навіны

У Крыме напісалі новыя падручнікі пра гісторыю рэгіёну: згадалі і Беларусь

Падручнікі гісторыі Прычарнамор'я, напісаныя ў Севастопальскім універсітэце. Фота: sevastopol.press
Падручнікі гісторыі Прычарнамор'я, напісаныя ў Севастопальскім універсітэце. Фота: sevastopol.press
podpis źródła zdjęcia

Севастопальскія навукоўцы прэзентавалі новыя падручнікі археалогіі Крыму і Візантыйскага Прычарнамор’я. У іх у тым ліку расказваюць пра важнасць рэгіёну ў гісторыі Беларусі.

Навукоўцы Севастопальскага дзяржаўнага ўніверсітэту з акупаванага расейскімі войскамі Крыму распрацавалі і прэзентавалі серыю новых падручнікаў і навуковых выданняў, прысвечаных гісторыі і археалогіі Прычарнаморскага рэгіёну.

Адно з выданняў – падручнік гісторыі і археалогіі Візантыйскага Крыму. У ім раскрываецца «ключавая роля паўвострава ў сярэднявечнай гісторыі народаў сучасных Расеі, Украіны і Беларусі».

Як адзначыў намеснік дырэктара Інстытуту гісторыі і археалогіі Візантыі і Прычарнамор’я Сяргей Бачароў, рыхтуючы падручнік, аўтары ўжылі комплексны падыход, аб’яднаўшы ў адным выданні палітычную і эканамічную гісторыю сярэднявечнага Крыму, асаблівасці рэлігіяў мясцовага насельніцтва, а таксама культурныя і этнічныя працэсы на паўвостраве з VI да сярэдзіны XIII стагоддзяў.

У 2025 годзе плануюць выдаць тры падручнікі, прысвечаныя археалогіі Хазарскага каганату, Генуэзскай Хазарыі (генуэзскіх калоніяў у Паўночным Прычарнамор’і) і класічнай археалогіі.

Нагадаем, што Крым – тэрыторыя Украіны, якая з 2014 года застаецца пад расейскай акупацыяй у выніку анексіі. Украіна не прызнае страты паўвострава і разглядае яго як акупаваную тэрыторыю. Бальшыня краінаў свету падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і не прызнае расейскую анексію Крыму.

Дзеля справядлівасці варта сказаць, што перасячэнняў у гісторыі Крыму і сучаснай Беларусі сапраўды нямала. Узяць хаця б той факт, што караімскія татары (караімы), якія насялялі Крым у Сярэднявеччы, былі запрошаныя вялікім князем Вітаўтам у канцы XIV стагоддзя на землі Вялікага Княства Літоўскага. Паводле гістарычных звестак, пасля паходу на Крым каля 1397–1398 гадоў Вітаўт перасяліў у межы ВКЛ некалькі соцень сем’яў караімаў і крымскіх татараў. Іхныя паселішчы з’явіліся ў Троках (сучасны Тракай), Луцку, Горадні ды іншых гарадах. Караімы мелі важнае значэнне як вайскоўцы, перакладнікі і дыпламаты, захавалі сваю рэлігію, мову і культурную асобнасць.

У той жа час пакуль цяжка сказаць, чаго будзе больш у новых падручніках – гісторыі ці ідэалогіі ва ўгоду абгрунтавання «брацкіх сувязяў» паміж расейцамі, украінцамі і беларусамі.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10