Адміністрацыя Трампа прапанавала Украіне прызнаць Крым расейскім і адмовіцца ад уступлення ў NATO. Ці прыме афіцыйны Кіеў такія прапановы і што будзе далей? Пра гэта «Белсат» паразмаўляў з украінскім палітолагам Уладзімірам Фэсэнкам.
Белы дом, як адзначае выданне «The Wall Street Journal» са спасылкаю на заходніх чыноўнікаў, перадаў свае прапановы ўкраінскай дэлегацыі падчас перамоваў, што адбыліся 17 красавіка ў Парыжы.
У гэтых прапановах таксама ёсць пункт пра тое, каб тэрыторыі вакол Запарожскай АЭС былі абвешчаныя нейтральнымі і перададзеныя пад кантроль ЗША. Гэта, адзначае выданне, яшчэ не ўльтыматум, выстаўлены Украіне амерыканскім бокам, а ўсяго толькі спіс патэнцыйных варыянтаў. Адказ на гэтыя прапановы кіеўскі бок мусіць даць падчас перамоваў у Лондане, што маюць адбыцца гэтым тыднем.
Якім будзе адказ Украіны
На думку палітолага Уладзіміра Фэсэнкі, галоўнае, што трэба зразумець датычна з’яўлення гэтай інфармацыі, – гэта тое, што яна ўсяго толькі выцек, хоць не выключана, што выцек мэтанакіраваны. Бо ніводная афіцыйная асоба ані ў Вашынгтоне, ані ў Кіеве ці еўрапейскіх сталіцах не пацвердзіла яе.
Але пры гэтым палітолаг дапускае, што гэтая інфармацыя можа быць сапраўднай, бо аб прапановах амерыканскага боку наконт спынення агню на лініі судакранання, а таксама ідэях блакавання перспектываў сяброўства Украіны ў NATO вядома ўжо даўно.
,,«Але гэтак жа дакладна вядома, што Украіна не пагодзіцца на прызнанне Крыму расейскім. Гэта для нас абсалютна непрымальна. Пазіцыя Украіны не змянілася. Ні ў дачыненні Крыму, ні ў дачыненні іншых акупаваных і анексаваных Расеяй рэгіёнаў Украіна гэтага прызнаваць не будзе. Калі хтосьці з амерыканцаў пачне прасоўваць такую ідэю, а ў атачэнні Трампа ёсць людзі, якія могуць гэтым заняцца, то гэта можа пахаваць увесь перамоўны працэс. Украіна на тое не пагодзіцца», – кажа Уладзімір Фэсэнка.
Такая ж сітуацыя і з уступленнем Украіны ў NATO, бо гэта «канстытуцыйная норма, прапісаная ва ўкраінскім Асноўным законе. Сапраўды, у 2019 годзе ва Украіне набылі моц канстытуцыйныя папраўкі, што замацавалі стратэгічны курс краіны да паўнапраўнага сяброўства ў Еўразвязе і NATO. А гэта значыць, неабходныя змены ў Канстытуцыю.
«Таму я думаю, што ніводзін украінскі перамоўнік на гэта не пагодзіцца з палітычных меркаванняў. Бо гэта абмежаванне нашага вонкавапалітычнага суверэнітэту», – кажа Уладзімір Фэсэнка.

Ці магчымы кампраміс?
Суразмоўца «Белсату» мяркуе, што кампраміс магчымы і яго пошукам будуць занятыя ўсе бакі, акрамя, імаверна, Расеі.
І галоўны кампраміс, пры ўмове, што на яго пагодзіцца Расея, – гэта спыненне агню ўздоўж лініі фронту.
,,«Тады дэ-факта акупаваныя тэрыторыі застануцца пад кантролем Расеі. Ну, Крым ужо 11 гадоў пад кантролем Расеі, але Украіна гэтага не прызнае. Вось такая самая сітуацыя будзе і надалей. Вось такі кампраміс магчымы», – адзначае палітолаг.
Кампраміс наконт NATO магчымы ў тым фармаце, калі ЗША возьмуць на сябе пэўную адказнасць за тое, што сяброўства Украіны не будзе разглядацца ў Паўночнаатлантычным альянсе – гэта можа быць нейкая «эквілібрыстычная дыпламатычная фармулёўка», дапускае суразмоўца. Але наўпроставых абавязанняў адмовіцца ад імкнення ўвайсці ў NATO або які-небудзь іншы абаронны альянс Украіна на сябе браць не будзе, падкрэсліў Фэсэнка.
Суразмоўца адзначае, што Украіна і Расея маюць супрацьлеглыя пазіцыі ў пытаннях Крыму, уступлення ў NATO і прызнання акупаваных украінскіх тэрыторыяў за Расеяй, што ўскладняе працэс перамоваў.
«Украіна не будзе прызнаваць любую акупаваную і анексаваную тэрыторыю расейскай. А Расея нічога нам не будзе аддаваць. Так што тут глухі кут, і кампрамісаў я не бачу», – рэзюмуе Уладзімір Фэсэнка.

А што, калі Трамп «умые рукі»?
Ужо не аднойчы з амерыканскага боку гучалі сігналы пра тое, што Трамп можа выйсці з перамоўнага працэсу, калі не будзе відавочнага прагрэсу ў мірных перамовах ва Украіне. На гэта ўжо некалькі разоў намякалі ягоныя дарадцы. Ці можа такое адбыцца насамрэч?
Уладзімір Фэсэнка пацвердзіў, што ў Трампа сапраўды ёсць раздражненне і незадаволенасць праз адсутнасць хуткіх вынікаў і дамоўленасці аб спыненні агню, якіх той чакаў, а таму відавочна напружвае сваіх памочнікаў і дарадцаў, каб яны рухаліся больш актыўна ў гэтым кірунку.
,,«Адначасова гэта інструмент ціску – ціску на перамоўны працэс. І на нас [украінцаў. – Заўв. «Белсату»], і на Пуціна. Звярніце ўвагу, вось гэтая ініцыятыва – імітацыя велікоднага перамір'я. Гэта ж невыпадкова! Гэта такі маленькі падарунак Трампу [ад Пуціна. – Заўв. «Белсату»] да трох месяцаў прэзідэнцтва, нават не да Вялікадня. І гэта дэманстрацыя, што ён [Пуцін. – Заўв. «Белсату»] хоча міру. То бок Расея адрэагавала на гэтыя пагрозы з боку ЗША», – адзначае палітолаг.
Пры гэтым Уладзімір Фэсэнка мяркуе, што найбліжэйшым часам амерыканцы не выйдуць з перамоваў. Бо 1 траўня спаўняецца сто дзён прэзідэнцтва Трампа, гэта сімвалічная дата для ЗША, і амерыканскі прэзідэнт хоча атрымаць да яе пэўныя вынікі. Таму, на думку суразмоўцы, амерыканцы зробяць вельмі шмат, каб мець нейкія дасягненні менавіта да канца красавіка.
«Аднак, калі не будзе выніку, калі выходзіць у адзін момант, гучна грукнуўшы дзвярыма, сказаць: «Усё, мы хацелі, але Расея і Украіна не хочуць, Пуцін і Зяленскі не хочуць, таму ўсё, я мыю рукі», – тэарэтычна гэта магчыма, і ўжо намёкі такія ёсць з боку Трампа. Але я думаю, што гэта выглядала б як параза Трампа. Таму ЗША могуць выйсці з перамоўнага працэсу, але праз нейкі час, не адразу», – кажа Фэсэнка.
Працэс выхаду можа ісці інерцыйна: амерыканцы будуць паступова змяншаць сваю вагу, і Трамп проста пераключыцца на іншыя тэмы. Але калі гэта адбудзецца, то на ролю пасярэднікаў у дасягненні міру паміж Украінаю і Расеяй могуць прэтэндаваць, на думку Уладзіміра Фэсэнкі, Турцыя, Кітай і, імаверна, праз нейкі час якая-небудзь з арабскіх краінаў, якія ўжо сёння выконваюць такую ролю ў асобных пытаннях.
Раман Шавель belsat.eu