Прэзідэнтку Еўрапарламенту Рабэрту Мэтсалю абвінавацілі ў плагіяце, але дыплом у яе, хутчэй за ўсё, не адбяруць.
Кіраўніца Еўрапарламенту Рабэрта Мэтсаля выкарыстала чужыя тэксты без належнага цытавання ў сваёй дыпломнай працы – да такіх высноваў прыйшоў аўстрыйскі незалежны эксперт Штэфан Вэбэр (яго яшчэ называюць паляўнічым на плагіят), а таксама Універсітэт Мальты, дзе вучылася Мэтсаля, паведамляе «BILD».
У 2003 годзе Мэтсаля абараніла выпускную працу на тэму выбарчых сістэмаў, пасля чаго атрымала ступень доктара права (LL.D). Гэта не навуковая ступень, але на сайце Еўрапейскай народнай партыі Мэтсаля пазначаная як «д-р Мэтсаля», што звычайна ўжываецца для асобаў з навуковай дысертацыяй.
Штэфан Вэбэр выявіў у працы Мэтсалі «188 фрагментаў з плагіятам або некарэктным цытаваннем», сцвярджаючы, што амаль палова тэксту запазычаная без належных спасылак. З ягоных словаў, дыпломная работа была «складзеная з дапамогаю капіпасты».
Універсітэт Мальты правёў уласнае расследаванне і пацвердзіў гэтыя высновы. У высновах універсітэту гаворыцца, што Мэтсаля выкарыстоўвала «элементы плагіяту або тэксты, што не былі згаданыя або былі некарэктна працытаваныя».
Прадстаўніца Мэтсалі Міна Андрэева спрабавала змякчыць сітуацыю, заявіўшы: «Спадарыня Мэтсаля ж не пісала доктарскую дысертацыю. А для ейнай выпускной працы на той момант дзеялі зусім іншыя акадэмічныя стандарты».
Аднак універсітэт не прыняў такога апраўдання і ў адказ падкрэсліў, што працы не стае навуковай каштоўнасці. Тым не менш, пазбаўляць Мэтсалю дыплому не плануюць. Паводле афіцыйнай пазіцыі, «сур’ёзныя хібы» ў дыпломнай працы сапраўды зніжаюць яе навуковую якасць, але «не абясцэньваюць яе цалкам».
Скандалы з плагіятам у навуковых працах вядомых палітыкаў, папраўдзе, зусім не рэдкасць.
Былы прэзідэнт Вугоршчыны Пал Шміт страціў ступень і пайшоў у адстаўку пасля таго, як Будапэшцкі ўніверсітэт выявіў, што ягоная дысертацыя пра алімпійскі рух змяшчае вялікую колькасць тэксту, запазычанага без цытавання: 180 з 215 старонак паўтараюць працу балгарскага даследніка.
Прэм’ер Румыніі Віктар Понта ў 2012 годзе быў прызнаны вінаватым у плагіяце ў сваёй юрыдычнай дысертацыі, але адмаўляўся пакідаць пасаду. Ён сцвярджаў, што абвінавачанні мелі палітычную матывацыю. У адстаўку ён пайшоў толькі ў 2015 годзе пасля масавых пратэстаў.
Старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен, якая ў 2015 годзе займала пасаду міністаркі абароны Нямеччыны, сутыкнулася з абвінавачаннямі ў плагіяце ў сваёй доктарскай дысертацыі. Аднак пасля расследавання, праведзенага Медычным універсітэтам Гановэру, пастанавілі не пазбаўляць яе навуковай ступені. Універсітэт прызнаў, што хаця ў працы меліся пэўныя недахопы ў цытаванні, яны не дасягалі ўзроўню паслядоўнага плагіяту. Такім чынам, справа была закрытая без наступстваў для палітычнай кар'еры фон дэр Ляен.
Раман Шавель belsat.eu