Папа Рымскі адобрыў указ, які прызнае «гераічныя цноты» Антоні Гаўдзі.
Пра гэта паведаміла выданне «Vatican News», якое называе працу архітэктара важнаю місіяй – «набліжаць людзей да Бога».
Антоні Гаўдзі быў пабожным чалавекам, які больш за 40 гадоў працаваў над саборам Святой сям'і ў Барсэлоне (Temple Expiatori de la Sagrada Família). Гэта найбуйнейшы няскончаны рымска-каталіцкі сабор у свеце, які прызналі абʼектам сусветнай спадчыны UNESCO, а таксама адная з галоўных турыстычных славутасцяў Еўропы.
Нагадаем, што будаўніцтва сабору Святой сямʼі пачалося ў 1882-м, але засталося незавершаным нават пасля таго, як Гаўдзі прысвяціў апошнія 12 гадоў жыцця выключна яму.
Самае доўгае ў гісторыі будаўніцтва планавалася завяршыць да стагоддзя з дня смерці Гаўдзі ў 2026-м, але затым дату перанеслі на нявызначаны тэрмін пасля таго, як пандэмія COVID-19 скараціла даходы ад турызму, за кошт якіх сабор дабудоўваўся.
Антоні Гаўдзі нарадзіўся 25 чэрвеня 1852-га і ў 30 гадоў узначаліў будаўніцтва сабору. Ён змяніў першапачатковы праект, напоўніўшы яго прыроднымі формамі. У 1894-м, пасля цяжкай хваробы, выкліканай строгім постам, страціўшы ўсіх сямейнікаў, ён адмовіўся ад новых замоваў, прысвяціўшы сябе толькі гэтаму сабору.
У 1925 годзе Гаўдзі пераехаў у невялікае памяшканне побач са святыняю, а праз год, 7 чэрвеня 1926-га, яго збіў трамвай. Яшчэ праз 3 дні архітэктар памёр у гарадскім шпіталі для бедных. На пахаванне прыйшлі каля 30 тысячаў чалавек.
Для беатыфікацыі Гаўдзі, наступнага кроку ў працэсе станаўлення святым, яму павінен быць прыпісаны цуд. Пасля гэтага патрэбны другі цуд, каб яго абвясцілі святым.
Тэса Анэйда / belsat.eu