На беларуска-польскай мяжы зноў чэргі: на пункце «Берасце – Тэрэспаль» сабралася больш за 1300 легкавых аўтамабіляў. Кіроўцы скардзяцца на тое, што беларускія памежнікі аддаюць перавагу аўтобусам, а легкавікі фактычна стаяць. Людзі чакаюць некалькі дзён, і прагнозы несуцяшальныя: тыя, хто зарэгістраваўся 23 красавіка, могуць прастаяць цэлы тыдзень.
На раніцу 23 красавіка ў электроннай чарзе на выезд з Беларусі праз пункт пропуску «Берасце – Тэрэспаль» стаяла 1317 легкавых аўтамабіляў. За содні чарга вырасла на 50 %. У той жа час аўтобусы праходзяць без затрымак.
«Прапускаюць пераважна аўтобусы, а мы стаім трэція содні. Машыны не рухаюцца, і гэта ўсё ад таго, што на мосце – суцэльныя аўтобусы», – піша Алег з Барысава ў памежным чаце.
Яго падтрымлівае ў тэматычным чаце Таццяна з Горадні: «За апошнія 8 гадзінаў мы падняліся ў чарзе менш чым на 150 пазіцыяў. Такое адчуванне, што легкавікі проста ігнаруюць».
Паводле Telegram-боту «Контроль очереди ПП Брест-Тересполь», за мінулыя 24 гадзіны прапусцілі толькі 264 аўтамабілі, а 14 аўтаў праехалі ў прыярытэтным парадку. Кіроўца, які быў першым у чарзе, зарэгістраваўся адзін дзень і 14 гадзін таму. Гэта значыць, што аўтам у цяперашнім канцы чаргі можа дастацца выклік толькі праз 6–7 дзён.
«Я ў чарзе з 21 красавіка, з 17:00. Прайшло 30 гадзінаў, а мы яшчэ далёка. І ўсё ад гэтага "аўтобуснага" прыярытэту», – падзяліўся досведам карыстальнік пад нікам Яўген.
У той час як легкавікі завязлі, пасажырскія аўтобусы ўсё ж рухаюцца. Людміла, якая ехала рэйсавым аўтобусам з Менску ў Варшаву, распавяла: «Мы прайшлі мяжу за шэсць з паловай гадзінаў – гэта значна хутчэй, чым у машынах. Але ноччу чакалі больш за восем».
Афіцыйна ўлады Беларусі не каментуюць сітуацыі з прыярытэтам для аўтобусаў. Але, як мяркуе Ігар з Пінску, «гэта свядомая тактыка. Аўтобусы лягчэй кантраляваць, людзі – арганізаваныя, і менш "лішніх" пытанняў. А з легкавікамі поўная непрадказальнасць».
Надзея Вольная belsat.eu