Якімі харчамі кормяць дзяцей у сацыяльнай дзяржаве? Сярод трох тысячаў тон прадукцыі арыштаванага прадпрымальніка – следчыя выявілі 57 тонаў мяса сумнеўнай якасці, у тым ліку падліну, адкапаную ля гаспадарак. Мы прааналізавалі дакумент Следчага камітэту, атрыманы намі ад ініцыятывы «Белпол». У ім толькі пра адну такую справу, а колькі такіх – ва ўсёй краіне? Распавядаем падрабязнасці злачынстваў, якія дзяржава хавае ад людзей.
Тры гады беларусаў кармілі здыхляцінай... У апошнія дні свайго прэм'ерства Раман Галоўчанка атрымаў справаздачу Следчага камітэту аб завяршэнні крымінальнай справы ў дачыненні А. Старавойтава і асобаў, якія дапамагалі яму збываць няякаснае мяса, у тым ліку адкапанае на жывёльных могільніках.
У сталіцы і раёне рэалізавалі 57 тонаў здыхляціны – гэта абʼём амаль чатырох фураў сярэдняй грузападымальнасці. І гэтага мяса дастаткова, каб цягам года карміць цэлую вёску з 800 чалавек.
У лісце Следчага камітэту ад 07.03.2025 г. напісана, што фірма Старавойтава... «...ТАА «РэалМiтГандаль» рэалізоўвала паўфабрыкаты з ялавічыны оптам і дробным оптам розным пакупнікам, у тым ліку ўнітарнаму прадпрыемству «ДАБ на Заходняй», якое забяспечвае харчамі дашкольныя ўстановы Менску і Менскага раёну, асобныя школы і ўстановы аховы здароўя Менскай вобласці».
Старавойтаў меў тры фірмы. Першая – «РэалМiтГандаль» – праз біржу закупляла толькі пятую частку мяса. Астатнія 79 %, паводле следчых, скупляла незаконна: быдла ад насельніцтва, крадзеную жывёлу з гаспадарак, а таксама падзежыну з могільнікаў і вытворчых пляцовак.
Далей «РэалМiтГандаль» перадаваў мяса адмыслова створаным для яго апрацоўвання таварыствам «Аграмітстар» і «Мітконер». Там добрае мяса змешвалі з набытым у нелегальных дастаўцаў, фасавалі і прадавалі. Адзін з пакупнікоў – згаданая «Дробнааптовая база на Заходняй» у Менску. Ад імя прапагандыстаў «Белсат» паразмаўляў з дырэктарам:
– После заведения уголовного дела по факту поставок вам ООО «РеалМитТорг» полуфабрикатов сомнительного качества усилили проверку мяса?
Адказвае Аляксей Лаўрыновіч, дырэктар унітарнага прадпрыемства «ДАБ на Заходняй»:
,,– Конечно, мы всегда занимаемся мониторингом и входящим контролем за качеством, согласно прилагаемым документам качества приобретаемой продукции.
Правяралі не мяса, а паперы на яго, што цалкам адпавядае санітарным правілам. Аднак у выніку – набывалі сыравіну не першай свежасці дый тры гады запар дастаўлялі ў дзіцячыя садкі Меншчыны, асобныя школы і медычныя ўстановы. У сталіцы 470 дзіцячых садкоў, а ў сталічным раёне – амаль 650. У іх харчуюцца бадай 130 тысяч малых.
Атручванні, перажытыя сталічнымі дзецьмі ў апошнія гады, могуць быць звязаныя з гэтай гісторыяй, не выключае доктар-нутрыцыёлаг Алеся Трыфан: прадукты з мяса памерлага быдла асабліва небяспечныя для дзіцячага здароўя. «Таксічныя рэчывы (пры раскладанні бялкоў вылучаюцца трупныя яды, якія выклікаюць цяжкія атручанні). Яны могуць утрымліваць патагенныя арганізмы. Гэта бактэрыі, як кішачная палачка, сальманела, гельмінты, вірусы. Не вядома калі, кім, чым была апрацаваная жывёла пасля гібелі. Што з ёю адбывалася?»

Перапрацоўвалі сумнеўнае мяса ў Менску пад адрасам Лідская 22, дзе, на дзіва, месцяцца аддзел міліцыі і яшчэ некалькі арганізацыяў. Тэлефануем у адную з іх. Размаўляе Юлія Цяльпук (ад імя жыхаркі Менску):
– Работает ли по соседству с вами на Лидской 22-2 цех по переработке мяса фирмы «Агромитстар» или «Митконер»?
Адказвае працаўніца арганізацыі на вул. Лідскай 22 у Менску:
,,– Магазина уже давно здесь нету. Наверное уже года полтора точно. Про цех, о котором вы говорите. Этот магазинчик был здесь раньше на Лидской 22.
У лісце прэм'еру Следчы камітэт пералічыў заканадаўчыя прагалы, якія дазволілі прадпрымальніку гадамі развіваць несумленны гандаль пад носам у міліцыі. Па-першае, перапрацоўчыя фірмы не набывалі мяса, а толькі бралі ў працу ў нерэгламентаваных абʼёмах і вярталі замоўніку, таму паходжанне – быццам не іх адказнасць. Па-другое, пробу мяса на аналіз адбіралі самыя і завозілі ў Санэпід да пачатку вытворчасці. «Дэкларацыю адпаведнасці» атрымлівалі на якаснае мяса, а харчы рабілі з іншай сыравіны. Па-трэцяе, пасведчанне якасці харчоў, на якое глядзяць кантрольныя органы, выдавалася ветэрынарным лекарам, які быў працаўніком вытворцы.
У Санэпіду Фрунзенскага раёну Менску (дзе месціліся фірмы Старавойтава) ад імя заклапочанай маці пытаемся, як правяраюць дастаўцаў ежы для школьнай сталоўкі?
«Проверяются товарно-транспортные накладные, качественные удостоверения. Ну и визуально отсматривается: с повреждениями ли данная продукция, есть ли маркировочные ярлыки, не нарушена ли целостность, ну и, конечно, внешний вид. Если что-то есть, какие-то подозрения, мы отбираем на лабораторное исследование. Либо нет документов и изымаем данную продукцию из оборота. Есть контроль комиссии при администрации Фрунзенского района, которая точно так же ежемесячно осуществляет контроль организации питания в учреждениях образования», – адказала працаўніца санэпіду.

Шанцы заўважыць няправільнае мяса ў масе з правільным – мізэрна малыя. Але ж не хвалюйцеся – супакойвае маці працаўніца санітарнае службы:
«В любом случае, при приготовлении продукция проходит термическую обработку. Жарочный шкаф, электрическая сковорода... Поэтому тут такой момент, если вы вдруг вот сейчас беспокоитесь о своё ребенке. Может быть боитесь, что он у вас получит отравление».
Сальманела ці кішачны пруток сапраўды загінуць у працэсе тэрмаапрацоўвання, але іх таксіны тэрмаўстойлівыя і могуць выклікаць атручванне. Часткова застануцца таксама антыбіётыкі і ўзбуджальнікі шэрагу хваробаў, на якія магла памерці жывёла.
Становіцца зразумела, чаму следчыя і чыноўнікі замоўчваюць сітуацыю. Кіраўнік сектару спажывецкай экспертызы «УКРМЕТРТЭСТСТАНДАРТ» кажа, што пазбегчы такіх выпадкаў можна з дапамогаю незалежнай экспертызы і правядзення аўдытаў.
«Інспектар бярэ інфармацыю з папярэдняга аўдыту. Параўноўвае: ці трапляла няякасная прадукцыя, якая сыравіна прыходзіла і ад якіх пастаўнікоў... І аператар рынку разумее, што ён знаходзіцца пад кантролем і ён вымушаны выкарыстоўваць бяспечную сыравіну», – кажа Юрый Міркееў з «Укрметртэстстандарт».
Следчы камітэт Беларусі прапанаваў выканаўчай уладзе іншыя развязанні: пазатыкаць дзіркі ў законах, арганізаваць відэаназіранне ў гаспадарках ды на могільніках. Савет Міністраў спусціў загад Міністэрству аховы здароўя, Мінсельгасхарчу і Міністэрству антыманапольнага рэгулявання ды выканаўчым камітэтам: «Забяспечце выпрацоўванне ўзгодненых падыходаў у рэалізацыі кожнага блоку прапановаў, напісаных у лісце Следчага камітэту. Пра вынікі, з аргументаванымі высновамі і прапановамі, праінфармуйце Савет Міністраў».
На выпрацоўванне плану даваўся час да 26 сакавіка – усяго 13 працоўных дзён. Прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар, які перадаў нам злітыя дакументы, не верыць, што адбудуцца істотныя змены:
,,«Калі мы кажам пра вялікія прадпрыемствы сістэмаўтваральныя і часам горадаўтваральныя прадпрыемствы, то такія лазейкі і даюць ім магчымасць існаваць і выходзіць па рэнтабельнасці на ўзровень троху больш за нуль».
Маржу працаўнікоў мясной галіны і гандляроў абвальвае Пастанова № 713 аб рэгуляванні цэнаў. Ашчаджаць даводзіцца на кожным этапе, што не спрыяе якасці харчоў, якія трапляюць у сталоўкі, крамы, а таксама на экспарт.
У перахопленым «BELPOL» раней дакладным лісце пракуратуры Аляксандру Лукашэнку зазначалася, што часткаю падліны з гаспадарчых могільнікаў «па-брацку» падзяліліся з Расеяй.
Юлія Цяльпук belsat.eu