патэрніекі» (Латвія). Няма чаргі легкавікоў і аўтобусаў, у чарзе цяжкавікоў – 365–380 аўтаў.


• «Каменны Лог – Мядзінінкай» (Літва). Апоўначы была чарга з 70 легкавікоў, на раніцу знікла, чаргі аўтобусаў і не было, у чарзе цяжкавікоў – 350–380 аўтаў. Чарга легкавікоў з’явілася ўдзень 1 траўня, амаль цалкам знікла ранкам 3-га.


• «Беняконі – Шальчынінкай» (Літва). Апоўначы была чарга з 40 легкавікоў, на раніцу знікла, чаргі аўтобусаў і не было, у чарзе цяжкавікоў – 380 аўтаў. Чарга легкавікоў з’явілася ўвечары 1 траўня, знікла ўвечары 2-га і зноў утварылася ўдзень 3-га.


• «Берасце – Тэрэспаль» (Польшча). У чарзе – 1380–1485 легкавікоў, 15–20 аўтобусаў. Чарга легкавікоў крыху павялічылася пасля 1 траўня, але не дасягнула рэкорду, які быў у ноч на 27 красавіка. Апошні раз чаргі легкавікоў не было 20 красавіка.


• «Казловічы – Кукурыкі» (Польшча), «грузавы» пераход. У чарзе апоўначы было 980 машынаў, засталося 770. Чарга знікла 29 красавіка, з’явілася 4 траўня.


Паводле польскіх памежнікаў, 5 траўня на выезд з Польшчы ў Беларусь няма чэргаў: час чакання – нуль хвілінаў.


Паводле літоўскіх памежнікаў, час чакання выезду з Літвы ў Беларусь у Мядзінінкаі такі: да адной гадзіны для аўтобусаў, каля 2159 гадзінаў для цяжкавікоў (іх у чарзе 31), без чакання для легкавікоў. У «Шальчынінкаі»: да адной гадзіны для аўтобусаў, каля 2159 гадзінаў для цяжкавікоў (іх у чарзе 23), без чакання – для легкавікоў. Звесткі пра «2159 гадзінаў» могуць быць тэхнічнаю памылкаю: гэтыя лічбы – 36 дзён чакання – даўно не мяняюцца і могуць быць максімальным паказнікам у сістэме.


У латышскіх памежнікаў лічыльнік не працуе, але, паводле грузавога парталу Cargo.lv, пераходу мяжы ў Беларусь цяжкавікі могуць чакаць 5 гадзінаў.


Што пішуць у чатах


«Грыгораўшчына – Патэрніекі». Чэргаў няма. Адна карыстальніца піша, што дзень раней, калі была невялікая чарга легкавікоў, яна праехала з Беларусі ў Латвію за 2,5 гадзіны. Другі піша, што з Латвіі ў Беларусь учора праехаў за 1 гадзіну 40 хвілінаў. Удзельнікі чатаў не бачаць праблемы з чэргамі – там больш абмяркоўваюць тэмы, не звязаныя беспасярэдне з чаканнем.


«Каменны Лог – Мядзінінкай». Чаргі з Літвы ў Беларусь практычна няма: адзін карыстальнік піша, што праскочыў машынаю за 50 хвілінаў. З Беларусі ў Літву чаргі таксама амаль няма, пераход мяжы займае 2 гадзіны 15 хвілінаў. Але яшчэ мінулым вечарам, калі ў чарзе было паўсотні легкавікоў, пераход мяжы займаў 6 гадзінаў. Аўтобусам з Менску ў Вільню ў двух карыстальнікаў на пераход мяжы пайшло менш за паўтары гадзіны, у трэцяга – роўна дзве гадзіны. У іншым чаце прагназуюць, што пераход мяжы з Літвы ў Беларусь зойме дзве гадзіны легкавіком і менш за дзве гадзіны аўтобусам, з Беларусі ў Літву – 4 гадзіны 18 хвілінаў легкавіком і 3 гадзіны аўтобусам.


«Беняконі – Шальчынінкай». З Літвы ў Беларусь утвараецца невялікая чарга, тузін легкавікоў. З Беларусі ў Літву чаргі амаль няма, але яшчэ мінулым вечарам адзін карыстальнік праехаў з Беларусі ў Літву легкавіком за амаль 7,5 гадзіны. На беларускім баку ранкам здарылася планавае, паводле мытнікаў, адлучэнне электрычнасці – прынамсі да 17:00 святла не будзе, таму тых, каго хацелі паслаць на рэнтген, адпускаюць без такога правярання. У іншым чаце прагназуюць, што пераход мяжы з Літвы ў Беларусь зойме 5 гадзінаў легкавіком і 2 гадзіны 40 хвілінаў аўтобусам, з Беларусі ў Літву – 6,5 гадзіны легкавіком і дзве гадзіны аўтобусам.

Выезд у Літву на пункце пропуску «Каменны Лог», Беларусь. 5 траўня 2025 года. Фота: Gpk.gov.by
Выезд у Літву на пункце пропуску «Каменны Лог», Беларусь. 5 траўня 2025 года. Фота: Gpk.gov.by

«Берасце – Тэрэспаль». З польскага боку чаргі легкавікоў няма, пераход мяжы займае ад 1 да 2,5 гадзіны. Аўтобусам з Польшчы ў Беларусь аднаму карыстальніку чату мінулым вечарам давялося праходзіць мяжу аж 5 гадзінаў, другому – 4 гадзіны 45 хвілінаў, яшчэ двум – 6,5 гадзіны. Паводле крыніцы «Белсату», на выходных пераход мяжы з Польшчы ў Беларусь займаў 8 гадзінаў легкавіком.


З беларускага боку – усё яшчэ гіганцкі час чакання для легкавікоў, але ўжо не 100 з лішнім гадзінаў, як на піку, а бліжэй 60. Сапраўды ўтварылася і чарга з двух дзясяткаў аўтобусаў. Легкавіком сам пераход мяжы займае каля 5,5 гадзіны, але час ад рэгістрацыі да выкліку з зоны чакання – больш за два дні. Выклікаць цяпер пачынаюць тых, хто рэгістраваўся ўвечары 2 траўня. Аўтобусам сам пераход мяжы займае 7,5 гадзіны, калі падсесці ў найбліжэйшы да шлагбауму. Калі без перасадкі, чакаць давядзецца 15–20 гадзінаў.


Прагноз у адным з чатаў такі: Польшча – Беларусь – дзве гадзіны чакання легкавіком і 5,5 гадзіны аўтобусам; Беларусь – Польшча – больш за 80 гадзінаў чакання легкавіком і 8,5 гадзіны аўтобусам.


***

Мігранты ў беларускіх лясах увесну 2025 года. Скрыншот: Tiktok
Як мігранты ідуць у ЕЗ: вербаванне на фронт і кальян у беларускім лесе Гісторыі

Чаму ўтварыліся чэргі, у чатах даўно не абмяркоўваюць. Памежны камітэт Беларусі вінаваціць у чэргах замежных калегаў: сцвярджае, што Польшча прапускае толькі 29 % легкавікоў і 49 % цяжкавікоў ад нормы, таксама вінавацяць літоўцаў і латышоў у меншым за норму пропуску цяжкавікоў. Польскі бок працяглы час тлумачыць, што прапускае менш за норму з прычыны занятасці памежнікаў барацьбою са штучна створаным уладамі Беларусі міграцыйным крызісам.


Сістэма з рэгістрацыяй у зоне чакання і выклікам на пераход мяжы дазваляе не начаваць у машыне, а чакаць выезду ў Берасці. Ды з гэтым таксама могуць узнікнуць праблемы: трэба шукаць месцы ў гатэлях (электронныя сэрвісы ў гэтым на момант публікацыі не дапамагаюць) або здымаць кватэру (мінімальная цана на наступную ноч – ад Br 80).


***


У Беларусі найбліжэйшыя чатыры дні працоўныя, пасля – доўгія выходныя: 9, 10 і 11 траўня.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10