навіны

«Яны ж там згубілі спікерку гэтую». Мельнікава, Пачобут, мыты – што казаў Лукашэнка на суботніку

Аляксандр Лукашэнка на суботніку
Аляксандр Лукашэнка падчас рэспубліканскага суботніку, 12 красавіка 2025 года, Менск. Фота: Пул Первого / Telegram
podpis źródła zdjęcia

12 красавіка ў Беларусі прайшоў рэспубліканскі суботнік. У Менску ў ім традыцыйна прыняў удзел Аляксандр Лукашэнка – саджаў чырвоныя дубы (пра якія эколагі кажуць, што яны шкодзяць беларускай флоры). Пасля суботніку палітык зладзіў прэс-канферэнцыю, падчас якой закрануў беларускія і сусветныя пытанні.

«Нічога ў нас не вырасце»


Уведзеныя прэзідэнтам ЗША Доналдам Трампам мыты на цэны ў Беларусі ніяк не паўплываюць, заявіў Лукашэнка.


Пра ўвядзенне мытаў на тавары з літаральна ўсіх краінаў свету (за выняткам Расеі і Беларусі) Трамп заявіў 2 красавіка. 9 красавіка, што праўда, ён замарозіў мыты на 90 дзён, пакінуўшы іх толькі для Кітаю – памерам 145 %.


Лукашэнка перакананы, што беларусам няма чаго хвалявацца, бо Беларусь разам з Расеяй ужо перажывала «такія бар’еры і мыты, што далей няма куды».

,,

«Нічога ў нас не вырасце ў сувязі з гэтым. Цяжка будзе цяпер на амерыканскім рынку прадаваць прадукцыю. Па ўсім свеце будзе расцякацца гэтая прадукцыя. У тым ліку да нас», – сказаў кіраўнік Беларусі.


Наведнік прэзентацыі амерыканскіх мытаў фатаграфуе прэзідэнта ЗША Доналда Трампа на «iPhone». Цэны на новыя «iPhone» маюць вырасці праз гэтыя мыты. Вашынгтон, ЗША. 2 красавіка 2025 года. Фота: The White House / Flickr

Цэны ў Беларусі вырастуць ці ўпадуць ад мытаў Трампа? Што будзе з імпартам і экспартам

Аналітыка

Ці сапраўды не вырасце?


Экспертка цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна каментавала «Белсату», што ўскосны ўплыў на цэны ў Беларусі можа быць, бо Беларусь гандлюе не толькі з Расеяй, а і з іншымі краінамі, у якіх праз мыты перабудуюцца гандлёвыя ланцужкі.


Лузгіна прывяла прыклад: Беларусь гандлюе з Кітаем, супраць якога Трамп увёў вельмі высокія мыты.


Мыты негатыўна адаб’юцца на эканоміцы Кітаю, многія кампаніі сутыкнуцца з праблемамі збыту тавараў, што пастаўляліся на амерыканскі рынак. Гэта можа прывесці да запавольвання эканамічнага росту. А ў выніку – да зніжэнню попыту на беларускія тавары.


Што да Расеі, з якою Кітай таксама гандлюе, то там беларускі экспарцёр можа пацярпець праз рост канкурэнцыі з боку кітайскіх вытворцаў. Тыя, вядома ж, будуць зацікаўленыя ў расейскім рынку больш, чым у беларускім.


Дарадца Святланы Ціханоўскай у эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч выказваў думку, што новыя мытныя зборы ЗША могуць запусціць гандлёвую вайну глабальнага маштабу, якая закране ўсе краіны, а тое, што адбываецца цяпер (падзенне цэнаў для нафты «Brent» на 16 %), можа вельмі моцна паўплываць на Беларусь.

,,

«Для Беларусі гэта негатыўная інфармацыя, яна азначае скарачэнне даходаў ад перапрацоўвання расейскай нафты. А ў доўгай перспектыве, калі цана нафты застанецца на нізкім узроўні, гэта можа абмежаваць магчымасці Крамлю ў субсідаванні беларускай эканомікі», – казаў эканаміст.


Мыты Трампа могуць выклікаць спіраль мытаў і абмежаванняў па ўсім свеце. І Беларусь адчуе гэта праз зніжэнне экспарту ў краіны, пацярпелыя ад мытаў, а таксама праз зніжэнне цэнаў на экспартныя тавары, напрыклад, на ўгнаенні, прадукцыю машынабудавання, металургіі, дрэваапрацоўвання. Гэта ўсё можа яшчэ больш прывязаць Беларусь да Расеі, мяркуе Аляхновіч.


«Навошта забіваць курыцу, што нясе залатыя яйкі?»


Падчас суботніку Лукашэнка выказаўся таксама пра цяперашнюю сітуацыю з цэнамі ў Беларусі і заявіў, што было мудрай пастановай узяцца «за цэнаўтварэнне з мэтай выпрацаваць формулу справядлівай цаны».


«Нашыя вытворцы, асабліва разумныя бізнесоўцы, зразумелі, што працэс пад кантролем, сваволіць нельга – запытаюцца, а то і пасадзяць, шчыра кажучы», – сказаў Лукашэнка.


Пры гэтым кіраўнік дзяржавы зазначыў, што рэгуляваннем цэнаў не меў на мэце «загубіць бізнесоўцаў» – бо «навошта забіваць курыцу, што нясе залатыя яйкі?».


«Куды Украіна лезе?»


Не забыўся Лукашэнка пракаментаваць і міжнародныя тэмы, а менавіта – жаданне Украіны далучыцца да Еўразвязу.

,,

«Куды Украіна лезе? Гэта імгненнае захапленне недасведчанага чалавека. Добры чалавек Валодзя Зяленскі, але недасведчаны. Ён гэта мусіць прызнаць. Украіне ў Еўразвязе няма чаго рабіць», – сказаў Лукашэнка.


Палітык лічыць, што пасля ўваходу ў ЕЗ ва Украіне цалкам абрынецца эканоміка:


 «Перш чым туды бегчы, падумай, патрэбны ты там – ці не. Гэта будзе краіна без прамысловасці, без сельскай гаспадаркі, без таго, чым Украіна так ганарылася», – падкрэсліў ён.


«Пачобут сказаў: я туды не паеду»


Згадаў у сваім выступе Лукашэнка і гісторыю са знікненнем спікеркі Каардынацыйнае рады Анжалікі Мельнікавай, сувязь з якой знікла 25 сакавіка, і звязаў гэтую тэму з журналістам Анджэем Пачобутам.

,,

«Яны ж там згубілі спікерку гэтую. Знайсці не могуць! Знайсці не могуць. Дык знайдзіце хоць. У іх адно цяпер. Зразумела. Пачобут гэты – вечная праблема. І нейкая яшчэ тэма. "Каб размаўляць з намі, беларусы мусяць зрабіць гэта..." Я кажу: ды пашліце вы іх! Мы нікому нічога не мусім. Хочаце – сядайма размаўляць».


Са словаў Лукашэнкі, Беларусь у свой час хацела выдаць Польшчы Пачобута, але польскі бок адмовіўся.


«А Пачобут сказаў: "Я туды не паеду". У нас гэта ўсё запісана. І ўсе нас папракаюць, што мы прыгнятаем некага. Нікога мы не прыгнятаем. Месца ўсім стае», – сказаў палітык.


У рэспубліканскім суботніку 12 красавіка прынялі ўдзел 2 мільёны 400 тысяч беларусаў, заявіў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Сівак. Было сабрана каля 16,5 мільёнаў рублёў – на 2 мільёны больш, чым летась. Сродкі пойдуць на будоўлю Нацыянальнага гістарычнага музею.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10