У Расеі хочуць нацыяналізаваць кампанію «Леста», распрацоўніка гульняў «Свет танкаў» і «Свет караблёў», за экстрэмізм. Раней кампанія была часткаю кампаніі з беларускімі каранямі Wargaming.net, якая пакінула рынак Беларусі і Расеі пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны.
Генеральная пракуратура Расеі патрабуе праз Таганскі раённы суд Масквы прызнаць экстрэмісцкай і забараніць дзейнасць аб’яднання, у якое ўваходзяць уладальнік кампаніі «Леста» Малік Хатажаеў і ўладальнік Wargaming.net Віктар Кіслы. Акрамя таго, улады дамагаюцца перадачы 100 % доляў у статутных капіталах іхных кампаніяў на карысць дзяржавы, паведамляе «РИА Новости» са спасылкаю на судовыя матэрыялы.
Пазоў датычыць кампаніяў «Леста», «Леста Геймс Эджэнсі» і «Леста Геймс Масква». Паводле паведамленняў, суд ужо наклаў арышт на актывы «Леста» – распрацоўніка папулярных гульняў «Свет танкаў» і «Свет караблёў».
«Леста Гульні» ўжо абскардзілі рашэнне аб арышце. У скарзе адзначаецца, што пад абмежаванні фактычна трапіў увесь бізнес групы кампаніяў, а таксама ўведзены спецыяльны рэжым кіравання і дзейнасці.
На фоне гэтых падзеяў у пачатку красавіка з'явілася інфармацыя пра абвінавачанне суўладальніка «Wargaming» Мікалая Кацалапава ў фінансаванні апазіцыйных структураў. Паводле прапагандысцкіх крыніцаў, гаворка пра пералічэнне каля 296 тысяч долараў.
Нагадаем, што ў 2022 годзе «Леста» афіцыйна аддзялілася ад міжнароднага распрацоўніка «Wargaming», якога абвінавачвалі ў падтрыманні Украіны. Кампанія пакінула беларускі і расейскі рынкі пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Таксама кампанія збірала сродкі на падтрыманне Украіны, у тым ліку праз пакупкі ў гульні.
Раман Шавель belsat.eu