12 красавіка ў Варшаве прайшоў марш, прысвечаны 1000-годдзю Каралеўства Польскага і 500-годдзю Прускай прысягі. Тысячы людзей пад бела-чырвонымі сцягамі прайшлі па цэнтральнай вуліцы польскай сталіцы.
Сёлетняе мерапрыемства праходзіла пад нацыянальным патранатам прэзідэнта Рэспублікі Польшча Анджэя Дуды і было арганізаванае кіраўніцтвам партыі «Права і справядлівасць» (ПіС). У ім узялі ўдзел лідар ПіС Яраслаў Качыньскі, а таксама іншыя прадстаўнікі партыі: Караль Наўроцкі (кандыдат на пасаду прэзідэнта Польшчы ад ПіС), Матэвуш Маравецкі (былы прэм’ер-міністр краіны).

Перад пачаткам маршу быў усталяваны новы рэкорд Гінеса па колькасці пар, якія адначасова танцуюць паланез. Гэтым разам у танцы ўзялі ўдзел 1165 пар – многія з танцораў былі апранутыя ў нацыянальныя строі і гістарычныя касцюмы.

Такім чынам, папярэдні рэкорд, усталяваны 28 верасня 2024 года ў горадзе Сокалаў Падляскі, быў пабіты – тады паланез адначасова выконвалі 635 пар, рэкорд быў запісаны ў Кнігу рэкордаў Гінеса.

Пасля гэтага вялікае мноства людзей прайшло па цэнтральнай вуліцы Варшавы, скандуючы палітычныя лозунгі. Сярод іншага было чуваць лозунг «Tu jest Polska» («Тут Польшча», часта выкарыстоўваецца падчас пратэстаў, накіраваных супраць наплыву мігрантаў).


Прускай прысягай у гісторыі Польшчы называецца момант, калі вялікі магістр Тэўтонскага ордэна герцаг Альбрэхт Прускі прынёс васальную прысягу каралю Рэчы Паспалітай і вялікаму князю літоўскаму Жыгімонту Старому. Гэтая падзея адбылася 10 красавіка 1525 года на галоўнай плошчы Кракава, тагачаснай польскай сталіцы.

Славуты польскі мастак Ян Матэйка прысвяціў гэтай падзеі сваю карціну пад назвай «Пруская прысяга» («Hołd pruski»).
belsat.eu