Аналітыкі кажуць, што долар страціць статус пераважнай валюты.
Долар ЗША ўпаў у пятніцу 4 красавіка да шасцімесячнага мінімуму ў дачыненні еўра, пры гэтым японская іена ўмацавалася да шасцімесячнага максімуму. Усё гэта наступствы адной пастановы – агрэсіўных новых тарыфных захадаў прэзідэнта Доналда Трампа, піша «Reuters».
Шок ад даражэйшых, чым чакалася, тарыфаў Трампа ўсё яшчэ адчуваўся на рынках праз содні пасля іх апублікавання. Адчувальныя да рызыкі аўстралійскія і новазеландскія долары таксама рэзка ўпалі.
Асноўны ўдар прыйшоўся на акцыі, прымусіўшы інвестараў пераходзіць да такіх бяспечных актываў, як аблігацыі і золата, праз боязь таго, што поўнамаштабная гандлёвая вайна можа справакаваць запавольванне сусветнай эканомікі і падштурхнуць інфляцыю.
Долар ужо апынуўся ў цяжкім становішчы сёлета пасля таго, як першапачатковая эйфарыя наконт палітычнай праграмы Трампа змянілася перасцярогамі, што ягоная засяроджанасць на гандлёвых бар'ерах можа прывесці да стагнацыі ці нават рэцэсіі ў ЗША.
Індэкс долара, які вымярае курс валюты ў дачыненні кошыка з шасці асноўных валютаў, у чацвер упаў на 1,9 %, што сталася найгоршым днём з лістапада 2022 года, і знізіўся яшчэ на 0,3 % за апошнюю сесію.
Долар аслабеў на 0,31 % да іены і да 0,71 % да швейцарскага франка, яшчэ аднаго традыцыйнага бяспечнага актыву, дасягнуўшы новага шасцімесячнага мінімуму. Еўра ў адказ вырасла на 0,33 %, да $ 1,1088, пасля падскоквання да $ 1,1147 у чацвер – гэта ўзровень, якога не было з 30 верасня.
«Нявызначанасць – гэта дэвіз 2025 года, і хоць цяпер у нас ёсць тарыфныя стаўкі і тэрміны, а Трамп і (міністр фінансаў Скот) Бэсэнт прадэманстравалі пэўную гатовасць да перамоваў, пытанняў да рынку толькі дадалося», – напісаў Крыс Ўэстан, кіраўнік аддзелу даследаванняў у «Pepperstone».
Падтрымліваючы гэтыя настроі, «Дойчэ-Банк» у чацвер папярэдзіў, што існуе рызыка крызісу даверу да долара ЗША, заявіўшы, што сурʼёзныя змены ў размеркаванні плыняў капіталу могуць паўплываць на асноўныя паказнікі валютнага курсу і справакаваць бязладныя ваганні валютных курсаў.
Нагадаем, Трамп заявіў, што ўвядзе 10-адсоткавы базавы тарыф на ўвесь імпарт у ЗША і павысіць мыты для некаторых найбуйнейшых гандлёвых партнёраў Амерыкі, у тым ліку стаўку 20 % для Еўрапейскага Звязу і стаўку 24 % для Японіі. Цяпер Кітаю давядзецца плаціць сукупныя мыты 64 %, калі ўлічыць таксама 10-адсоткавы тарыф, уведзены Трампам падчас ягонага першага прэзідэнцкага тэрміну.
І Кітай, і ЕЗ паабяцалі зрабіць у адказ свае крокі, што павысіла імавернасць яшчэ маштабнейшай гандлёвай вайны.
Тэса Анэйда belsat.eu