Вайна

71 беларус спрабаваў завербавацца ў армію РФ у Маскве за год – «Важные истории»

Пункт адбору на вайсковую службу ў Маскве. Фота: kuntsevo-gazeta.ru
Пункт адбору на вайсковую службу ў Маскве. Фота: kuntsevo-gazeta.ru
podpis źródła zdjęcia

Толькі ў Маскве ў расейскую армію на вайну з Украінай маглі завербаваць больш як паўтары тысячы замежных наймітаў за год. Пра гэта паведамляюць «Важные истории». З іх прынамсі 71 грамадзянін Беларусі.

Журналісты выявілі імёны наймітаў з дапамогай выцеку з маскоўскай медычнай базы (ЕМІАС), якая ахоплівае перыяд з красавіка 2023-га да канца траўня 2024 года. У выніку ўзлому хакерамі «DumpForums» некалькіх сістэмаў Дэпартаменту інфармацыйных сістэмаў мэрыі Масквы ў адкрыты доступ трапіла інфармацыя пра сотні замежнікаў, якія прайшлі праз пункт адбору на вайсковую службу паводле кантракту ў Маскве.

У больш як 1,5 тыс. замежных грамадзянаў, якія фігуруюць у базе ЕМІАС, у якасці адрасу пражывання паказаны адрас адзінага пункта адбору на кантракт – вуліца Яблачкава, дом 5, будынак 1. Часам у звестках сустракаецца і нумар кватэры. Гэтак, амаль тры сотні замежнікаў «пражываюць» у кватэры пад нумарам 302. Такі ж нумар мае кабінет медычнага агляду ў пункце вербавання.

Байцы ПКК ускладаюць кветкі каля Сцяны памяці загінулым беларусам у расейска-ўкраінскай вайне. Кіеў, Украіна. 29 жніўня 2023 года. Фота: Полк Каліноўскага / Telegram

Іх ужо амаль 70. Беларусы, якія загінулі за Украіну

Аналітыка

У пункце на Яблачкава ў ахвочых падпісаць кантракт прымаюць анкету, фотаздымкі і іншыя дакументы, а на ўваходзе трэба атрымаць талон. З дапамогай акаўнтаў наймітаў з Непалу атрымалася высветліць, што паміж часам друку талона і ўнясеннем у медычную базу праходзіць прыкладна 30 хвілінаў. Там жа, на Яблачкава, замежнікам афармлялі банкаўскія карты. Па выніках візіту ў пункт вербавання замежнікам уручалі прадпісанне з прапановай з'явіцца ў навучальны цэнтр «Авангард» у Падмаскоўі, дзе размяшчаюць кантрактнікаў, якія чакаюць загаду аб залічэнні ў ВС РФ. Замежныя найміты праводзілі ў «Авангардзе» каля двух тыдняў у чаканні загаду аб залічэнні ў войска, пасля чаго адпраўляліся на вучэнні і затым на фронт.

Паводле адкрытых крыніц журналісты пацвердзілі, што дзясяткі замежнікаў з адрасам на Яблачкава ўдзельнічалі ў вайне ва Украіне. Некаторыя з іх загінулі або апынуліся ў палоне, але ёсць і тыя, хто праслужыў увесь тэрмін кантракту і змог адлічыцца з шэрагаў ВС РФ. Таксама выяўлена прынамсі 13 выпадкаў, калі замежныя добраахвотнікі пакідалі Расею неўзабаве пасля візіту на Яблачкава.

«Важные истории» выявілі краіну паходжання больш як 1,3 тыс. з 1,5 тыс. замежнікаў, якія прайшлі праз маскоўскі пункт адбору на кантракт за год. Першае месца па колькасці добраахвотнікаў, якія адправіліся ў Расію, занялі Краіны Паўднёвай і Усходняй Азіі – 771 чалавек. З іх 603 асобы – грамадзяне Непалу, а рэшта – Шры-Ланка (64), Кітай (51), Індыя (43) ды іншыя. У сакавіку 2025 года ўрад Непала пацвердзіў гібель 48 наймітаў, аднак колькасць загінулых можа перавысіць адзнаку ў сто вайскоўцаў, адзначаюць журналісты.

На другім паводле колькасці наймітаў – краіны былога СССР (523 чалавекі). Найбольш добраахвотнікаў было сярод грамадзянаў Таджыкістану (86), Беларусі (71) і Узбекістану (71). За імі ідуць грамадзяне Кыргызстану (64), Казахстану (59), Азербайджану (29), Туркменістану (19), Малдовы (12), Арменіі (10) і Грузіі (8). Прайшлі праз вербавальны пункт на Яблачкава і 25 грамадзянаў Украіны.

Руслан Станіслававіч Шуста. Крыніца: t.me/Tsaplienko

Беларус трапіў ва ўкраінскі палон праз тыдзень на вайне

Вайна

Некаторыя грамадзяне постсавецкіх краінаў прыляцелі ў Расею з родных краінаў у той жа дзень або за дзень да зʼяўлення ў пункце адбору, аднак большасць пражылі ў Расеі больш як месяц (82%), а часта і больш як год (36%).

Пасля жыхароў былога СССР найбольш было выхадцаў з Афрыкі – 72 найміты, перадусім з Ганы, Камеруну і Сенегалу. Яшчэ 71 былі з краінаў Блізкага Усходу (Егіпту, Ірану, Іраку, Лівіі, Сірыі, Турэччыны, Алжыру і іншых).

Апроч таго, запісацца ваяваць за Расею спрабавалі і 34 грамадзяніны еўрапейскіх краінаў. Найбольш з іх было з Сербіі, але таксама трапіць у армію РФ хацелі грамадзяне Вялікай Брытаніі, Францыі, Даніі, Бельгіі, Італіі і Аўстрыі. Былі выяўленыя ў выцеку і два грамадзяніны ЗША ды восем кубінцаў.

«Белсат» звярнуўся да «Важных историй» з просьбай пра дадатковую інфармацыю адносна грамадзянаў Беларусі, якія ў азначаны перыяд спрабавалі запісацца ў армію Расеі.

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10