Беларускае прадпрыемства «Планар» у 2023 – 2025 гадах трапіла пад санкцыі Аўстраліі, Вялікай Брытаніі, Канады, ЗША і Еўразвязу за супрацу з вайскова-прамысловым комплексам Расеі. Нядаўна сталася вядома, што завод спрабаваў абысці абмежаванні, падпісаўшы кантракт з кампаніяй з ЗША на пастаўку паўправаднікоў. «Zerkalo.io» разам з «BELPOL» высветліла, што «Планар» таксама супрацоўнічаў з еўрапейскімі прадпрыемствамі і атрымліваў ад іх патрэбныя тавары праз хітрыя схемы.
Куплялі ў Нямеччыне, пастаўлялі праз Літву
«Планар» – дзяржаўнае прадпрыемства. Выпускае абсталяванне для вытворчасці інтэгральных мікрасхемаў. Прадукцыю завод пастаўляе на «Інтэграл», што адпраўляе мікрасхемы на патрэбы вайскова-прамысловага комплексу Расеі (беларускія мікрасхемы выкарыстоўваліся ў расейскіх ракетах «Іскандэр» і «Калібр»).
Акрамя таго, паводле «BELPOL», прадпрыемства наўпрост супрацоўнічае з Расеяй, а менавіта – з навукова-даследчым інстытутам «Полюс», што ўваходзіць у холдынг «Швабе» дзяржкарпарацыі «Ростех», якая ёсць ключавым пастаўніком зброі для арміі РФ.
У красавіку 2024 года сталася вядома, што Расея выдзеліла крэдыт у памеры 2,8 мільярда рублёў для новых вытворчасцяў у Беларусі – засвойваць грошы будуць «Інтэграл» і «Планар». У сакавіку 2023 года генеральны дырэктар «Планару» Сяргей Авакаў казаў, што «апошнімі гадамі партнёрства з Расеяй, безумоўна, пайшло ўверх».
Кіраўніцтва «Планару» таксама распавядала, што на прадпрыемстве дзее вялікая праграма ў імпартазамяшчэнні. Аднак усё замяніць не здолелі, а менавіта – аптычнае шкло, што надалей куплялі за мяжою, як высветліў «BELPOL» на падставе мытных дакументаў. Прадаўцом, паводле арганізацыі былых беларускіх сілавікоў, выступае нямецкая кампанія «Oxapa GmbH».
Таварна-транспартавыя накладныя і інвойсы, што апынуліся ў «BELPOL», датаваныя траўнем і ліпнем 2023 года – тады «Планар» яшчэ не быў пад санкцыямі. Перавоз аптычнага шкла розных памераў адбываўся праз літоўскі склад. Агульны кошт тавараў перавышаў 17 тысячаў еўраў.
Схемы пасля ўвядзення санкцыяў ЗША
Пастаўнік – нямецкая кампанія «Oxapa GmbH» з гораду Ена. У 2023 годзе яна класіфікавалася як малое прадпрыемства без работнікаў. Гэта магчыма ў выпадку, калі кампанія аддавала на аўтсорс выкананне сваіх работ. Кіроўны дырэктар кампаніі – Уладзіслаў Матусевіч – сталы рэзідэнт Нямеччыны, які некалі жыў у Менску. На ягонае імя і на тым жа адрасе, што і «Oxapa GmbH», зарэгістраваныя яшчэ тры кампаніі.

У снежні 2023 года «Планар» трапіў пад санкцыі ЗША за «прыналежнасць ці падпарадкаванне ўраду Беларусі». У лютым 2024 года прадпрыемства таксама трапіла пад санкцыі Вялікай Брытаніі і Аўстраліі, у жніўні 2024-га – Канады (за дзеянні «ў складзе беларускага абароннага і вайскова-прамысловага комплексу» і ўдзел «у вытворчасці ці рамонце вайсковай тэхнікі, што забяспечвае поўнамаштабнае ўварванне Расеі ва Украіну».
У сакавіку 2025 года «Планар» і ягоны дырэктар Сяргей Авакаў трапілі ў санкцыйны спіс Еўразвязу як «дзяржаўнае прадпрыемства, што спецыялізуецца на распрацоўванні і пастаўцы кампанентаў у галіне мікраэлектронікі, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці вайсковай тэхнікі, уключаючы беспілотныя лятальныя апараты».
«BELPOL» паведамляе пра дзве вядомыя пастаўкі тавараў з Нямеччыны на «Планар» ужо пасля таго, як ён трапіў пад санкцыі ЗША. Аднак ішлі яны не наўпрост. У лютым 2024 года аптычнае шкло, а таксама спецыялізаваныя клей і лак на 11 тысячаў еўраў адпраўлялі з Нямеччыны ў Беларусь праз Польшчу. У таварнай накладной было ўказанае прадпрыемства «Стройгеодор» з Горадні. Пасля ўвозу ў Беларусь нямецкая фірма адправіла ўслед ліст з наступным тэкстам: «У дакументы трапіла памылка, сапраўдным атрымальнікам трэба чытаць ААТ «Планар».
Польскі пасярэднік, заснаваны беларускамі
У красавіку 2024 года аптычнае шкло на 25 тысячаў еўраў адпраўлялі праз польскую фірму «Shiko Company System». Нямецкую кампанію «Oxapa» ўказалі яе асобным падраздзяленнем.
Згодна з афіцыйнымі звесткамі польскага рэестру юрыдычных асобаў, кампанію «Shiko Company System» заснавалі дзве грамадзянкі Беларусі – 68-гадовая Ларыса Шымановіч і 48-гадовая Наталля Кавальская.
Паводле інфармацыі «BELPOL», Шымановіч была звязаная з абароннай сфераю у Беларусі і працавала на прадпрыемствах, што ўваходзілі ў склад Дзяржваенпраму: «Агат» і холдынг «БелОМО».
Наталля Кавальская – жонка Паўла Кавальскага, суўласніка гарадзенскага «Стройгеодора», які быў указаны як памылковы адрасат у лютаўскай пастаўцы. Паводле «BELPOL», Кавальская раней працавала на Гарадзенскай рэгіянальнай мытні.
Што сказаў кіраўнік нямецкай фірмы?
Кіроўчы «Oxapa GmbH» Уладзіслаў Матусевіч патлумачыў у размове з журналісткаю «Zerkalo.io», што «Планар» не ўваходзіць у санкцыйны спіс ЕЗ, а абмежаванні ЗША і Вялікай Брытаніі не закранаюць еўрапейскія кампаніі. Размова адбылася 17 сакавіка 2025 года, яшчэ да ўвядзення еўрапейскіх санкцыяў.
Матусевіч таксама апавёў, што са снежня 2023 года «Oxapa GmbH» спыніла падпісанне дамоваў з расейскімі і беларускімі кампаніямі, а пастаўкі 2024 года – гэта «хвасты» паводле заключаных раней кантрактаў. Акрамя таго, мужчына пацвердзіў пастаўкі на адрас «Стройгеодор» і польскай кампаніі «Shiko Company System», аднак зазначыў, што не адпраўляў ліст пра памылковы адрас пастаўкі. Бізнесовец не здолеў патлумачыць, ці ведаў ён, куды тавары ягонай фірмы ішлі далей.
,,«У мяне ёсць пастаўка на «Стройгеодор». Ці пайшла яна на «Планар» – я не магу сказаць. У мяне такіх звестак няма. Я не выключаю, што такое можа быць. Але зноў жа, я паўтаруся, калі хтосьці ў нас купіў прадукцыю і прадаў яе некуды яшчэ – гэта не забаронена», – сказаў Матусевіч.
Напрыканцы размовы з журналісткаю бізнесовец забараніў згадваць ягонае імя ў публікацыі, а таксама папрасіў «перадаць знаёмым», каб яму «больш не тэлефанавалі і не задавалі пытанні».
Марыя Міхалевіч belsat.eu