Заморскі драпежнік раз’ядае экасістэму Берасцейшчыны. Пакуль яе ратуюць толькі рыбакі – вудамі, вёдрамі ды патэльняй, аднак праблема сапраўды сур'ёзная.
Рака Мухавец і азёры Берасцейшчыны пад ціскам чужынца – і гэта не жарт, а цалкам рэальная экалагічная праблема беларускіх вадаёмаў. Уся рэч – у інвазійным амерыканскім соміку (Ameiurus nebulosus), які за некалькі апошніх гадоў здолеў змяніць мясцовую водную фаўну і цяпер пагражае біяразнастайнасці беларускіх вадаёмаў.
Амерыканскі сомік – від, што першапачаткова зʼявіўся ў Беларусі як экзотыка, проста запусцілі ў вадаёмы па некалькі асобінаў. Аднак гэты драпежнік хутка акліматызаваўся, распладзіўся і пачаў выціскаць мясцовыя віды рыбы: ліня, карася, плотку. Ён непераборлівы ў ежы, есць ікру, дробную жыўнасць, адаптуецца да любога вадаёму і мала каго баіцца. Даследаванні іхтыёлагаў Навукова-практычнага цэнтру біярэсурсаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пацвердзілі прысутнасць гэтага інвазійнага віду ў розных рэгіёнах краіны. Асабліва актыўна яго назіраюць на паўднёвым захадзе і ў вадаёмах Менску.
Навукоўцы пакуль супраць яго бяссільныя, што рабіць – не ведаюць. Пакуль ратуюць толькі рыбакі, але па-свойму. На возеры Лукава, напрыклад, сомік ужо зрабіўся асноўнай здабычаю вясной. Галоўнае – ведаць месцы, а іх тут ужо сапраўды шмат.
«Да прыцемкаў прайшоўся па інвазійнай рыбе. Спачатку лавілася буйная, а як сцямнела – пайшла дробязь. Іншая рыба нават і не трапляецца тут ужо. Трошкі я яго рады прарэдзіў», – распавёў рыбак Уладзімір у адным з мясцовых тэматычных чатах і паказаў цэлае вядро ўлову.

Навукоўцы гадаюць – беларус смажыць
Эксперты тым часам б’юць трывогу: калі нічога не зрабіць, інвазійны сомік можа цалкам знішчыць унікальныя віды, у тым ліку ўжо рэдкага беларускага ліня. Але пакуль што ў бітве з «заморскім захопнікам» за беларускую экалогію лепшай зброяй зʼяўляюцца вядро, вуда і патэльня.
На Берасцейшчыне ўжо назіраецца своеасаблівы «сомікавы турызм»: на яго палююць нават жыхары іншых вобласцяў – прыязджаюць на рыбалку цэлымі сем’ямі і з начлегам.
Сомік ловіцца лёгка – на чарвяка ці іншы кавалак з пахам жывёльнага. Што больш важна – на яго няма ліміту вылаву. Таксама рыбакі распавядаюць, што сомік хоць і адносна невялікі ў памерах, але смачны ў смажаным і вэнджаным выглядзе.
Надзея Вольная belsat.eu