Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп расчараваны тым, як Украіна і Расея паводзяцца ў перамовах наконт сканчэння вайны. Пра гэта на брыфінгу 11 красавіка заявіла прэс-сакратарка Белага Дому Кэралайн Лэвіт.
Аднак, са словаў Лэвіт, у адміністрацыі Трампа вераць, што маюць рычагі ўплыву ў перамовах пра мірнае пагадненне.
,,«Я думаю, што прэзідэнт дакладна даў зразумець, што ён стала расчараваны абодвума бакамі гэтага канфлікту, і ён хоча, каб гэтыя баявыя дзеянні скончыліся, ён хоча, каб вайна скончылася», – сказала прэс-сакратарка Белага дому.
Заява Кэралайн Лэвіт прагучала на фоне візіту адмысловага прадстаўніка Трампа Стывэна Ўіткафа ў Расею – 11 красавіка той правёў пяцігадзінныя перамовы з Уладзімірам Пуціным у Санкт-Пецярбургу.
Ўіткаф ужо некалькі разоў наведваў Расею і сустракаўся з Пуціным. Таксама ўжо прайшлі два раўнды перамоваў паміж Украінаю і ЗША ў Саудаўскай Аравіі і дзве сустрэчы дэлегацыяў ЗША і Расеі.
10 красавіка ў Стамбуле адбылася сустрэча, падчас якой ішла размова пра палягчэнне ўмоваў перамяшчэння і візавага афармлення дыпламатаў, а таксама пра банкаўскае абслугоўванне дыпламатычных місіяў. Абмяркоўвалася таксама вяртанне расейскай дыпламатычнай маёмасці ў ЗША і магчымасць аднаўлення наўпроставага авіязлучэння паміж Масквою і Вашынгтонам.
Першы раўнд перамоваў наконт працы амбасадаў адбываўся таксама ў Стамбуле 27 лютага. Месяцам пазней, 25 сакавіка, у Саудаўскай Аравіі адбыліся перамовы, на якіх абмяркоўвалася спыненне агню ў Чорным моры, але Расейская Федэрацыя выставіла шэраг новых патрабаванняў, разам з адменаю некаторых санкцыяў.
11 красавіка Трамп напісаў у Truth Social, што «Расея мусіць дзеяць, каб скончыць вайну».
Марыя Міхалевіч belsat.eu