навіны

Латышская апазіцыя прапаноўвае цалкам забараніць продаж тавараў з Беларусі і Расеі

Крама
Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: LETA
podpis źródła zdjęcia

Нацыянал-кансерватыўная (апазіцыйная ўладам) кааліцыя латышскага парламенту «Нацыянальнае аб’яднанне» прапаноўвае цалкам забараніць у краіне гандаль расейскімі і беларускімі таварамі, піша «Delfi» са спасылкай на інфармацыйнае агенцтва LETA.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: brestcity.com

Латвія зацвердзіла новыя патрабаванні для тых, хто ўязджае ў краіну. Каго яны закрануць?

навіны

Дэпутаты ўжо распрацавалі законапраект, што прадугледжвае забарону на гандаль таварамі з Расеі і Беларусі з 1 ліпеня 2025 года.


Як заявіў дэпутат Яніс Вітэнбэргс, у латышскіх крамах, нягледзячы на санкцыі Еўразвязу, усё яшчэ можна знайсці тавары, вырабленыя ў Расеі і Беларусі. У выпадку адмовы ад гандлю гэтымі таварамі Латвія стане ўзорам для іншых краінаў ЕЗ і будзе спрыяць больш эфектыўнай рэалізацыі санкцыйнай палітыкі, мяркуе дэпутат.


Паводле «Нацыянальнага аб’яднання», вайна Расеі супраць Украіны і падтрыманне ўварвання Беларуссю стварылі сітуацыю, калі любы гандаль з гэтымі краінамі «не толькі амаральны, але і ёсць адкрытым падтрыманнем эканомікі агрэсара».


Партыя звяртае ўвагу на тое, што ў Латвіі ўсё яшчэ працуюць дзясяткі прадпрыемстваў, якія імпартуюць харчовыя ды іншыя тавары з Расеі і Беларусі, тым самым ускосна фінансуючы іх ваенны патэнцыял.


Паводле палітыкаў, трэба спыніць продаж у Латвію тавараў з краінаў, што вядуць вайну, бо кожны еўра за іх – гэта крок да новых атак ва Украіне, а таксама патэнцыйна ў іншых рэгіёнах Еўропы.


Латышскія апазіцыянеры заклікаюць прэм’ер-міністарку краіны Эвіку Сілыню здзейсніць неабходныя захады для ўвядзення поўнай забароны на гандаль расейскімі і беларускімі таварамі ў Латвіі і ў супрацы з урадамі Літвы ды Эстоніі дамагацца аналагічнай забароны ў іншых краінах Балтыі. Партыя таксама прапаноўвае ўвесці падвышаныя мытныя тарыфы на расейскія і беларускія тавары на ўсёй тэрыторыі Еўразвязу.


«Нацыянальнае аб’яднанне» – кааліцыя апазіцыйных партыяў «Аб’яднаны спіс», «Стабільнасць», «Латвія перадусім».


Латышскі Сейм у чацвер, 3 красавіка, канчаткова зацвердзіў папраўкі да Іміграцыйнага закону і закону «Аб дзяржаўнай мяжы». Цяпер грамадзяне трэціх краінаў, якія не маюць выдадзенай у Латвіі візы ці дазволу на жыхарства, будуць абавязаныя за 48 гадзінаў перад заездам у Латвію падаць мэту паездкі, меркаваны тэрмін перабывання, месца пражывання, маршрут перасоўвання і кантактныя звесткі, а таксама інфармацыю пра службу ў вайсковых структурах ці дзяржаўных органах – цяпер ці ў мінулым.


У канцы сакавіка 2025 года Сейм Латвіі таксама падтрымаў у першым чытанні законапраект «Аб абмежаванні захадаў, якія пагражаюць нацыянальнай бяспецы», што прадугледжвае забарону на паездкі ў Расею і Беларусь для працаўнікоў дзяржаўнай сферы Латвіі.


Кабінет міністраў Латвіі 18 сакавіка пастанавіў з 19 сакавіка закрыць пункты пропуску на межах з Беларуссю і Расеяй для пешаходаў і раварыстаў, пакінуць адкрытым толькі для аўтатранспарту.


Другі пункт пропуску, «Сілэнэ» (з беларускага боку гэта КПП «Урбаны»), урад Латвіі пастанавіў закрыць 19 верасня 2023 года. Пастанову тлумачылі захадамі бяспекі ў сувязі з міграцыйным крызісам.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10