Прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант падкрэсліла, што палітзняволенага Юрася Зянковіча выпусцілі на просьбу Адміністрацыі прэзідэнта ЗША.
Пра гэта кіраўніца лукашэнкаўскай прэс-службы сказала ў каментары «РИА Новости», каментуючы словы дзяржсакратара ЗША Маркаў Руб’ёў пра тое, што Юрась Зянковіч быў «несправядліва затрыманы».
,,«Так, на просьбу Адміністрацыі прэзідэнта ЗША грамадзянін Злучаных Штатаў Амерыкі Зянковіч Юрый Леанідавіч быў вызвалены. Такая пастанова была прынятая. З нагоды таго, справядліва ці несправядліва ён быў затрыманы, слухайце-глядзіце інтэрв’ю, якія ён даваў, і мяркуйце самі», – сказала Эйсмант.
У той жа час палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман адзначыў, што Наталля Эйсмант, кажучы, што Лукашэнка на просьбу адміністрацыі Трампа вызваліў «грамадзяніна ЗША» Юрыя Зянковіча, «мякка кажучы, хітруе».
,,«Інфармацыі пра тое, што Зянковіч страціў грамадзянства Беларусі, не з'яўлялася. З пункту гледжання заканадаўства Беларусі ён ёсць найперш грамадзянінам менавіта гэтай краіны. Таму спробы паказаць Зянковіча проста як "амерыканца", пра якога хадайнічалі ўлады ЗША, не выглядаюць пераканаўча. Але гэта якраз той выпадак, калі казаць няма чаго, але трэба. Так і з'яўляюцца такія кур'ёзныя каментары», – адзначыў Аляксандр Фрыдман у сваім акаўнце ў Telegram.
Нагадаем, што Юрась Зянковіч быў вызвалены 30 красавіка. Дзяржаўны сакратар ЗША Маркаў Руб’ёў адзначыў з гэтай нагоды, што «Беларусь вызваліла яшчэ аднаго несправядліва затрыманага грамадзяніна ЗША».
Прапаганда ў сваіх каналах робіць акцэнт на тым, што Зянковіч прызнаваўся на камеру, што збіраўся здзейсніць пераварот у Беларусі і прасіў прабачэння асабіста ў Лукашэнкі. У той жа час, паводле палітвязняў, якія выйшлі з турмаў, такія прызнанні выбіваюцца з дапамогай сапраўдных катаванняў. Напрыклад, пра гэта заяўляла былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, якая выйшла на волю сёлета пасля чатырох гадоў зняволення.
Раман Шавель belsat.eu