Гісторыі

«Тут кожны – сусвет». Як адна дзяўчына змяняе жыцці людзей з пансіянату пад Берасцем

Юлія Гараднічук. Фота: julia_gorodnichuk / Instagram
Юлія Гараднічук. Фота: julia_gorodnichuk / Instagram
podpis źródła zdjęcia

У свеце, дзе людзі стаміліся ад палітыкі і дрэнных навінаў, гісторыі накшталт гэтай – глыток паветра. Яна пра Юлю Гараднічук, якая сышла з працы на мясакамбінаце, адвучылася на цырульніцу і ўжо два гады працуе ў пансіянаце для людзей з інваліднасцю і асобаў сталага веку, на якіх шмат хто забыўся.

Звяртаем увагу: мы не размаўлялі з Юліяй асабіста. Гэты тэкст напісаны на аснове ейных адкрытых публікацыяў у TikTok-акаўнце і старонак у Threads і Instagram. Мы не звярталіся да дзяўчыны па каментар, каб не ставіць яе ў небяспеку.

Гэтая дзяўчына не проста стрыжэ ці завівае валасы – сваім стаўленнем да людзей яна вяртае ім веру ў сябе. Дзякуючы гэтай дзяўчыне пра жыхароў пансіянату пад Берасцем сёння ведаюць ужо тысячы людзей у Беларусі і за яе межамі, якія гатовыя падтрымаць словам і справаю. Гэта і ёсць гісторыя сапраўднай прыгажосці, але той, якой не патрэбнае люстэрка.

Сем гадоў Юлія Гараднічук з-пад Берасця працавала інжынерам-тэхнолагам на мясаперапрацоўчым камбінаце. Штодзённая руціна, гул машынаў, кожны дзень адрозніваўся ад учорашняга толькі датаю ў календары. Так, усё ў жыцці нібыта было ўладкавана. Але штосьці ўнутры падказвала, што гэтая праца не для яе.

,,

«Душа прасіла творчасці, – апавядае Юля пра свой жыццёвы шлях у сацсетках. – Спачатку гэтае жаданне здавалася дзіўным і далёкім. Ну якое цырульніцтва ў вёсцы, дзе да гораду яшчэ ехаць і ехаць? Але дзяўчына адважылася. Запісалася на курсы, вывучылася. Пачала патроху стрыгчы сябровак. Яшчэ некаторы час гэтую дзейнасць сумяшчала з працаю на камбінаце, але ўрэшце паставіла цалкам прысвяціць сябе новай справе. Сышла».


Жыццё, смех і слёзы ў пансіянаце


Прыкладна ў той перыяд жыцця Юлія заўважыла вакансію цырульніка ў сацыяльным пансіянаце для людзей сталага ўзросту і людзей з інваліднасцю, што пад Берасцем.

Сябры адгаворвалі: «Юля, тое месца не для цябе. Гэта ж не салон прыгажосці».

«Калі я пабачыла гэтую вакансію, зразумела, што яна ўжо даўно вісіць у інтэрнэце. Ніхто не хацеў ісці. Але я чамусьці адчувала, што мушу паспрабаваць», – узгадвае Юля.

У пансіянаце яе адразу папярэдзілі: «У нас майстры доўга не затрымліваюцца». Але дзяўчына засталася. І вось ужо другі год прыходзіць сюды, як дадому.

Пансіянат, пра які вядзецца, – гэта не дом састарэлых з кіно. Замест глянцу – шчырасць. Тут жывуць тыя, каго жыццё пакінула без падтрымання. Людзі сталага веку, якіх больш няма каму даглядаць. Маладыя з інваліднасцю, што прыехалі сюды з дзіцячых дамоў. Ёсць і такія, хто сам наважыўся на такое – калі ўдома ўжо нельга даць рады.

Працаваць у такім пансіянаце няпроста. А часам – дужа цяжка. Патрэбная не толькі цярплівасць, але і сапраўдная чуллівасць, далікатнасць. Бо ў кожнага тут – свая і вельмі нялёгкая гісторыя.


Быць побач і паказваць чалавеку, што ён варты любові


Як расказвае дзяўчына, некаторыя людзі ў пансіянаце не могуць самастойна прыйсці ў кабінет. Кагосьці трэба ўгаварыць. Да кагосьці трэба ісці ў пакой. Хтосьці саромеецца, хтосьці забыўся, як выглядае ягонае ўласнае адлюстраванне.

Калі Юля заходзіць да чалавека, які доўга не выходзіў з пакою, яна не пытаецца, ці хоча той прычоску. Калі чалавек маўчыць – спрабуе разгаварыць. Калі трымае ў сабе боль – проста сядзіць побач, трымае за руку. І чалавек пачынае ажываць, бо нехта з ім загаварыў, звярнуў на яго ўвагу, дакрануўся душою.

«Часам даводзіцца імправізаваць, прысаджвацца на ложак, калі кліент не можа сядзець у крэсле. Кожны раз гэта патрабуе цярпення. Але ўсё гэта варта таго, каб у канцы ўбачыць, як чалавек глядзіць на сябе ў люстэрка і ўпершыню за доўгі час усміхаецца», – дзеліцца Юлія.

Юлія Гараднічук разам з жыхарамі пансіянату. Калаж з фота: julia_gorodnichuk / Instagram
Юлія Гараднічук разам з жыхарамі пансіянату. Калаж з фота: julia_gorodnichuk / Instagram

Але сапраўдны талент гэтай дзяўчыны нават не ў тым, што яна ўмее слухаць ці стрыгчы. У сваім цырульніцкім крэсле яна пачала здымаць відэа з кароткімі гісторыямі сваіх кліентаў, паказваць іх пераўвасабленні ў сацсетках – TikTok, Threads і Instagram.

«Гэта гісторыі, у якіх няма фільтраў і глянцу. Тут галоўнае – не зрабіць нейкую супермодную прычоску, а даць чалавеку адчуць, што ён усё яшчэ важны, што яго бачаць»
, – расказвае Юлія.


Баліць, бо блізка да сэрца


Паралельна з працаю дзяўчына размаўляла з мясцовымі жыхарамі пра жыццё: дзяцінства, сям'ю, мары, каханне, выпрабаванні, пачуцці…

«Вы памятаеце, як звалі вашую маму?»
– пытаецца яна на відэа ў адной сваёй кліенткі.

І жанчына, з сумам гледзячы ў акно, шэпча: «Не…» А крыху пазней ужо ўсміхаецца, бо Юля абяцае зрабіць ёй лёгкую прычоску і нанесці маску. Прыгожаю гэтая жанчына яшчэ ніколі сябе не адчувала.

Нейкім цудоўным чынам, адчуўшы, што пра іх хтосьці клапоціцца, жыхары пансіянату пачынаюць раскрывацца. Шмат хто з іх настолькі непасрэдны і шчыры, што калі слухаеш некаторыя дыялогі ці маналогі, слёзы самі пачынаюць сыпацца з вачэй. Бо ў словах людзей, якія мараць толькі пра тое, «каб Федзька зноў быў жывы», «ці хоць раз у жыцці яшчэ пабываць удома», няма ані кроплі хлусні – толькі шчырасць і нешта надзвычай балюча-кранальнае, бо блізка да сэрца.

Людзі пачалі глядзець гэтыя відэа як серыял пра жыццё ў пансіянаце, дзе ёсць не толькі стрыжкі, але і сапраўдныя пачуцці. З героямі, якіх пазнаюць і за якіх перажываюць.

Жанчына з пансіянату пасля стрыжкі і макіяжу ад Юліі. Калаж з фота: julia_gorodnichuk / Instagram
Жанчына з пансіянату пасля стрыжкі і макіяжу ад Юліі. Калаж з фота: julia_gorodnichuk / Instagram

Адна з жыхарак, да прыкладу, упершыню ў сваім жыцці пабывала ў кафэ. Проста таму, што Юля сабрала яе «ў людзі»: прычоска, трошкі макіяжу – і неймавернае, амаль дзіцячае шчасце ад простай вандроўкі.

Дзяўчыне
, якая заўсёды лічыла сябе «пацанкаю», Юля зрабіла кучары і наклала памаду. Яна паглядзела ў люстэрка і нібыта зірнула на сябе ўпершыню. «Гэта ж прынцэса Дыяна!» – сказалі іншыя жыхары. А каментатары ў інтэрнэце пацвердзілі.

Іншая жанчына, калі ёй упершыню зрабілі проста маску для твару, ціха прашаптала: «Я зноў жанчына…».

Але жыццё ў пансіянаце не толькі пяшчота і радасць. Бываюць і трывожныя моманты. Як той, калі Юля ўбачыла, што каля аднаго з мужчынаў спынілася дарагая машына. Кіроўца прапаноўваў «аддаць тэхніку» і нібы хацеў, каб чалавек сеў у салон. Юля апавядала, як моцна яе ўразіў гэты момант – сэрца сціснулася. У свеце, дзе людзі такія ўразлівыя, асабліва важна, каб побач быў нехта пільны і неабыякавы.


Даражэй за любую прычоску


Цяжка ўявіць, што проста фрагменты з жыцця цырульніцы ў пансіянаце могуць так крануць. Але калі бачыш, як жанчына ўсміхаецца, паглядзеўшы на сябе ў люстэрка, ці як стрыжанага дзядулю ўпершыню доўга трымаюць за руку, – нешта ўнутры пераварочваецца.

Гэта і адбылося з тымі, хто пачаў глядзець блог Юлі. Ейныя гісторыі – не пра «да і пасля» ў стылі тэлешоу, а больш пра клопат і чалавечнасць. У стужцы, дзе звычайна перамешаныя навіны пра рэпрэсіі, вайну і адчай, ейныя відэа – як святло ў цемры.

Юлія Гараднічук разам з жыхарамі пансіянату. Калаж з фота: julia_gorodnichuk / Instagram
Юлія Гараднічук разам з жыхарамі пансіянату. Калаж з фота: julia_gorodnichuk / Instagram

З часам на яе падпісаліся тысячы людзей. А потым у каментарах хтосьці спытаў: «Чым можна дапамагчы?».

І вось у пансіянат пачалі дасылаць машынкі для галення, касметычныя сродкі, маскі і крэмы: «Гэта для жанчын, зрабіце ім свята». Прысылаюць і ўпрыгожванні, каб Юля магла працягваць ствараць цуды пераўвасаблення. Вопратку – зусім не старую, а модную, якасную. Хтосьці атрымаў новы спартовы касцюм акурат на Дзень народзінаў і хадзіў у ім ну такі задаволены, што гэта трэба проста бачыць. Хтосьці атрымаў новыя шторы на вокны, і жыхары адразу заўважылі: «Як быццам вясна прыйшла». І не таму, што гэта шторы. А таму, што пра іх успомнілі.

Сацыяльныя сеткі ператварыліся ў месца, дзе людзі могуць рабіць дабро канкрэтным людзям. Дзе праз экран адчуваецца, што жыццё працягваецца. Нават у пакоях пансіянату, дзе цішыня часта мацнейшая за словы. І ўсё гэта здарылася таму, што адна дзяўчына сышла з мясакамбінату, навучылася стрыгчы і пайшла туды, куды не хацелі ісці іншыя.

Разам
з жыхарамі пансіянату Юля святкавала і Дзень закаханых – з паштоўкамі, усмешкамі, конкурсамі. І 8 сакавіка – з кветкамі, кампліментамі і прычоскамі, шчырымі прызнаннямі. А на 1 красавіка камусьці сказала: «А ў вас спіна белая!».І ўсе смяяліся так, як могуць толькі дзеці, ад усёй душы.

Кожны Юлін жэст – адказ на цішыню, у якой часта застаюцца людзі з уразлівых групаў. Кожная касметычная маска на твары – напамін: «Ты вартая». І гэта не менш важна, чым палітычны аналіз ці эканамічны графік. Бо жыццё яшчэ і вось такое: з зморшчкамі, цяжкасцямі, з напаўзабытымі імёнамі. Але калі побач ёсць хтосьці, хто глядзіць на цябе з пяшчотаю і кажа: «Ты прыгожая», – тады яно яшчэ дакладна не скончылася.

Надзея Вольная / belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10