Мастак Дэ Лёс разам з «Белсатам» сочыць за галоўнымі падзеямі, што вызначаюць нашае жыццё ці выклікаюць шырокі рэзананс у грамадстве. Паказваем карыкатуры на найважнейшыя навіны апошніх тыдняў.
Адна з галоўных падзеяў апошніх дзён – ператрусы ў агенцтвах нерухомасці па ўсёй краіне. Першыя як мінімум восем рэйдаў адбыліся 8 красавіка, 10 красавіка стала вядома пра рэйды як мінімум у двух іншых агенцтвах нерухомасці, 11 красавіка – пра яшчэ адзін. І гэта толькі тыя выпадкі, пра якія ведаюць нашыя суразмоўцы, таму насамрэч хваля ператрусаў можа быць маштабней.
Паводле інфармацыі крыніцаў «Белсату» былі затрыманні, у тым ліку кіраўнікоў. Крыніца «Белсату» распавяла, што вобшукі праходзілі не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах. Пры гэтым пад увагу сілавых структураў трапілі не буйныя кампаніі, а сярэднія ўдзельнікі рынку.
Што будзе ў былым СІЗА на Валадарцы?
У Пішчалаўскі замак у Менску, дзе яшчэ нядаўна было сумнавядомае СІЗА № 1, пасля рэканструкцыі плануюць удыхнуць новае жыццё.

Улады абяцаюць, што на тэрыторыі замку пасля рэканструкцыі з’явіцца шматфункцыянальны комплекс. Каля замку арганізуюць пляцоўку для масавых падзеяў – канцэртаў, гістарычных рэканструкцыяў. З’явіцца зона для шпацыраў і паркоўка. Магчыма, там з’явяцца каворкінг, выставачная галерэя, турыстычнае бюро ці іншыя офісы.
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях замку былі расстраляныя 36 беларускіх творцаў. З 1953 года Валадарка была адзінай установаю ў БССР, дзе выконваліся смяротныя прысуды.
Літва закрыецца ад уцекачоў?

Міністр унутраных справаў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч паведаміў пра рыхтаванне міграцыйнага пакету, у якім прадугледжаная магчымасць закрыць мяжу Літвы для просьбітаў прытулку, як гэта зрабілі Польшча і Фінляндыя.
Адзначым, што беларуска-літоўская мяжа застаецца адзінай магчымасцю патрапіць у краіны ЕЗ не толькі для нерэгулярных мігрантаў з краінаў Азіі, але і для беларусаў, якія па тых ці іншых прычынах вымушаныя пакінуць радзіму і не могуць разлічваць на легальнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы.
Ідэалогія сям'і Лукашэнкі

9 красавіка была апублікаваная дырэктыва №12 за подпісам Аляксандра Лукашэнкі пад назвай «Аб рэалізацыі асноваў ідэалогіі беларускай дзяржавы».
«Калі мы паглядзім – паўсюль ідзе гаворка пра тое, што галоўная каштоўнасць – гэта дзяржава. Ну і ў гэтым сэнсе, канешне, ідэалогія ў тым выглядзе, як яна пададзеная ў гэтай дырэктыве, сама за сябе кажа. А менавіта тое, што сям’я Лукашэнкі і яго атачэнне трымаюць уладу сёння ў Беларусі, і яны вось так бачаць свой свет і ўмовы ўтрымання ўлады. Яны захапілі дзяржаўныя інстытуты… і кажуць вельмі проста, шчыра: “Галоўнае – гэта прысягаць дзяржаўным інстытутам, маім, нашым дзяржаўным інстытутам”», – кажа ў размове з «Белсатам» акадэмічны дырэктар Інстытуту развіцця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Усходняй Еўропы Андрэй Лаўрухін.
Люты красавік

Надвор'е па ўсім свеце працягвае шакаваць. Толькі на гэтым тыдні беларусы бачылі снег, а на наступным сіноптыкі абяцаюць да 20 градусаў цяпла!
Што адбываецца з надвор'ем і як звычайны чалавек можа супрацьстаяць глабальнаму пацяпленню? На гэтыя пытанні адказваем тут.
Дэ Лёс belsat.eu