навіны

У Гомлі адмянілі праўладны флэшмоб – не пацягнулі кошту паслугаў міліцыі

Міліцыя
Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: cpkmvd.by
podpis źródła zdjęcia

Гомельская група чыноўнікаў і прыхільнікаў Лукашэнкі хацела правесці ў абласным цэнтры 24 красавіка аўтамабільны флэшмоб да 80-годдзя перамогі. Аднак 2 красавіка стала вядома, што акцыю адмяняюць «праз адсутнасць фінансавання» – кошт аховы правапарадку на час правядзення флэшмобу аказаўся непад’ёмным для арганізатараў, піша «Флагшток».

Флэшмоб мусіў адбыцца на пляцоўцы каля гомельскага лядовага палацу.


Паводле заканадаўства, арганізатары павінны заключыць з міліцыяй дамову на ахову правапарадку на час правядзення акцыі і ўнесці перадаплату. Аднак тарыф міліцыянтаў адбіў у ініцыятараў ахвоту праводзіць флэшмоб, зазначае выданне.


Як распавяла арганізатарка мерапрыемства Кацярына, за акцыю на 100 удзельнікаў МУС захацеў аж 150 базавых велічынь (1 базавая велічыня з 1 студзеня 2025 года раўняецца 42 рублям).

,,

«Правядзенне аўтафлэшмобу, запланаванага на 24.04.2025, адмяняецца ў сувязі з адсутнасцю фінансавання. І гэта не першакрасавіцкі жарт. 6300 рублёў за "ахову правапарадку" на мерапрыемстве – нерэальна выцягнуць», – паведаміла жанчына.


Як вынікае з паведамленняў у чаце, дзе арганізатары абмяркоўваюць флэшмоб, яны ўсё ж хочуць яго правесці, але ў іншым месцы гораду – неафіцыйна, без аплаты паслугаў міліцыі.


У жніўні 2022 года гэтая ж група праводзіла аўтафлэшмоб да Дня гораду. Планавалася скласці з аўтамабіляў лічбу 880 – узрост Гомлю, – аднак аўтаў хапіла толькі на лічбу 8.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10