навіны

Высланы з Беларусі амбасадар апавёў пра ўлюбёныя мясціны нашай краіны і перавод у Казахстан

Стэфан Эрыксан
Стэфан Эрыксан. Скрыншот: «Раніца з "Белсатам"»
podpis źródła zdjęcia

«Самы ўлюбёны беларусамі амбасадар» – менавіта так і сёння называюць Стэфана Эрыксана са Швецыі. Нядаўна ён атрымаў скіраванне на працу ў Казахстан, але працягвае згадваць цёплым словам нашую краіну, адкуль быў высланы. Пра гэта Эрыксан апавёў у эфіры праграмы «Раніца з "Белсатам"».

«Я вельмі люблю Браслаўскія азёры, у мяне там сябры. Я люблю Палессе: на жаль, не так часта, але даводзілася ездзіць. Ну і, канечне, Белавежская пушча, унікальнае месца», – згадвае Стэфан Эрыксан на чысцюткай беларускай мове. Ён нават пераклаў на шведскую творы Васіля Быкава і Уладзіміра Арлова.

 

Стэфан Эрыксан быў першым амбасадарам Швецыі ў незалежнай Беларусі, у 2008–2012 гадах. Яго выслалі нібыта за рыхтаванне «арабскай вясны» ў нашай краіне, але гэта толькі ўзмацніла ягоную цікаўнасць да Беларусі і беларускай культуры, з якой ён пазнаёміўся яшчэ ў 1990-ыя.


Калі ж у 2005 годзе спадар Эрыксан пачаў працаваць у Менску, адначасова пачаў вывучаць і беларускую мову, становішча якой у незалежнай Беларусі яго вельмі засмуціла: «Гэта было звязана з сітуацыяй з мовай, з культурай. Тое, што людзі да канца не цанілі тое, што ў іх ёсць. І гэта, мабыць, мяне падштурхоўвала зацікавіцца моваю».


Прыклад спадара Эрыксана натхніў шмат каго з беларусаў, якія сталі больш увагі надаваць сваёй мове, пабачыўшы, як на ёй спрытна шпарыць замежнік. Дарэчы, шведскі дыпламат падкрэслівае: плённа вывучыць беларускую мову яму дапамагло веданне мовы расейскай (матайце на вус!).

Стэфан Эрыксан. Скрыншот: «Раніца з "Белсатам"»
Стэфан Эрыксан. Скрыншот: «Раніца з "Белсатам"»

Стэфан Эрыксан працягвае цікавіцца Беларуссю, апавядаць пра яе свету і перакладаць беларускую літаратуру, за што Святлана Ціханоўская ўзнагародзіла яго Крыжам Добрасуседства. А адным з найлепшых перыядаў у сваім жыцці дыпламат лічыць час у Менску:

,,

«Мне пашчасціла, што я жыў і працаваў фактычна ў гістарычным цэнтры Менску. І, канечне, Менск перажыў даволі цяжкі час у мінулым стагоддзі – не так шмат засталося старога Менску. І вось гэтыя раёны, якія там усё ж засталіся, каля Нямігі, дзе я жыў, месца, дзе знаходзілася шведская амбасада, у Музычным завулку, пасля гэта ўжо Рэвалюцыйная, – гэта маё месца».


Цяпер Стэфан Эрыксан скіроўваецца ў Казахстан, дзе ўзначаліць шведскую амбасаду. І адно з найпапулярнейшых пытанняў, з якім да яго звяртаюцца, – ці плануе ён вывучыць услед за беларускай і латышскаю мовамі казахскую:


«Я думаю, што паспрабую», – аджартоўваецца Эрыксан і зычыць беларусам дачакацца часу, калі Беларусь апынецца «сярод еўрапейскіх краінаў», усе палітычныя вязні далучацца да сваіх сем’яў, а тыя, хто вымушана з’ехаў за мяжу, вернуцца на радзіму.

Магчыма, і спадар Эрыксан тады зноў прагуляецца па гістарычных вулках Менску. У гэта яшчэ больш верыцца пасля Вялікадня.


Цалкам гутарку са Стэфанам Эрыксанам глядзіце ў «Раніцы з «Белсатам»:



belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10