Латвійскі Сейм у чацвер, 3 красавіка, канчаткова зацвердзіў папраўкі да Іміграцыйнага закону і закону «Аб дзяржаўнай мяжы». Заканадаўчыя змяненні закрануць і беларусаў.
Цяпер грамадзяне трэціх краінаў, якія не маюць выдадзенай у Латвіі візы ці дазволу на жыхарства, будуць абавязаныя за 48 гадзінаў да ўезду ў Латвію падаць мэту паездкі, меркаваны тэрмін знаходжання, месца пражывання, маршрут перасоўвання і кантактную інфармацыю. Акрамя таго, трэба будзе распавесці пра свой род дзейнасці, пра тое, ці не прэтэндаваў ахвочы ўехаць у Латвію некалі на выбарную пасаду, ці не ёсць цяпер ці быў раней дзяржаўным службоўцам, ці служыў у арміі, спецслужбах, памежнай ахове, мытні, органах унутраных справаў, юрыдычных ці замежных (у тым ліку дыпламатычных) ведамствах.
Папраўкі набудуць моц 1 верасня 2025 года. Яны не будуць датычыць асобаў з дыпламатычным імунітэтам і тых, хто здзяйсняе кароткатэрміновую паездку з мэтай выканання афіцыйных функцыяў ці забеспячэння тэхнічнай падтрымкі.
За непадачу і падачу непраўдзівай інфармацыі можа быць накладзены штраф да 2000 еўраў.
Акрамя таго, пропуск у памежную зону грамадзянам трэціх краінаў у веку ад 15 гадоў будзе выдавацца толькі пры згодзе Службы дзяржаўнай бяспекі Латвіі. Гэтая норма будзе дзеяць да канца 2027 года.
Папраўкі ў Сейм унесла парламенцкая Камісія ў справе нацыянальнай бяспекі, патлумачыўшы, што Расея і Беларусь не адмовяцца ад выкарыстання грамадзянаў «сяброўскіх ім краінаў для выведкі і іншых шкодных дзеянняў, накіраваных супраць Еўразвязу і краінаў – сябраў NATO».
Пад дзеянне новых законаў трапяць грамадзяне ўсіх краінаў, за выключэннем дзяржаваў – сябраў ЕЗ, NATO, Арганізацыі эканамічнай супрацы і развіцця (OECD), Еўрапейскай эканамічнай зоны, Швейцарыі і Бразіліі. У першую чаргу змяненні закрануць Расею, Беларусь і краіны СНД.
Пакуль няма дакладнай інфармацыі пра тое, як кантроль будзе ажыццяўляцца ў выпадках, калі грамадзяне Расеі ці Беларусі ўязджаюць у Латвію праз іншыя краіны Еўразвязу.
Дзяржаўныя службы Латвіі будуць не радзей за раз на год пераглядаць неабходнасць і мэтазгоднасць дадатковага правярання і пададуць справаздачу ў Сейм.
Напрыканцы сакавіка 2025 года Сейм Латвіі таксама падтрымаў у першым чытанні законапраект «Аб абмежаванні захадаў, якія пагражаюць нацыянальнай бяспецы», што прадугледжвае забарону на паездкі ў Расею і Беларусь для работнікаў дзяржаўнай сферы Латвіі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu